Грамадства22

Паборы, плата за спатканні, новыя правілы адбыцця «хіміі». Што зменіцца для асуджаных у Беларусі

Улады падрыхтавалі законапраект аб зменах у заканадаўства па пытаннях выканання пакаранняў. Папраўкі прапануецца ўнесці ў Крымінальны, Крымінальна-працэсуальны і Крымінальна-выканаўчы кодэксы. Гэта істотна паўплывае на жыццё дзясяткаў тысяч беларусаў-асуджаных, у тым ліку палітвязняў, іх блізкіх і нават тых, хто нядаўна выйшаў на волю. «Люстэрка» паглядзела асноўныя змены, якія маюць намер прыняць.

Смяротнікі

Згодна з праектам, у Крымінальна-выканаўчы кодэкс павінны ўнесці папраўку ў артыкул 174 аб асаблівых правах і абавязках асуджаных на смяротнае пакаранне, якіх утрымліваюць у СІЗА.

Уводзіцца новае правіла: у адрозненне ад іншых вязняў у СІЗА, якія носяць уласныя рэчы, прысуджаныя да пакарання смерцю будуць абавязаныя насіць «вопратку спецыяльнага ўзору», якую вызначыць МУС.

Арышт

Крымінальнае пакаранне ў выглядзе арышту адбываюць у ІЧУ або арыштных дамах, яно не можа перавышаць тры месяцы. Паводле дзейнага заканадаўства, асуджаных павінны адпраўляць у арыштны дом, які знаходзіцца бліжэй за ўсё да іх месца жыхарства. Праект прапануе гэтае патрабаванне зняць — тады асуджаных змогуць трымаць хоць на іншым канцы краіны.

Але ёсць і станоўчае новаўвядзенне. Прысуджаным да арышту дазволяць адно кароткатэрміновае спатканне з блізкімі сваякамі. Яго можна будзе зладзіць у кароткі перыяд паміж заканчэннем суда і адпраўкай да месца адбыцця пакарання.

Калонія

Значныя змены прадугледжваюцца ў правілах знаходжання асуджаных у калоніях.

Колькасць рэчавых пасылак, якія могуць атрымліваць асуджаныя ў калоніях, праект прапануе павялічыць з 1 да 2 у год.

За спатканні з блізкімі прыйдзецца плаціць. У артыкул 23 Крымінальна-выканаўчага кодэкса дадаецца наступнае: «Асуджаныя і (або) грамадзяне, якія прыбылі да іх на спатканне, кампенсуюць выдаткі па пражыванні ў памяшканнях папраўчых устаноў, прызначаных для працяглых спатканняў, у памеры і парадку, вызначаных МУС па ўзгадненні з Міністэрствам фінансаў».

Кароткатэрміновае спатканне можна будзе замяніць на званок па відэасувязі працягласцю да 60 хвілін (звычайныя званкі не перавышаюць 15 хвілін).

Блізкія сваякі асуджаных змогуць замест пасылак купіць для іх на тую ж вагу прадукты і прадметы першай неабходнасці ў краме пры калоніі. З дазволу начальніка калоніі гэта змогуць зрабіць і тыя, хто блізкім сваяком не лічыцца.

Згодна з праектам, пры калоніях можна будзе ствараць новыя структурныя падраздзяленні — рэабілітацыйныя цэнтры для тых, хто мае залежнасць ад алкаголю і наркотыкаў, а таксама мае патрэбу ў комплекснай медыцынскай і сацыяльнай рэабілітацыі. Пры неабходнасці асуджаных будуць на час пераводзіць туды на лячэнне.

Асуджаных, якія працуюць у калоніі, пачнуць страхаваць ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў. На гэты момант зняволеныя падлягаюць толькі абавязковаму сацыяльнаму страхаванню. 

Жанчыны-асуджаныя, чые дзеці знаходзяцца ў доме маці і дзіцяці пры калоніі, пры жаданні могуць перавесціся на няпоўны працоўны дзень.

Змененыя крытэрыі, па якіх лічыцца, што асуджаны стаў на шлях выпраўлення. Ад гэтага статусу залежыць магчымасць датэрміновага вызвалення або замены неадбытай часткі пакарання больш мяккім. Цяпер будуць ацэньваць не толькі паводзіны зняволенага, адсутнасць парушэнняў, але і тое, як ён ставіцца да здзейсненага злачынства, ці прызнае віну, ці ліквідаваў наступствы злачынства. Акрамя таго, асуджаны павінен даць «гарантыі правапаслухмянага ладу жыцця пасля вызвалення».

Тэрміны ў ШІЗА

І ў калоніях, і ў папраўчых установах адкрытага тыпу зняволеных могуць адправіць у штрафны ізалятар, калі яны, на думку адміністрацыі, здзейснілі парушэнне. Гэта называецца «дысцыплінарная ізаляцыя».

На гэты момант адміністрацыя можа прызначыць такую ізаляцыю не больш чым на 10 сутак па адным спагнанні.

Згодна з праектам, гэты тэрмін будзе павялічаны да 15 сутак.

У рэчаіснасці многія палітвязні месяцамі знаходзяцца ў ШІЗА: адміністрацыя папросту залічвае ім усё новыя і новыя нібыта дапушчаныя парушэнні. Пасля прыняцця паправак зменіцца ў такіх выпадках адно: адміністрацыі радзей трэба будзе афармляць паперы на ШІЗА.

«Хімія»

Шмат навін тычацца папраўчых устаноў адкрытага тыпу (ПУАТ) — так званай хіміі, дзе адбываюць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі.

Харчаванне

Адміністрацыя павінна будзе забяспечваць наборам прадуктаў тых асуджаных, у каго няма сваіх грошай, каб купіць сабе ежу. Кошт у іх потым аднімуць з заробку. За свае грошы асуджаныя на хіміі харчуюцца і гатуюць сабе самі. Бывае, чалавеку доўга не могуць знайсці працу, грошай у яго няма, і ён вымушаны галадаць — пра такія выпадкі расказвалі палітвязні.

Паборы

Згодна з праектам, адміністрацыя ПУАТ атрымае права бязвыплатна браць з асуджаных і «іншых фізічных асоб» (напрыклад, сваякоў) грошы і маёмасць для «паляпшэння жыллёва-побытавых умоў асуджаных і аказання ім матэрыяльнай дапамогі». Прасцей кажучы, гэтая папраўка ўзаконіць паборы з асуджаных «на рамонт». Раней праваабаронцы паведамлялі, што такое ўжо адбываецца ў некаторых калоніях: з асуджаных патрабуюць, каб яны прасілі сваякоў пераводзіць на рахунак калоніі ахвяраванні.

Гурткі і клубы

У выпадку прыняцця праекта на «хіміі» дазволяць самадзейнасць асуджаных. Пакуль што асуджаным можна ствараць арганізацыі самадзейнасці толькі ў калоніях.

Праца

Усе, хто знаходзіцца на «хіміі», абавязаныя працаваць — іх працаўладкоўваюць або прапануюць шукаць працу самім. На цяперашні момант працадаўца фактычна ніяк не можа звольніць такіх супрацоўнікаў — толькі калі чалавек не можа працаваць па здароўі. Але праект уводзіць падставы для звальнення: прагул без паважных прычын (дастаткова адсутнасці больш за тры гадзіны) і з'яўленне на працы ў стане ап'янення або ўжыванне на працоўным месцы.

Пры гэтым усе арганізацыі і ІП, якія ўзялі на працу або вучобу «хімікаў», павінны будуць штомесяц даваць справаздачу за іх у крымінальна-выканаўчую інспекцыю: паведамляць, як яны працуюць і выконваюць дысцыпліну, перадаваць табель працоўнага часу і звесткі пра наведванне заняткаў, а таксама апавяшчаць пра заахвочванні і спагнанні, пра перавод на працу і звальненне ў трохдзённы тэрмін.

Што важна, абодва гэтыя новаўвядзенні тычацца не толькі тых, хто адбывае абмежаванне волі ў ПУАТ, але і тых, хто на «хатняй хіміі».

Вызваленне

Паводле дзейнага заканадаўства, калі асуджаны падчас «хіміі» атрымаў інваліднасць І ці ІІ групы, адміністрацыя павінна даслаць у суд паперы на яго датэрміновае вызваленне. Тое ж тычыцца цяжарных з моманту наступлення адпачынку па цяжарнасці і родах.

Праект прадугледжвае змяненне гэтых працэдур. Такіх асуджаных не абавязкова будуць вызваляць — могуць і перавесці на «хатнюю хімію».

Аднак гэтае правіла будзе распаўсюджвацца на інвалідаў не толькі І і ІІ, але і ІІІ групы. А цяжарным не абавязкова трэба будзе чакаць пачатку адпачынку — іх змогуць вызваліць або перавесці і раней.

Крама ў жаночай калоніі. Фота: Tut.by

Умоўна-датэрміновае вызваленне

Уводзіцца магчымасць умоўна-датэрміновага вызвалення не толькі ад пазбаўлення або абмежавання волі, але і ад такога віду пакарання, як пазбаўленне права займацца пэўнай дзейнасцю і займаць пэўныя пасады.

У выпадку ўмоўна-датэрміновага вызвалення чалавека могуць абавязаць адзначацца ў міліцыі, уладкавацца на працу, не пакідаць дом у пэўны час і не хадзіць у пэўныя месцы, не мяняць месца жыхарства і не выязджаць надоўга з горада без згоды міліцыі.

Калі раней усе гэтыя абмежаванні можна было накласці толькі на тых, хто быў асуджаны на пазбаўленне волі, то пасля прыняцця праекта — і на тых, каго ўмоўна-датэрмінова вызвалілі ад любых іншых пакаранняў: абмежаванні свабоды, права займаць пэўныя пасады і гэтак далей.

Прэвентыўны нагляд

Прэвентыўны нагляд можа быць арганізаваны над тымі, хто выйшаў з калоній — для «прафілактычнага ўздзеяння». На цяперашні момант паднаглядны абавязаны стаць на ўлік у міліцыі і адзначацца там рэгулярна — 1-4 разы на месяц. Таксама ён павінен апавяшчаць міліцыю аб змене месца жыхарства.

Згодна з праектам, цяпер такое апавяшчэнне трэба будзе падаваць пісьмова і абавязкова не пазней за дзень пераезду.

Таксама паднагляднаму могуць забараніць выходзіць з дому ў пэўны час, наведваць пэўныя месцы, выязджаць за межы горада без згоды міліцыі, пакідаць краіну.

Згодна з праектам, да гэтага пераліку дадасца яшчэ адзін пункт — «працаваць па працоўным дагаворы (навучацца) або ажыццяўляць іншы від дзейнасці, прадугледжаны заканадаўствам аб занятасці насельніцтва». Такое патрабаванне суд не можа вызначыць толькі пенсіянерам, інвалідам I і II групы, беспрацоўным з сухотамі, цяжарным і бацькам, якія даглядаюць дзіця да 3 гадоў, дзіця-інваліда або дзіця з ВІЧ/СНІД.

Усе астатнія, каго на прэвентыўным наглядзе абавяжуць працаваць, маюць права самі ўладкавацца на працу на працягу 15 дзён. Інакш іх скіруюць у цэнтр занятасці, і адмовіцца ад прапанаванай там працы будзе нельга. Паднаглядныя будуць абавязаныя апавяшчаць крымінальна-выканаўчую інспекцыю (КВІ) пра паступленне на працу або вучобу і звальненне (адлічэнне), змену месца працы (вучобы) пісьмова ў трохдзённы тэрмін.

У сваю чаргу, дадаюцца праблемы і для тых, хто возьме паднаглядных на працу або вучобу. Арганізацыі, прадпрыемствы і нават ІП павінны будуць па першым патрабаванні даць у інспекцыю справаздачу аб тым, як чалавек працуе, ці выконвае дысцыпліну, падаць табель яго працоўнага часу або наведвання заняткаў. Таксама трэба будзе паведаміць інспекцыю пра звальненне або перавод паднагляднага на іншую працу на працягу трох дзён.

Такім чынам, правілы прэвентыўнага нагляду становяцца больш жорсткімі. Адсутнасць працы, не адпраўленае своечасова апавяшчэнне — усё гэта будзе парушэннем правілаў нагляду.

А за парушэнне прадугледжваецца спачатку адміністрацыйная (на першыя два разы), а потым і крымінальная адказнасць — арышт або да года пазбаўлення волі. А за ўхіленне ад нагляду — да двух гадоў калоніі.

Прэвентыўны нагляд абавязкова прызначаюць, напрыклад, асабліва небяспечным рэцыдывістам і тым, хто здзейсніў злачынства ў арганізаванай групе. Прыпісаць нагляд могуць і тым, каго судзілі за цяжкае (з санкцыяй артыкула да 12 гадоў пазбаўлення волі) або асабліва цяжкае злачынства. Тэрмін нагляду можа быць ад паўгода і да канца тэрміну судзімасці — а гэта ад 2 да 8 гадоў у залежнасці ад цяжару злачынства.

Трапляюць пад прэвентыўны нагляд і некаторыя былыя палітвязні. І гэта пагражае ім новым зняволеннем.

Дапамога псіхолага

Праект прадугледжвае павелічэнне даступнасці псіхалагічнай дапамогі для асуджаных. Цяпер яна ёсць (хоць бы фармальна) толькі ў калоніях. А згодна з папраўкамі, псіхалагічная дапамога будзе надавацца асуджаным па іх жаданні і ў выпадку іншых відаў пакарання — абмежавання свабоды, папраўчых і грамадскіх работ, пазбаўлення права займаць пэўныя пасады і іншых. Акрамя таго, дапамогу псіхолага змогуць атрымаць і тыя, каму далі адтэрміноўку ад выканання пакарання.

Пры гэтым у калоніях псіхалагічную дапамогу можна будзе запытаць не толькі для адаптацыі, пераадолення канфліктаў і «адмоўных установак асобы», але і для падрыхтоўкі да вызвалення.

Каментары2

  • mikola
    15.06.2023
    Dlja czago robjac *paprauki* ? Zbiraiuca jasce 100 god Kiravac i Zdekvacca nad Narodam ! Dobra    zadumka !
  • Боб
    15.06.2023
    В лукашенковском концлагере небольшие "демократические" улучшения...

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу1

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу

Усе навіны →
Усе навіны

Аляксей Дзікавіцкі расказаў, дзе будзе цяпер працаваць8

Даляр апусціўся за адзнаку 3,5 рубля3

У жонкі беларускага тэнісіста ў Пецярбургу сцягнулі залаты ланцужок4

Як у школьныя электронныя дзённікі трапіла рэклама піва? З'явілася тлумачэнне3

Манашак Свята-Елісавецінскага манастыра прагналі яшчэ з аднаго кірмаша ў Польшчы21

У Варшаве пачынаецца суд па справе згвалтавання і забойства беларускі Лізы2

У Брытаніі ідзе суд над балгарамі, якіх падазраюць у шпіянажы на карысць Расіі

Мінздароўя ўстанавіла нормы прыёму пацыентаў

«Было адчуванне, што людзі ўжо не хочуць вайны». Аляксей Ластоўскі аб наведванні Сірыі і рэжыме Асада як меншым зле15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу1

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу

Галоўнае
Усе навіны →