Новы віток канфлікту ў «Байполе»: заявілі, што Азараў там ніхто і яго выключылі
Працягваецца публічнае высвятленне адносін паміж былымі сілавікамі, аб'яднанымі ў арганізацыі «Байпол». Мацвей Купрэйчык, якога кіраўнік арганізацыі Аляксандр Азараў сёння абвінаваціў у выкраданні доступу да ютуб-канала і акаўнтаў у сацыяльных сетках «Байпола», апублікаваў сваю версію таго, што адбываецца.
Мяркуючы па тым, што сам Азараў казаў пра перахоп Купрэйчыкам кантролю над тэлеграм-каналам «Байпола», апублікаваны ў ім пост можна расцэньваць як версію падзей вачыма гэтага чалавека і звязанай з ім, карыстаючыся тэрміналогіяй Азарава, «групы асоб». Наколькі яна шматлікая, на падставе наяўнай інфармацыі казаць складана. Азараў казаў, што звольнілі тых, хто адмовіўся праходзіць паліграф.
Купрэйчык пацвердзіў раскол у «Байполе», але з ягонай званіцы сітуацыя выглядае інакш.
Так, сцвярджаецца, што Аляксандр Азараў, маўляў, не ёсць і ніколі не быў заснавальнікам ці кіраўніком аб'яднання «Байпол», створанага 20 кастрычніка 2020 года. Ён нібыта толькі кіраўнік фонду «Байпол», створанага 26 мая 2021 года як тэхнічны элемент функцыянавання аб'яднання, і функцыі Азарава толькі фармальныя.
Адмаўляецца таксама тое, што «Байпол» вылучаў кандыдатуру Азарава ў якасці прадстаўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі: маўляў, акрамя самога Азарава, нікога з «Байпола» там няма.
Супрацоўнікі «Байпола» цяпер нібыта праводзяць унутранае разбіральніцтва «ў дачыненні да правамернасці і мэтазгоднасці шэрагу фінансавых аперацый вышэйпаказанага фонду», у той час як Азараў і яшчэ адзін з яго заснавальнікаў Станіслаў Лупаносаў нібыта адмаўляюцца даваць фінансавую справаздачнасць.
Больш за тое, нібыта Азараў ужо 4 дні «хаваецца ад калектыву, не з'яўляецца ў офісе, спрабуе рассылаць у медыя недакладную інфармацыю ў дачыненні да супрацоўнікаў «Байпола». А калегі ягоныя, маўляў, доўга цярпелі і чакалі ад яго канструктыву, але
«ў сувязі з працягам Азаравым і Лупаносавым дэструктыўнай дзейнасці, выяўленымі парушэннямі з іх боку патрабаванняў бяспекі, 07.06.2023 калектывам Аб'яднання сілавікоў Беларусі BYPOL прынятае рашэнне аб выключэнні названых асоб са складу гэтай грамадскай арганізацыі».
Каментары
Ах вы ж мае былыя міліцыянты, жэўжыкі гарэзьлівыя
Азарау спляшы))