Дэпутат фракцыі «Адзіная Расія» заявіў, што некаторыя з мэт «спецаперацыі» ва Украіне страцілі сэнс. І наклікаў на сябе праблемы
Цяпер Канстанціна Затуліна могуць пазбавіць пасады першага намесніка кіраўніка камітэта Дзярждумы.
У «Адзінай Расіі» пачалі кансультацыі з прычыны публічных выказванняў чальца фракцыі, першага намесніка старшыні камітэта Дзярждумы па справах СНД Канстанціна Затуліна. Пра гэта «Ведомостям» сказалі дзве крыніцы ў партыі і суразмовец, блізкі да Адміністрацыі прэзідэнта. Па словах апошняга, пакуль рана казаць пра тое, якія менавіта меры будуць прынятыя.
1 чэрвеня Затулін, выступаючы на форуме пад назвай «Якая Украіна нам патрэбная?», сказаў, што цяпер Расія знаходзіцца ў складанай сітуацыі, калі патрабуецца «перавод не толькі прамысловасці, але і жыцця на ваенныя рэйкі».
«Якія ў нас былі мэты, афіцыйна заяўленыя ў пачатку ваеннай аперацыі? Вы ўсё памятаеце — дэнацыфікацыя, дэмілітарызацыя, нейтралітэт Украіны і абарона жыхароў Данецкай і Луганскай народных рэспублік, якія ўвесь гэты час пакутавалі. Па якім з гэтых пунктаў мы дасягнулі вынікаў на сённяшні дзень?» — па-філасофску задаўся пытаннем Затулін. Былі ў яго выступе і іншыя падобныя выказванні.
Затулін сказаў «Ведомостям», што з ім ніхто з кіраўніцтва фракцыі не звязваўся з нагоды яго выступаў на форуме. «За што я магу страціць пасаду ў камітэце або быць выключаным з фракцыі? Мне нічога кіраўніцтва фракцыі не казала», — запэўніў ён.
Пры гэтым у сваім тэлеграм-канале Затулін напісаў: «Паважаныя каментатары падыходзяць да майго тэксту [на форуме], як да шведскага стала: выдзіраюць з кантэксту адно і забываюцца або зацямняюць іншае».
«Я казаў, што на гэты момант мэты ваеннай спецаперацыі <…> не дасягнуты. Навошта? Каб дасягнуць гэтых мэт, трэба зрабіць наступнае. Я, па-мойму, ясна выказаў думку, што дзеля гэтага ўсе мы, хто знаходзіцца ў адной лодцы, павінны прыкласці максімум намаганняў», — напісаў дэпутат.
Нагадаем, што 14 мая Канстанцін Затулін спрабаваў патлумачыць праблемы са здароўем у Аляксандра Лукашэнкі. Ён заявіў, што ў хваробе кіраўніка Беларусі «нічога незвычайнага няма» і Лукашэнка проста мае патрэбу ў адпачынку.
«Там нічога такога незвычайнага няма, гэта не кавід. Проста чалавек захварэў. Нягледзячы на тое, што чалавек захварэў, палічыў сваім абавязкам прыехаць у Маскву [9 мая], а потым увечары таго ж дня праводзіў мерапрыемствы ў Мінску. Напэўна, мае патрэбу ў адпачынку — вось і ўсё», — казаў дэпутат у сярэдзіне мая.
Каментары