У Драгічыне «за палітыку» звольнілі журналіста раёнкі. А працы ў горадзе не знайсці
Андрэй Расафонаў працаваў у раённай газеце «Драгічынскі веснік». На сайце выдання можна знайсці яго артыкулы ад 2015 года і да 2 снежня 2022-га. І вось ужо пяць месяцаў раёнка не публікуе матэрыялы карэспандэнта, піша брэсцкая «Вясна».
Расафонава звольнілі праз суд па арт.19.11 КоАП (распаўсюджванне, захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў). «Правапарушэнне» знайшлі, калі журналіста выклікалі ў мясцовы ваенкамат для зверкі звестак.
Падчас знаходжання яго ў ваенкамаце ў кабінет зайшоў супрацоўнік КДБ і запатрабаваў у Расафонава тэлефон. Праглядзеўшы прыладу, адразу затрымаў журналіста і адвёз у Драгічынскі РАУС. Там Расафонаў быў змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання на трое сутак да суда. Па рашэнні суда Драгічынскага раёна, Андрэй Расафонаў быў пакараны штрафам у 10 базавых велічынь (370 рублёў) з канфіскацыяй тэлефона.
Пасля гэтага Андрэй Расафонаў быў звольнены з раёнкі «па згодзе бакоў». Яго ўзялі адміністратарам у краму «Востраў чысціні», але ж папрацаваць там атрымалася нядоўга: пасля званка з адпаведнай установы ён быў зноў звольнены. А ў невялікім гарадку працу цяжка знайсці.
Па пэўных звестках, выйшлі на журналіста праз тое, што ён у 2020 годзе падпісаўся за вылучэнне Ціханоўскай і Бабарыкі ў кандыдаты ў прэзідэнты.
Каментары