У Брэсце 20 красавіка прэзентавалі турыстычны брэнд горада, паведамляе БелТА.
Лагатып, які перамог у конкурсе, намаляваны ў выглядзе стракатай стралы з лукам, якія сімвалізуюць герб горада. Кожны колер адлюстроўвае пэўныя аспекты, звязаныя з жыццём Брэста, — яго знакамітыя ліхтары, памежныя слупы, рэкі, масты, лясы.
Слоганам турыстычнага брэнда выбрана беларускае слова «натхняе». І яго прапануюць не перакладаць для версій на іншых мовах. На рускай мове яно застаецца напісаным кірыліцай, на англійскай — транслітарацыяй.
«Стварэнне турыстычных брэндаў — сусветная тэндэнцыя. Ён павінен быць вядомы турыстам.
Пры позірку на яго ў людзей павінна ўзнікаць асацыяцыя з Брэстам. Гэта не проста слова, а ў нейкай ступені твор мастацтва, з якім людзі захочуць сфатаграфавацца, набыць прадукцыю з яго выявай», — адзначыла начальніца аддзела спорту і турызму Брэсцкага гарвыканкама Алеся Акруг.
Прапанаваны дызайнерамі турыстычны брэнд плануюць размяшчаць на банерах, футболках, паліграфічнай і сувенірнай прадукцыі.
«Спектр шырокі. Прадукцыю з выявай нашага турыстычнага брэнда будзем прэзентаваць на выставах у Беларусі і за мяжой, размяшчаць на білбордах. Паступіла прапанова ад турыстычнай фірмы забрэндзіраваць турыстычны аўтобус», — дадала Алеся Акруг.
Яна таксама звярнула ўвагу, што гэта менавіта турыстычны брэнд Брэста.
Каментары