Птушкі нярэдка сутыкаюцца з шыбамі, асабліва падчас міграцый. Як ім памагчы ўратавацца?
Тэлеграм-канал «Дзікая прырода побач» дае парады людзям наконт таго, якім чынам можна дапамагчы птушкам пазбегнуць гібелі.
Можна павесіць звонку шнуры (лепш браць парашутны шнур) на адлегласці 10 см адзін ад другога. Гэта не псуе віду з акна, але затое адпужвае птушак ад шкла.
Можна наклеіць звонку на шкло белыя налепкі-кропкі па так званым «правіле далоні»:
- па вертыкалі інтэрвал ад кропкі да кропкі павінен быць не большы за 5 см;
- па гарызанталі паміж кропкамі павінна быць не больш за 10 см.
Калі на акне ёсць маскітная сетка — вельмі добра! Яна таксама дапамагае птушцы заўважыць шыбу.
Калі птушка ўсё ж наляцела на шыбу і ляжыць нерухома, можа быць, яна толькі аглушаная. Варта пакласці такую птушку ў цёмную скрынку на гадзіну, і калі яна ачуняе — выпусціць на волю. Карміць ці паіць яе не трэба.
Каментары