Японская паліцыя арыштавала двух мужчын, якія размясцілі ў сацыяльных сетках відэа, на якім адзін з іх есць марынаваны імбір палачкамі проста з агульнага кантэйнера ў вядомай сетцы рэстаранаў Yoshinoya. Відэа, у якіх карыстальнікі парушаюць гігіену кавярань, — далёка не першае. Такія паводзіны вядомыя ў Японіі як «сушы-тэрарызм».
Паліцыя прэфектуры Осакі ў сераду паведаміла, што Ру Сімадзу і Тасіхідэ Ока былі арыштаваныя па падазрэнні ў перашкодзе вядзенню бізнэсу, а таксама ў знішчэнні і забруджванні маёмасці.
На відэа, якое зняў Ока і апублікаваў у сацыяльных сетках, відаць, як Сімадзу трымае кантэйнер з імбірам каля самага рота і палачкамі зграбае ў рот марынаваны імбір. Гэтым ён парушае правілы рэстарацыі, бо кліенты павінны выкарыстоўваць не ўласны, а прапанаваны посуд, каб дадаць імбір у страву.
Сімадзу сказаў паліцыі, што хацеў рассмяшыць людзей. Ока сказаў, што заклікаў Сімадзу зрабіць штосьці смешнае, і потым падзяліўся відэа, бо яно было забаўнае і ён хацеў, каб людзі яго ўбачылі, паведаміла паліцыя. Абодва мужчыны сказалі, што яны нічога не маюць супраць рэстарана.
Паліцыя арыштавала 35-гадовага Сімадзу ў сакавіку і 34-гадовага Ока на гэтым тыдні. Абодва прызналі выстаўленыя супраць іх абвінавачанні.
Калі мужчын прызнаюць вінаватымі ў перашкодзе вядзенню бізнэсу, то ім можа пагражаць да трох гадоў турэмнага зняволення і штраф памерам да 500 000 іен (3800 даляраў ЗША), а за знішчэнне маёмасці — да трох гадоў турмы і штраф памерам да 300 000 іен (2280 даляраў ЗША).
Такія арышты адбываюцца ў Японіі па меры таго, як падобныя дзеянні, звязаныя з ежай, якія ў сеціве называюць #sushitero або #sushiterrorism, становяцца ўсё больш звыклай з’явай. Ранейшыя розыгрышы датычылі такіх рэстарацый, як Kura Sushi, Sushiro і Hamazushi, прадстаўнікі якіх напісалі заявы ў паліцыю.
Напрыклад, у відэа пра кулінарнае злачынства, якое было прагледжана ў твітары амаль 40 мільёнаў разоў, паказана, як падлетак аблізвае накрыўку супольнай бутэлькі соевага соусу і ўвесь край кубка, якія потым зноў ставіць на паліцу.
«Я ведаю, што людзі з-за мяжы з нецярпеннем чакаюць магчымасці пакаштаваць тут сушы, таму, як японцы, мне сорамна за такія дзеянні», — сказала Бі-бі-сі японка Юкары Танака.
Іншыя кажуць, што яны «крыху напалоханыя» гэтай тэндэнцыяй, прызнаўшы, што менш ахвотна ходзяць у рэстараны.
Пры гэтым агульнавядома, што Японія славіцца сваімі строгімі стандартамі чысціні і этыкету.
Чытайце яшчэ:
Ніколі не рабіце гэтага ў гасцях
Пра што не раскажа сцюардэса: што варта ведаць пра гігіену і ежу ў самалёце
«Шыкоўным дамам — шыкоўныя сушы». У Мінску дзейнічае прэміум-дастаўка ролаў. Як гэта працуе
-
Мужчына ў Кітаі застрахаваў жонку на вялікую суму і забіў яе, каб атрымаць кампенсацыю і разлічыцца з прастытуткамі
-
Дзе ў Еўропе навагоднія елкі прэтэндуюць на званне самай высокай?
-
Канал «Россия» расказаў, як сямейная пара расейцаў з тату на твары пакутуе ў Польшчы. А гэта беларусы, і ў іх усё добра
Каментары