Лукашэнка казаў пра «самыя высокія тэхналогіі» для атакі ў Мачулішчах. А што паказала БТ?
Атака на самалёт у Мачулішчах. Колькі магла каштаваць тэхніка для яе? Учарашні фільм АТН дазваляе палічыць.
Вось дакладная цытата Лукашэнкі з нарады ад 7 сакавіка:
«СБУ, кіраўніцтва ЦРУ ці то збоку, ці то за спінай, распрацоўваюць аперацыю супраць Рэспублікі Беларусь… Ён [Мікалай Швец] быў завербаваны спецслужбай Украіны ў 2014 годзе. Айцішнік або добра разбіраецца ў IT-тэхналогіях.
Тое, што мы ўбачылі, рэалізуючы аперацыю ў Беларусі, — гэта сапраўды было нешта неймавернае. Былі задзейнічаны самыя высокія тэхналогіі. Ён быў навучаны ўсяму гэтаму не за адзін месяц. Пасля падрыхтоўкі ён быў маршрутаваны (так гавораць у КДБ?) на нашу тэрыторыю».
Чым жа карыстаўся Швец і як выглядала яго супертэхніка?
На відэа БТ дэманструецца ягоны «мегаінструмент» — ён на скрыншоце.
Лукашэнка, а за ім і прапагандысты (да прыкладу, Юрый Церах, аўтар канала «Людажоры») пачалі распавядаць, што былі зайдзейнічаны неймаверныя тэхналогіі, і вось гэта, маўляў, рука заходніх спецслужбаў.
Але тое, што паказалі ў фільме БТ, цалкам абвяргае гэтую версію. Для разведкі выкарыстоўваўся звычайны камерцыйны дрон DJI Phantom II, які ў Еўрасаюзе (а па версіі прапаганды менавіта адтуль паступілі дроны) можна набыць з рук за 250—400 еўра ў залежнасці ад стану. Яны ўжо не выпускаюцца, таму толькі з рук. Акрамя таго, дрон на відэа яўна «біты» — на ім не арыгінальны корпус і ён мае сляды саматужнага рамонту.
Далей гаворка пра гатовыя FPV-дроны DJI FPV Combo. Іх цана ў Еўропе, калі браць новыя, — ад 1000 еўра, а калі браць з рук, то ад 700—800 еўра з улікам падаткаў. У Беларусі яны ўдвая даражэйшыя.
Далей гаворка ідзе пра рэтранслятар для FPV-дрона. Калі паглядзець гайды ў інтэрнэце, то ён будзе каштаваць ад 50 да 200 еўра ў залежнасці ад «зборкі». У фільме паказваюць тое, што «прадаюць» як рэтранслятар, — ён выглядае зусім недарагім і зроблены быў відавочна саматужна.
Агулам, па нашых падліках, цана тэхнікі для атакі склала ад дзвюх да трох тысяч еўра разам з дробнымі «расходнікамі». Такім чынам, сцвярджэнні дзяржпрапаганды не маюць пад сабой аніякага грунту.
Хутчэй за ўсё, гэта яшчэ адна спроба Лукашэнкі апраўдацца перад Расіяй за правал з самалётам, маўляў, тут усё сышлося: і ЦРУ з СБУ, і «найноўшыя тэхналогіі», і «калектыўны Захад», і «больш за 20 чалавек».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЧытайце яшчэ:
Ці затрымалі тых беларусаў, хто вывеў з ладу самалёт у Мачулішчах? Нікога не паказалі
Украінцы паказалі начынку іранскага беспілотніка. Выявілася, што ў ім стаіць заходняя электроніка
Каментары