Вайна беспілотнікаў ва Украіне залежыць ад прыватнай кітайскай кампаніі
Аб ролі ў вайне ва Украіне танных, але ашаламляльна эфектыўных маленькіх беспілотнікаў, якія можна набыць у крамах электронікі або сабраць самому, на старонках Foreign Policy разважае эксперт па беспілотных лятальных апаратах, тэхналогіях гуманітарнай дапамогі, дыстанцыйнага зандзіравання, прасторавых даных, палітыкі і этыкі даных Фэйн Грынвуд (Faine Greenwood).
З пачаткам вайны Фэйн Грынвуд стварыў агульнадаступную базу даных, куды ўносіў інфармацыю з разнастайных крыніц, звязаную з выкарыстаннем беспілотнікаў. На пачатак лютага 2023 года ў ёй было амаль 900 прыкладаў. Іх аналіз дазволіў аўтару зрабіць некаторыя абагульненні.
Самымі папулярнымі дронамі, якія выкарыстоўваюцца ў вайне ва Украіне, з'яўляюцца беспілотнікі кітайскай кампаніі DJI. На іх прыпадае 59 % усіх выпадкаў. Яны надзвычай даступныя, простыя ў выкарыстанні, прыдатныя для розных мэт (ад картаграфавання будаўніцтва да кінавытворчасці). Найбольш папулярная мадэль — Mavic. Менавіта яе ў жніўні 2022 года былы начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Расійскай Федэрацыі Юрый Брылеўскі назваў «сапраўдным сімвалам сучаснай вайны».
Далейшае выкарыстанне беспілотнікаў DJI можа быць абмежавана самім вытворцам дыстанцыйна, як гэта было зроблена ў 2017 годзе. Тады кампанія распрацавала абнаўленне праграмнага забеспячэння, у якім былі акрэслены беспалётныя зоны. Пакуль жа кампанія адмаўляецца ад гэтага кроку ў вайне ва Украіне.
Пры гэтым яна з красавіка 2022 года афіцыйна не прадае сваю прадукцыю ні Украіне, ні Расіі. У той жа час беспілотнікі можа набыць любая цывільная асоба. Яны прадаюцца як спажывецкая невайсковая прадукцыя, што значна палягчае іх транспартаванне праз дзяржаўныя межы.
Акрамя прадукцыі DJI, абодва бакі выкарыстоўваюць яе падробкі, што прадаюцца праз такія платформы, як AliExpress, прадукцыю кампаніі Autel, а таксама аматарскія мадэлі (напрыклад, сабраныя валанцёрамі «Аэраразведкі»). Нягледзячы на тое, што шэраг невялікіх амерыканскіх і еўрапейскіх кампаній, якія займаюцца беспілотнымі лятальнымі апаратамі, у пачатку вайны зрабіў шырока разрэкламаваныя ахвяраванні ўласных дронаў Украіне, эксперт не знайшоў ніводнага доказу ў адкрытых крыніцах іх рэальнага выкарыстання.
Сродкі на набыццё беспілотнікаў збіраюцца праз розныя платформы. У ліпені 2022-га ўкраінскія чыноўнікі распачалі супрацоўніцтва з платформай па зборы сродкаў Unuted24 у рамках праекта Army of Drone. За тры месяцы было сабрана дастаткова грошай, каб набыць 1400 беспілотнікаў. Падобная сітуацыя са зборам сродкаў і ахвяраванняў праходзіць у Расіі.
Звесткі з базы даных дазваляюць адказаць на пытанне, для чаго ў першую чаргу выкарыстоўваюцца беспілотнікі. У пераважнай большасці гэта пытанні дакументавання і назірання. Гэта тыя інструменты, якія дазваляюць байцам высветліць сваё месцазнаходжанне і агледзець раён вакол сябе.
Даныя з дронаў рэгулярна перадаюцца ў камандныя цэнтры. Неверагодная карысць ад беспілотнікаў пры навядзенні артылерыйскіх удараў. Ноччу для інспектавання выкарыстоўваюцца дроны з цеплавымі датчыкамі.
Беспілотнікі сталі неад'емнай часткай інструментарыю карэспандэнтаў. Іх выкарыстоўваюць следчыя па ваенных злачынствах для дакументавання.
Яшчэ адзін напрамак — выкарыстанне беспілотнікаў для скідання выбухоўкі. У пачатку вайны (да канца красавіка) украінскім бокам шырока выкарыстоўваліся беспілотнікі DJI, абсталяваныя вырабленымі на 3D-прынтары спецыяльнымі кажухамі, якія ўтрымлівалі выбухоўку, для дзённых атак гранатакідання на расійскія пазіцыі. У чэрвені 2022 года такую тэхніку асвоіў і расійскі бок.
Украінцы змаглі распрацаваць уласны дрон, які можа несці шэсць 82-мм мінамётных бомбаў. Акрамя гэтага, для вайсковых мэт былі прыстасаваныя звышхуткасныя беспілотнікі FPV, якія першапачаткова задумваліся як гоначныя. Іх украінскія вайскоўцы ператварылі ў «тэрарыстаў-смяротнікаў».
Але імі кіраваць значна цяжэй, чым стандартнымі спажывецкімі беспілотнікамі. Да таго ж яны працуюць ад батарэі, зараду якой хапае на пяць хвілін. А прызямліцца такі дрон можа, толькі ўрэзаўшыся ў што-небудзь. Таму для іх выкарыстання патрабуецца добра падрыхтаваны спецыяліст. Расійскі бок таксама спрабуе выкарыстоўваюць такую тактыку.
Пагрозу для выкарыстання беспілотнікаў ствараюць сродкі радыёэлектроннай барацьбы, таму пастаянна вядзецца пошук магчымасцяў перахітрыць інструменты і прыёмы адлоўлівання беспілотных лятальных апаратаў. Сярэдні тэрмін службы ўкраінскага квадракоптара, паводле даследавання Каралеўскага інстытута аб'яднаных службаў, апублікаванага ў лістападзе 2022 года, складае каля трох палётаў. Вядомыя выпадкі выкрадання беспілотніка іншым бокам шляхам перахопу сігналу.
Усім вядомы выпадак здачы ў палон беспілотніку баевіка групы «Вагнер» у лістападзе 2022 года. Украіна распрацавала падрабязныя інструкцыі для расійскіх вайскоўцаў па здачы ў палон беспілотніку ў рамках праекта «Хачу жыць».
У студзені 2023 года ўкраінскім вайскоўцам удалося з дапамогай двух беспілотнікаў вярнуць захоплены праціўнікам апарат. У тым жа месяцы ўкраінскія байцы з дапамогай беспілотніка DJI з кручком змаглі дыстанцыйна захапіць кінутую на полі бою расійскую рацыю. Яны сцвярджалі, што гэта дало ім магчымасць на працягу дзевяці дзён праслухоўваць расійскі бок.
Нягледзячы на разнастайныя спосабы выкарыстання беспілотнікаў, у базе даных адсутнічаюць звесткі аб такім шырока распаўсюджаным у мірны час выкарыстанні невялікіх беспілотнікаў, як дастаўка. А гэта вельмі неабходна з пункту гледжання гуманітарнай дапамогі.
Эксперт упэўнены, што маленькія беспілотнікі будуць працягваць паступаць у зону канфлікту ва ўсё большай колькасці. Абодва бакі будуць удасканальваць свае распрацоўкі ў гэтым кірунку. Усё большая колькасць салдат авалодвае метадамі іх выкарыстання.
Адначасова працягнуцца пошукі лепшых метадаў радыёэлектроннай барацьбы для знішчэння беспілотнікаў. Малаверагодна, што неўзабаве стане выкарыстоўвацца іншая тактыка, якая зменіць гульню настолькі, што не будзе сэнсу выкарыстоўваць беспілотнікі.
У той жа час існуе пагроза, якая, магчыма, унікальная ў гісторыі сучаснай вайны: асноўны вытворца беспілотнікаў — прыватная кітайская кампанія DJI — можа значна ўскладніць выкарыстанне сваіх беспілотнікаў, і гэта можа адбыцца ў любы час. І хаця па ўсім свеце робяцца спробы пошуку замены прадукцыі DJI, зрабіць гэта пакуль не атрымалася.
Каментары
Не позавидуешь воюющим провинциям Китая РБ и РФ.
Ведь у Украины за спиной Запад, хоть и дороже, но есть чем заменить.
з афіцыйнай прашыўкай ніхто не лятае, таму гэтыя абнаўленні як зайцу стоп-сігнал