Міністр абароны ЗША: Восем краін будуць пастаўляць ва Украіну танкі Leopard
Міністр абароны ЗША Лойд Осцін, выступаючы ў Бруселі на пасяджэнні Кантактнай групы па абароне Украіны, зноў пацвердзіў прыхільнасць саюзнікаў па НАТА ідэі незалежнай і суверэннай Украіны.
«Германія, Польшча, Канада, Партугалія, Іспанія, Нарвегія, Данія, Нідэрланды будуць пастаўляць ва Украіну танкі Leopard», — заявіў кіраўнік Мінабароны ЗША Лойд Осцін.
Акрамя гэтага, ЗША, Польшча і Чэхія паставяць танкі ў дадатак да ўжо адпраўленых. ЗША, Германія і Нідэрланды паставяць Украіне сістэмы СПА Patriot, Францыя і Італія — сістэмы СПА SAMP/T.
«Больш за год таму Пуцін думаў, што за лічаныя дні яго войскі захопяць Кіеў і скінуць дэмакратычны ўрад Украіны. Ён думаў, што міжнародная супольнасць проста змірыцца з гэтым», — дадаў Лойд Осцін.
«Уварванне Пуціна стала доўгатэрміновым выпрабаваннем для ўсяго свету», — дадаў міністр абароны. Але сябры Украіны не завагаліся, і ў выніку яна «выйграла бітвы за Кіеў, Харкаў і Херсон», працягнуў Лойд Осцін.
Разам саюзнікі па НАТА ўжо далі Украіне дапамогу ў памеры 50 млрд даляраў, сказаў ён, падкрэсліўшы, што многае яшчэ трэба будзе зрабіць. Крэмль усё яшчэ робіць стаўку на тое, што з часам міжнародная падтрымка Украіны аслабне, выказаў меркаванне міністр абароны ЗША.
«Але прайшоў год, і мы як ніколі адзіныя», — падкрэсліў ён.
Завяршаючы сваё выступленне, Лойд Осцін дадаў, што ў гэтым супрацьстаянні з расійскай аўтакратыяй НАТА павінна адстойваць свет, у якім «правілы маюць значэнне».
Каментары