Тайвань забараніў экспарт у Беларусь тавараў машынабудавання і хіміі
Улады Тайваня зрабілі больш строгім кантроль над экспартам прадукцыі машынабудавання і хіміі ў Беларусь і Расію.
Пашыраны спіс тавараў, у дачыненні да якіх дзейнічае строгі экспартны кантроль і ўводзяцца абмежаванні ў выпадку паставак як у Расію, так і ў Беларусь.
Улады Тайваня лічаць, што абмежаванні закрануць прадукцыю падвойнага прызначэння, каб яна не магла быць выкарыстана ў ваенных мэтах. У выніку ў абноўлены спіс уключылі тавары хімічнай і металургічнай прамысловасці, а таксама прадукцыю машынабудавання — усяго больш за 50 найменняў.
Пад забарону трапілі такія хімічныя рэчывы, як рыцын, трыфтарыд азоту, нітрат амонію, азотная кіслата, некаторыя віды нержавеючай сталі. Што тычыцца прадукцыі машынабудавання, то яна ўключае станкі з лічбавым праграмным кіраваннем, шліфавальныя станкі з лічбавым праграмным кіраваннем, электраразрадныя станкі і кантралёры.
Раней Тайвань ужо ўвёў абмежаванні на пастаўку высокатэхналагічнай паўправадніковай прадукцыі. Тады пад забарону трапілі мікрапрацэсары або мікрасхемы з пэўнымі характарыстыкамі, а таксама літаграфічнае абсталяванне, якое можна выкарыстоўваць для друку працэсараў.
Каментары