«Нялёгка будзе». Новым міністрам замежных спраў стаў блізкі сябар Макея
Сяргей Алейнік дагэтуль працаваў у замежнапалітычным ведамстве на пасадзе першага намесніка міністра. Ëн кар'ерны дыпламат. Людзі з міністэрства называюць яго «рэспектабельнай, не адыёзнай фігурай, якая не мае негатыўнага шлейфа».
На тэлекамеру Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што напярэдадні абмеркаваў з міністрам усе нюансы ягонай будучай дзейнасці на новай пасадзе. У прысутнасці цяпер ужо новага міністра ён падпісаў указ аб ягоным прызначэнні.
Сяргей Алейнік падзякаваў за высокі давер.
«Нялёгка будзе», — заўважыў Лукашэнка.
«Кар'ерны, дасведчаны дыпламат, які не наробіць памылак, які фармальна адпавядае ўсяму, што магло б чакацца ад міністра, і зможа працягваць работу так, як яна вялася, — Лукашэнка ў свае гады і ў сваёй сітуацыі цэніць кансерватыўнасць», — так характарызаваў «Нашай Ніве» кандыдатуру Алейніка дасведчаны суразмоўца.
«Алейнік цудоўна гаворыць з замежнікамі. Прафесіянал у дыпламатыі, з вынікамі работы па сваіх кірунках. І павінен быць давер, Лукашэнка павінен ведаць чалавека асабіста і добра, каб прызначыць у МЗС. У Алейніка гэта ўсё ёсць», — дадаў іншы суразмоўца, прагназуючы прызначэнне.
57-гадовы Сяргей Алейнік быў першым намеснікам міністра замежных спраў і правай рукой Уладзіміра Макея, які раптоўна памёр у лістападзе.
Ён нарадзіўся ў 1965 годзе ў Мінску. Скончыў у 1986 годзе Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў па спецыяльнасці «нямецкая і англійская мовы», у 1993 годзе — Дыпламатычную акадэмію ў Вене па спецыяльнасці «міжнародныя адносіны». У тым жа годзе яе скончыў і Уладзімір Макей.
Вядома, што Макей і Алейнік сябравалі. Алейнік быў сведкам на вяселлі Уладзіміра Макея і Веры Паляковай.
У 1995—1996 гадах Алейнік працаваў консулам Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Гаазе. З лістапада 2002 года па студзень 2009 года — пастаянны прадстаўнік Беларусі пры аддзяленні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе, надзвычайны і паўнамоцны пасол пры Святым Пасадзе і пры Суверэнным Мальтыйскім Ордэне.
У студзені 2009 года быў прызначаны намеснікам міністра замежных спраў з захаваннем функцый надзвычайнага і паўнамоцнага пасла пры Святым Пасадзе.
Менавіта Алейнік арганізоўваў візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Ватыкан.
У 2013-м Алейнік стаў паслом у Вялікабрытаніі і Ірландыі па сумяшчальніцтве.
З ліпеня 2020 года намеснік міністра замежных спраў з захаваннем функцый пры Святым Пасадзе і пры Суверэнным Мальтыйскім Ордэне.
Выхадцы з Міністэрства замежных спраў называюць Сяргея Алейніка «кампраміснай, рэспектабельнай, не адыёзнай, дыпламатычнай ва ўсіх сэнсах гэтага слова фігурай, якая не мае негатыўнага шлейфа».
Трэба памятаць, што ў краіне замежнапалітычны курс вызначае не міністэрства, а Аляксандр Лукашэнка, а міністэрства толькі рэалізуе яго. На чале ўсіх сілавых ведамстваў стаяць руска-савецкія людзі, Алейнік будзе адным з нешматлікіх членаў Рады бяспекі без сілавых каранёў.
Каментары