Літоўскі гісторык: Спроба сцерці з віленскай гісторыі Русь або рускасць як культуру — вельмі недальнабачная і блізарукая
Дэпутаты кіруючай у Літве кансерватыўнай партыі «Саюз Айчыны — хрысціянскія дэмакраты Літвы» хочуць перайменаваць Рускую вуліцу ў Вільні. На іх думку, гэта «назва, навязаная акупантамі». Хтосьці з іх прапановай згодны, але многія, уключаючы мэра Рэмігіюса Шымашуса, яго крытыкуюць. Ці абгрунтаваныя патрабаванні палітыкаў з правага лагера, ці разумна адмаўляцца ад старых «рускіх назваў» з-за агрэсіі Расіі супраць Украіны і наколькі глыбокія сувязі літоўскай дзяржавы з Руссю? Пра гэта журналіст Delfi пагаварыў з гісторыкам Альгімантасам Каспаравічусам.
Руская вуліца была пракладзена ў 1905 годзе, але ў цэлым яна існавала тут — праўда, у крыху іншым выглядзе — з часоў позняга Сярэднявечча. У XIV стагоддзі Вільня, як і іншыя гарады ў той час, фарміравалася з асобных кварталаў.
Вуліца Руская (Rusų) вядзе да Прачысценскага кафедральнага сабора. Раней у гэтым раёне сяліліся людзі з усходніх зямель Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ), тут было шмат праваслаўных цэркваў, рэзідэнцыя мітрапаліта, таму ў гістарычных хроніках гэтае месца вядомае як «Рускі горад», або Civitas Ruthenica.
«Першапачаткова яна [вуліца] называлася Кафедральнай, Спаскай, Прачысценскай, бо вяла да галоўнага праваслаўнага сабора», — кажа загадчык кафедры рускай філалогіі Віленскага ўніверсітэта Павал Лаўрынец.
Сваю цяперашнюю назву вуліца атрымала толькі ў 1939 годзе, калі пачалася Другая сусветная вайна, а Вільня, якая дагэтуль на працягу амаль 20 гадоў знаходзілася ў складзе Польшчы, перайшла да Літвы.
Ініцыятарам перайменавання стаў гісторык літоўскай літаратуры, падпісант Акта аб незалежнасці, рэктар Віленскага ўніверсітэта, грамадскі дзеяч, палітык і дыпламат Міколас Біржышка.
Гісторыка Альгімантаса Каспаравічуса, старшага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі Літвы, аргументы палітыкаў не пераконваюць. Ён нават называе такую ініцыятыву «бальшавіцкай», звяртаючы ўвагу на тое, што менавіта камуністы пасля захопу ўлады паўсюдна мянялі назвы гарадоў, вуліц, грамадскіх прастор і культурных устаноў.
— Спадар Каспаравічус, як вы ацэньваеце прапанову кансерватараў аб перайменаванні Рускай вуліцы?
— Ацэньваю кепска. Гэта цынічная прапанова — як з гістарычнага, так і з культурнага пункту гледжання. У Літвы ў цэлым і Вільні ў прыватнасці надзвычай моцныя, цесныя і багатыя сувязі з гістарычнымі землямі Русі, Маскоўскім і Цвярскім княствамі, Наўгародскай рэспублікай і гэтак далей. […]
Палітычныя і эканамічныя сувязі з Руссю — будучымі расійскімі землямі — пачалі развівацца фактычна з зараджэння дзяржаўнасці Літвы як такой. […]
— Наколькі глыбокія рускія карані Вільні?
— Гэтыя адносіны значныя і з пункту гледжання цывілізацыйна-канфесійнай. Бо ў археолагаў дагэтуль няма адзінага меркавання пра тое, якія хрысціянскія храмы былі пабудаваныя ў Вільні раней — праваслаўныя, якія сведчаць у большай меры [аб прыналежнасці] да ўсходняй і візантыйскай цывілізацыі, або каталіцкія, якія падкрэсліваюць уплыў заходне-рымскай цывілізацыі?
— А якое Ваша меркаванне?
— Большасць даследаванняў сведчаць пра тое, што першы цывілізацыйны кантакт у літоўцаў усё ж такі быў з праваслаўем. Дастаткова зірнуць на панараму Старога горада, Новага горада, Антокаля і Звярынца, каб пабачыць, як гістарычна непарыўна ў Вільні перапляліся праваслаўная і каталіцкая цывілізацыі.
Горад проста ўсеяны хрысціянскімі святынямі. Акрамя таго, цывілізаваны чалавек не павінен забываць, што да канца XVII стагоддзя афіцыйнай канцылярскай мовай ВКЛ была руская (яна ж заходнеруская ці старабеларуская). Таму спроба сцерці з віленскай гісторыі Русь або рускасць як культуру вельмі недальнабачная і блізарукая. Гэта нагадвае спробу падкараціць або часткова падрэзаць як гісторыю літоўска-расейскіх стасункаў, так і гісторыю Літвы агулам.
— Многія звяртаюць увагу на сённяшні кантэкст — кантэкст вайны паміж Расіяй і Украінай, — які збольшага спрыяе дэрусіфікацыі — адмовы ад расійскіх назваў. Але ці разумна, на ваш погляд, пераназываць Рускую вуліцу ў Вільні праз тое, што расійскія войскі ўварваліся ва Украіну?
— Неразумна. Такая практыка ў свой час была характэрная для пострэвалюцыйнай Расіі, калі бальшавікі таксама спрабавалі ўсё перабудаваць — ад разбурэння інстытута сям'і да перапісвання гісторыі і «зачысткі» гарадскіх грамадскіх прастор, якія яны рэканструявалі згодна са сваімі ўяўленнямі аб рэальнасці, розумам і густам. Чым гэта скончылася, мы ўсе выдатна ведаем.
Такім чынам, вяртаючыся да прапановы па Рускай вуліцы ў Вільні, хачу сказаць, што такая дзейнасць сведчыла б пра тое, што ў гарадскім упраўленні літоўскай сталіцы дамінуе не заходні цывілізацыйны падыход і аснова, а глыбока азіяцкая культура ў найгоршым сэнсе гэтага слова. І гэта я ўжо не кажу пра тое, што такая прапанова з'яўляецца глыбока антыліберальнай па сваёй сутнасці. Гэта не мае нічога супольнага з дэмакратыяй або заходняй цывілізацыяй. […]
— Ёсць прапанова назваць вуліцу «Русінскай», бо гэта, на думку палітыкаў, больш адпавядае гістарычнай праўдзе. Быць можа, гэта правільна?
— Няправільна, калі палітыкі ўмешваюцца ў гісторыю. Таму я не думаю, што гэта было б вельмі мудрым, гістарычна абгрунтаваным або палітычна прадуманым рашэннем. Спекулюючы на гісторыі, на гістарычнай памяці і свядомасці грамадзян, можна зайсці вельмі і вельмі далёка.
Каментары
не Расея, Расія, а Маскоўшчына, Масковія,
не расійцы, расейцы , а маскоўцы, маскавіты,
бо Расея, Расія гэта Русь па-грэцку.
Был возвращен Беларуси, а потом отобран у Беларуси и отдан иностранному государству Литовская республика.