Выканаўца прапагандысцка-патрыятычнай песні «Я рускі» на выходныя дасць два канцэрты ў Беларусі. Што з попытам на білеты?
На выходныя ў Беларусі адбудуцца два канцэрты расійскага спевака Шамана — вядомага па трэках «Устанем» і «Я рускі». У суботу выканаўца дае канцэрт у Мінску, а ў нядзелю ў Гродне. «Наша Ніва» пагутарыла з былым супрацоўнікам гродзенскай абласной філармоніі пра тое, як напаўняюць залы на падобных канцэртах.
Sold out у Мінску
Квіткі на сталічны канцэрт Шамана прадаюць па цэнах ад 64 да 144 рублёў. Згодна з інфармацыяй на сайце квіткі.бай, на сённяшні канцэрт не засталося месцаў.
Квіткі на гродзенскі канцэрт прадаюцца па цэнах ад 59 да 84 рублёў. Вольнымі застаюцца каля 130 месцаў.
Самаго Шамана прадаўцы білетаў апісваюць як папулярнага расійскага спевака, паэта і кампазітара, за плячыма якога тры музычныя адукацыі. Сярод пазнавальных называюць трэк «Устанем», які ён выпусціў 23 лютага, і «Я рускі».
Пра закуліссе і арганізацыю падобных (ідэалагічных) канцэртаў распавёў былы супрацоўнік гродзенскай філармоніі.
Першае, на што ён звяртае ўвагу, — гэта месца правядзення. З яго словаў, калі ў Гродне ладзяць канцэрты для моладзі з артыстамі, якія на слыху, то для гэтага абіраюць пляцоўку клуба «База», а калі адразу разумеюць, што ніякага аншлага чакаць не варта, то выступ адбываецца ў зале філармоніі.
Дабравольна-прымусовыя слухачы
«Падобныя канцэрты не акупляюцца. Ладзяць іх звычайна выключна дзеля птушачкі. Будзе ён прыбытковым ці не — абсалютна не мае значэння, — кажа суразмоўца. —
Напаўняльнасць залы на такіх канцэртах забяспечваюць дабравольна-прымусовымі метадамі. Звычайна прымушаюць адміністратараў выкупляць па 3-5 білетаў, каб тыя потым размяркоўвалі іх па дзяржустановах.
Ёсць адміністратары, якія абзвоньваюць усе магчымыя дзяржустановы, спрабуючы дамовіцца ў духу «купіце квіткі як прэміі вашым супрацоўнікам, а мы зробім вам вялікую зніжку на навагодні паказ».
Бывалі выпадкі, калі білеты рэалізавалі, а па факце ў зале знаходзіцца толькі 200-250 гледачоў, пры тым, што зала разлічана больш, чым на 1200 месцаў».
Па словах суразмоўцы, менавіта навагоднія паказы з'яўляюцца ледзь не адзінымі мерапрыемствамі, якія прыносяць прыбытак філармоніі. Калі пасля правядзення канцэрта філармонія выходзіць у плюс, то розніцу пакідае сабе, і траціць грошы на закупку касцюмаў, інструментаў і іншыя патрэбы.
Канцэрты дзеля птушачкі
У дзяржустановах, праўда, пра прыбытак часта не клапоцяцца.
«Ім усё роўна, хто прыязджае, абы была птушачка ў плане, што была праведзена неабходная колькасць канцэртаў», — упэўнены суразмоўца.
Цікава, што месцы на кіруючых пасадах у гродзенскай філармоніі, за выключэннем аднаго чалавека, займаюць былыя сілавікі.
Што тычыцца фінансавання канцэртаў, то адбываецца гэта па двух сцэнарах. Першы — філармонія аплачвае цалкам прыезд артыста і ўсе грошы ад продажы квіткоў забірае сабе. Другі варыянт — калі усе, у тым ліку і артыст, працуюць на продаж квіткоў, выканаўца забірае сабе абумоўленую суму, а рэшта застаецца філармоніі.
Па словах суразмоўцы, часцей за ўсё працуюць па першай схеме. «Ганарары выканаўцам у асноўным фіксаваныя, калі гэта выступ з некалькімі песнямі на прадпрыемстве накшталт «Гродна-Азот», то выканаўца атрымлівае 1000-1500 рублёў, калі размова ідзе пра сольны канцэрт, то ад 2500».
Хто выбірае, каму выступаць?
Што тычыцца выбару артыстаў, якія будуць выступаць на дзяржаўных пляцоўках, то іх спісы з'яўляюцца двума шляхамі. Частку выканаўцаў абірае канцэртны аддзел самой філармоніі, а іншыя ўказанні прыходзяць з Міністэрства культуры.
«Міністэрства дае пералік артыстаў, з якімі ў абавязковым парадку трэба зрабіць канцэрт, потым гэтых «зорак» разпіхваюць па ўстановах культуры», — кажа былы супрацоўнік філармоніі.
Гэта будзе ўжо не першы выступ Шамана ў Беларусі. 11 чэрвеня ён выступаў на канцэрце ў Мінску, прысвечаным Дню Расіі.
Каментары
тэадралы...
як трапна разумныя сказалі - "Гісторыя паўтараецца двойчы: першы раз у выглядзе трагедыі, другі - у выглядзе фарсу"
такога маразму нават пры саўку не было...