«Лукашэнка — гэта не Вал-дэ-Морт». Хадановіч быў у гасцях у Мелказёрава
Чаму Лукашэнка гэта далёка не Вал-дэ-Морт, з якім літаратурным героем можна параўноўваць Ціханоўскую, як ставіцца да таго, што Алексіевіч піша па-руску. Пра гэта і многае іншае літаратар Андрэй Хадановіч паразмаўляў з Мікітам Мелказёравым у чарговым выпуску на канале «Жыццё — маліна».
Беларусы перасягнулі Оруэла ў яго змрочных прагнозах
На пытанне, ці быў Оруэл аптымістам, Хадановіч адказаў, што той быў добра інфармаваным аптымістам, які кожную сваю гісторыю хутчэй бачыў аптымістычнымі вачыма, бо верыў у тое, што чалавецтва зробіць высновы з іх.
Факт, што ў нейкі час кніга «1984» стала самай прадаванай у Беларусі, літаратар тлумачыць тым, што беларусы проста перасягнулі Оруэла ў яго змрочных прагнозах.
У тым, што ў нашай краіне ўлады негалосна забаранілі продаж антыупотіпіі (улады абвярагюць гэта — НН), ён бачыць, як негатыўныя, так і пазітыўныя моманты.
Добрае, на яго думку, у тым, што як сябры, так і ворагі разумеюць, што культура — гэта ўсё яшчэ зброя, якая дзейнічае, таму кнігу забараняюць. Адмоўнае — сама ганебная забарона.
Шукаючы эквіваленты беларускім палітычным дзеячам сярод літаратурных герояў, Хадановіч разважае, што Лукашэнка — гэта не Вал-дэ-Морт.
Бо Цёмны Лорд гэта абсалютнае ўвасабленне зла, а Лукашэнка толькі яго правінцыйны паплечнік на калгасных задворках імперыі зла.
Беларускія палітыкі ў літаратурных творах
Марыю Калеснікаву літаратар параўноўвае з Антыгонай, і з цяжкасцю знаходзіць літаратурнага двайніка Ціханоўскай, паколькі яна ўвесь час расце і змяняецца. Адзіную аналогію, якую ён знаходзіць для яе — гэта Пігмаліён і Галатэя. Гісторыя пра мастака, які зрабіў ідэальную мармуровую статую, закахаўся ў яе і звярнуўся з малітвай да багіні кахання, каб тая яе ажывіла.
Хадановіч падкрэслівае, што пад Пігмаліёнам ён мае на ўвазе не Сяргея Ціханоўскага, а калектыўную Беларусь, якая закахалася ў сваю Галатэю і тая адказала на гэтае каханне.
Па яго словах, яна расце, вучыцца, робіцца ўсё больш чалавечай і часам нават дадае мужчынскаму свету жаночага голасу і каштоўнасцей.
Іншыя мовы ў беларускай літаратуры
Разважаючы на тэму беларускай літаратуры, вядучы спытаў у Хадановіча, як той ставіцца да таго, што Святлана Алексіевіч піша па-руску.
Літаратар кажа, што ў розныя гады па-рознаму ставіўся да гэтага, і магчыма, яшчэ не раз зменіць сваё стаўленне. Працягваючы тэмы рускамоўнасці некаторых беларускіх пісьменнікаў, Хадановіч адзначае, што праз ганебны рэферэндум мы штучна загнаныя ў сітуацыю дзяржаўнай двухмоўнасці. Таму атрымліваецца, што той, хто піша па-руску, піша на дзяржаўнай мове Рэспублікі Беларусь.
Пісьменнік прапануе адысці ад постаці адной толькі Алексіевіч, і паглядзець на нашу гісторыю, калі на тэрыторыі Беларусі дзяржаўнымі мовамі былі не толькі беларуская і руская, а таксама польская і ідыш.
Хадановіч прыводзіць у прыклад польскамоўнага пісьменніка-беларуса Сяргея Пясецкага і яго твор «Каханак вялікай мядзведзіцы», які з’яўляецца творам класічнай польскай літаратуры, але ў той жа час застаецца часткай нашай літаратуры і культуры. Сярод іншых прыкладаў ён называе Адама Міцкевіча, які таксама з’яўляецца часткай нашай культуры і літаратуры.
Пратэст перастаў быць маргінальным толькі ў 20-м
Разважаючы на тэму пратэстаў, Хадановіч адзначае, што менавіта ў 2020 годзе паўстанне беларусаў перастала быць маргінальным.
Андрэй згадвае, што ў гісторыях 2006 і 2010 гадоў усё было прыгожа толькі знутры. Людзі ўзнёсла ішлі праспектам са сцягамі ад адной плошчы да другой, калі іншыя сядзелі за шклом, елі сваю піцу ці сушы, круцілі пальцам ля скроні і цікавіліся, што гэта за маргіналы ідуць. Таму на яго думку, грамадства абудзілася толькі ў 2020 годзе.
Размаўляючы на тэму жыцця ў эміграцыі, Хадановіч кажа, што хоць і правёў траціну свайго жыцця ў падарожжах, ён ніколі так доўга не быў не дома. У падарожжах ён заўжды сам выбіраў, калі і куды ехаць, і калі вяртацца да дому. На думку пісьменніка, не мець магчымасці вырашаць, калі табе вяртацца дамоў — гэта сапраўды жорсткае і цяжкае выпрабаванне.
Пра што марыць Андрэй Хадановіч?
Паэт адказаў, што на сёння марыць пра вяртанне дадому, калі вяртацца радасна і не страшна. «Туды мы вернемся і сустрэнемся з тымі, хто цяпер раскіданы па ўсім свеце», — сказаў Хадановіч.
Каментары