Журналіста «Свабоды» Алега Груздзіловіча выпусцілі раней тэрміну
21 верасня 63-гадовы Алег Груздзіловіч, якога асудзілі на 1,5 года зняволення, выйшаў на волю з магілёўскай калоніі №15. Груздзіловіч прабыў за кратамі амаль 9 месяцаў, піша «Радыё Свабода».
У калоніях таксама застаюцца іншыя журналісты «Радыё Свабода» Андрэй Кузнечык і Ігар Лосік.
«У Алега скралі час, пакуль ён быў несправядліва зняволены, які ён і яго сям’я ніколі не вернуць, і я вельмі шчаслівы, што цяпер ён уз'яднаецца са сваёй жонкай і іншымі блізкімі, — сказаў прэзідэнт «Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода» (RFE/RL) Джэймі Флай. — Я ўдзячны прадстаўнікам міжнароднай і праваабарончай супольнасці за няспынную падтрымку ў справе Алега, але наша праца не скончаная. Ігар Лосік і Андрэй Кузнечык таксама павінны быць неадкладна вызваленыя».
3 сакавіка 2022 года Груздзіловіча асудзілі на паўтара года пазбаўлення волі нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў і ўдзел у іх.
Паводле інфармацыі «Радыё Свабода», Груздзіловіч адразу пасля вызвалення пакінуў Беларусь.
Алега Груздзіловіча адпусцілі раней за вызначаны яму тэрмін. У гэтым вызваленні былога журналіста «Радыё Свабода» бачыцца жаданне лукашэнкаўцаў паслаць сігнал Злучаным Штатам.
Адразу пасля вызвалення Груздзіловіч даў першае інтэрв'ю, з якога стала вядома, што ён падпісаў прашэнне аб памілаванні, хоць віны сваёй у ім, як сцвярджае, не прызнаваў.
Каментары