Ільяш: Мы павінны прызнаць, у 2020-м у беларусаў не было ніводнага шанцу. Цяпер яны з'яўляюцца
«Замест спрэчак пра тое, хто і якія памылкі здзейсніў два гады таму (а іх, безумоўна, было нямала), мы павінны сумленна прызнаць: у 2020-м у беларусаў не было ніводнага шанцу. Абсалютна. Таму што побач была пуцінская Расія, якая рыхтавалася да Вялікай вайны», — з нагоды другой гадавіны жнівеньскіх падзей 2020 года піша журналіст Ігар Ільяш і прыходзіць да нечаканых высноў. Прыводзім яго пост з Facеbook.
Поўнамаштабнае расійскае ўварванне ва Украіну ўбудавала падзеі ў Беларусі 2020-га ў той глабальны кантэкст, якога ў поўнай меры ніхто два гады таму разумець не мог.
Мы думалі, што масавыя пратэсты і беспрэцэдэнтны тэрор — гэта ўсё ж такі асабліва беларуская гісторыя. Так, зразумела, фактар Расіі ніхто з рахункаў не скідаў. Любы, хто разбіраўся ў палітыцы, разумеў, што пагроза прамой расійскай інтэрвенцыі ў Беларусь цалкам рэальная. Тым больш, што Лукашэнка яшчэ 15 жніўня дамовіўся з Пуціным аб аказанні сілавой дапамогі «пры першым запыце», а той адразу сфармаваў для гэтай мэты «рэзерв сілавікоў».
Але ўсё ж мы разважалі аб такой пагрозе ў катэгорыях верагоднасці, а не непазбежнасці. Гэта значыць, мы спрабавалі аналізаваць, у якім выпадку гэта можа адбыцца, што можа ўтрымаць Пуціна ад такога рашэння і якую цану ён гатовы заплаціць за захаванне Лукашэнкі ва ўладзе.
24 лютага дало адназначны адказ на гэтае пытанне: у 2020-м, з улікам прамога запыту Лукашэнкі, Пуцін бы пайшоў на гэта ў любым выпадку і заплаціў бы за падобнае рашэнне любую цану. Чалавек на той момант ужо сурʼёзна рыхтаваўся да наступу «новага свету», ён планаваў развязаць найбуйнейшую на кантыненце вайну з часоў Другой сусветнай — перад такімі задачамі кошт пытання наогул не меў значэння.
Калі ў жніўні 2020 года Пуцін казаў пра «рэзерв сілавікоў», ён падкрэсліваў, што ў Беларусь іх накіруюць толькі калі пратэстоўцы пяройдуць «пэўныя межы», пачнуць «падпальваць дамы, банкі, спрабаваць захопліваць адміністрацыйныя будынкі». Але на самой справе гэта б адбылося нават калі б перамог выключна мірны пратэст (такая перамога ў перыяд з 14 па 23 жніўня была цалкам рэальная).
У гэтым выпадку Масква рэалізавала б сцэнарый Чэхаславакіі-68, але толькі са значна большай колькасцю ахвяр. Ну а калі б пратэст быў не мірным, то была б Венгрыя-56 з тысячамі забітых у вулічных баях і пакараных пасля іх завяршэння.
У 2020-2021 гадах звышасцярожная (а часам нават ліслівая) рыторыка лідараў дэмакратычных сіл у дачыненні да Расіі будавалася менавіта на ілюзіі, што Пуцін не стане абараняць Лукашэнку любой цаной. Здавалася, што калі не злаваць Крэмль, калі паабяцаць захаванне геапалітычнага статус-кво, калі выглядаць досыць лаяльнымі, то Крэмль яшчэ можа стаць на бок апанентаў рэжыму. Але гэта быў наіўны зман.
Праўда заключаецца ў тым, што Крамлю не быў патрэбны тут лаяльны лідар. Крамлю не патрэбны быў у Беларусі нават адкрыта прарасійскі лідар. Яму патрэбная была тут выпаленая зямля, па якой пойдуць танкі. А гэта мог забяспечыць адзін і толькі адзін чалавек. Так што тут варыянтаў проста не было.
Ці значыць гэта, што масавыя пратэсты былі бессэнсоўныя? Я не стану цяпер разважаць пра ўплыў 2020 года на фармаванне палітычнай нацыі і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі (а ўплыў гэты велізарны). Я толькі нагадаю адну простую ісціну: калі чалавек адстойвае свой маральны выбар, калі ён паступае па сумленні, то такі ўчынак апрыёры не можа быць бессэнсоўным. Ён самакаштоўны.
Якія з усяго гэтага варта зрабіць высновы? Дзве, але вельмі важныя.
Па-першае, варта кінуць любыя спрэчкі пра тое, хто і якія памылкі здзейсніў у 2020 годзе. Памылак у 2020-м было шмат, але не яны завялі краіну туды, дзе яна знаходзіцца цяпер. Яе завялі сюды памылкі 90-х і 2000-х.
Па-другое, як бы гэта парадаксальна ні гучала, цяпер у беларускага грамадства больш шанцаў на перамены, чым у 2020-м.
Вайна супраць Украіны знясільвае рэсурсы Расіі, а значыць, у Крамля становіцца ўсё менш магчымасцяў трымаць Беларусь пад кантролем. А значыць, Беларусь у хуткім часе апынецца перад гістарычным акном магчымасцяў, якога ў 2020-м, як постфактум высветлілася, у краіны не было.
«Уяўляеце кошт? І якая краіна яго прыме?» Пра стварэнне незалежнага беларускага войска за мяжой
«Маскіравацца пад «балота» альбо выязджаць». Беларусь-2022 — інструкцыя па выжыванні
-
ГУБАЗіК перастаў выкладаць відэа з затрыманымі. З дня, калі да гэтага заклікаў канал, блізкі да Маркава
-
Калі Украіна захавае суверэнітэт узамен за нейтральнасць, што гэта будзе значыць для Беларусі?
-
Ці здасць Трамп Украіну Расіі? Чаму дэмакраты разгромленыя? Да чаго прывядзе кантроль рэспубліканцаў над выканаўчай і заканадаўчай уладай адначасова?
Каментары