СМІ паведамляюць, што на мяжы Сербіі з непрызнаным ёй Косавам узніклі хваляванні, якія могуць перарасці ва ўзброены канфлікт. Мясцовыя жыхары будуюць барыкады, паведамляецца пра страляніну. Армія Сербіі прыведзеная ў павышаную баявую гатоўнасць, а падраздзяленні спецпрызначэння Косава перакрылі мяжу.
Паводле папярэдніх звестак, прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч рыхтуецца ўвесці войскі ў Косава для «абароны сербскага насельніцтва».
Раней паведамлялася, што ў Косава з 1 жніўня чакаюцца нейкія страшныя падзеі. З гэтага дня паводле рашэння ўладаў Косава, сербскія дакументы робяцца несапраўднымі. Кіраўнік МЗС Сербіі Нікола Селакавіч сцвярджаў у сувязі з гэтым, што косаўскія ўлады «літаральна рыхтуюць пекла ў бліжэйшыя дні» для сербаў, якія жывуць там.
Больш за 90% насельніцтва Косава складаюць албанцы, але ёсць і каля 100 тысяч сербаў, якія кампактна жывуць на самай поўначы тэрыторыі. Іх цэнтральны горад — Косаўска-Мітравіца, падзелены ракой Ібар на дзве часткі: паўднёвую албанскую і паўночную сербскую.
Косаўскія сербы не прызнаюць законнасць прызнання незалежнасці Косава і ўрад у Белградзе іх у гэтым падтрымлівае. З-за гэтага паміж сербскай грамадой у Косаве і цэнтральнымі ўладамі ў Прышціне існуе пастаянны цяжкавырашальны канфлікт, фактычна населеныя сербамі тэрыторыі Прышціна не кантралюе.
Каментары