Двайнікі вядомых беларусаў: складана паверыць, што гэта не сваякі
«А вы не яго бацька?» — могуць пачуць некаторыя героі гэтай падборкі. Гэтыя беларусы настолькі падобныя, што іх часам блытаюць ці прымаюць за сваякоў.
Андрэй Ткачоў і Джэйсан Мамоа
Высокія і атлетычныя — амерыканскі акцёр Мамоа запомніўся ролямі ў «Гульні тронаў» і «Аквамене», а трэнер Андрэй Ткачоў — валанцёрствам падчас пандэміі кавід. Цяпер Андрэй — каардынатар Фонду медыцынскай салідарнасці.
Караткевіч у маладосці і Ціма Беларускіх
Спявак Ціма Беларускіх нагадвае пісьменніка на некаторых яго фота з маладосці. І хоць літаратурнасць тэкстаў першага далёкая ад твораў Уладзіміра Караткевіча, «Мокрыя кросы» сталі такім жа бестсэлерам для свайго часу, як «Ладдзя роспачы» ці «Каласы пад сярпом тваім».
Кацярына Ваданосава і Анджаліна Джалі
«Беларуская Джалі» — так часам называлі спявачку і рукадзельніцу Кацярыну Ваданосаву за яе яркі выгляд. На жаль, падабенства закранула не толькі выгляд. Джалі некалькі год таму праз высокую рызыку развіцця раку выдаліла грудзі і яечнікі. У Кацярыны анкалогію выявілі сёлета — беларуска перанесла дзве аперацыі.
Фёдар Паўлючэнка і Сцяпан Пуціла
Пра падабенства рэдактара Reform.by Фёдара Паўлючэнкі і рэдактара «Нехта» Сцяпана Пуцілы кажуць многія. Некаторыя нават спачатку прымалі Фёдара за бацьку Сцяпана, але гэта не так.
Малады Пазняк і рэпер Vinsent
Можа, і Зміцер Папко пасля падасца ў кандыдаты ў прэзідэнты?
А Зянону Станіслававічу, дарэчы, прысвячалі рэп. Іранічны «Зянон-хоп» невядомы аўтар напісаў у 2006 годзе, пасля разгону Плошчы. У ім Пазняк — гэта супермен, які прыйдзе і выратуе Беларусь ад дыктатуры. Сам палітык праз мат у рэпе не ацаніў такую творчасць.
Алег Румо і Крыстоф Вальц
Вальца вы можаце ведаць па ролі штандартэнфюрэра ў фільме Таранціна «Бясслаўныя вырадкі». А Румо — па дасягненнях у беларускай транспланталогіі і агітацыйных прамовах за Лукашэнку напярэдадні мінулых выбараў.
Калі ведаеце іншых двайнікоў вядомых беларусаў, можаце прапанаваць свае варыянты ў каментарах.
Каментары