Праз санкцыі ў Літву больш нельга везці паліва ў каністрах, многія даведваюцца пра гэта толькі на мяжы
Беларусы, якія ездзяць у Літву на аўтамабілях, пачалі скардзіцца, што літоўская мытня забараняе везці дадатковыя 10 літраў паліва ў каністры. «Наша Ніва» высветліла, чаму так адбываецца.
Чытачы паведамляюць, што апошнія некалькі дзён сутыкаюцца з новымі патрабаваннямі з боку літоўскіх мытнікаў, пра якія яны раней не чулі. Гэта тычыцца забароны на ўвоз паліва з Беларусі ў каністрах. Раней, апроч поўнага бака, падарожнікі мелі магчымасць дадаткова перавозіць 10 літраў паліва.
Цяпер жа літоўскія мытнікі пачалі казаць, што правозіць паліва можна толькі ў баку аўтамабіля. У залежнасці ад канкрэтнай сітуацыі, мытнікі прапануюць вяртацца з палівам у Беларусь, заліваць яго ў бак свайго ці іншага аўто ці прапускаюць у Літву, папярэджваючы, што па новых правілах гэтага рабіць нельга, таму гэта мусіць быць апошні раз.
Як высветлілася, такая норма дзейнічае з 1 чэрвеня. Гэтая мера з’яўляецца часткай санкцый, якія тычыцца забароны на імпарт паліва з Беларусі ў Літву. Выглядае, што абмежаванні былі прынятыя раней, але набылі моц толькі цяпер.
Каментары