«Чаму беларусы павінны цясніцца?» Фестываль PRADMOVA паклікаў выступіць расійскага кінакрытыка — і сутыкнуўся з крытыкай
Арганізатары сёлетняга фестывалю інтэлектуальнай кнігі сутыкнуліся з хваляй абурэння. Гэта было звязана з удзелам гуру расійскай кінакрытыкі Антона Доліна. Што адбываецца?
Першая і галоўная прэтэнзія да арганізатараў тычылася персоны Антона Доліна (яго запрасілі выступіць на мерапрыемствах у Вільні): маўляў, яго краіна вядзе захопніцкую каланіяльную вайну супраць Украіны, а «беларускія інтэлектуалы» ладзяць цэлы творчы вечар з ім.
Эміграцыю Доліна параўноўвалі з учынкам Марыны Аўсянікавай у эфіры тэлебачання, які адным махам не можа перакрыць мінулае і працу на дзяржпрапаганду.
У абарону гучалі аргументы наконт таго, што Долін асудзіў вайну і з’ехаў з Расіі, атрымаўшы ў падарунак літару Z на дзверы сваёй кватэры, а ў 2020 годзе падтрымаў беларускі пратэст, прысвяціўшы цэлы нумар часопіса «Мастацтва кіно» падзеям у Беларусі і нашым творцам (Долін тады займаў пасаду галоўнага рэдактара).
Людзям было незразумела, чаму замест Доліна нельга паклікаць кагосьці з украінцаў, якія маюць прамое дачыненне да літаратуры, каб падтрымаць іх у складаны ваенны час. Ці беларусаў. Напрыклад, у анансаванай праграме не аказалася пісьменнікаў Таццяны Заміроўскай і Віктара Марціновіча.
Перакладчыца Ганна Янкута адзначае, што рускай мовы ў беларускай культуры і так зашмат і з гэтай нагоды ў Фэйсбуку задаецца такім пытаннем:
«Беларусы на беларускім фестывалі не мусяць цясніцца, каб даць прастору для выказвання расіянам, якімі б добрымі яны ні былі. Мы не можам сабе дазволіць пераймацца наконт культуры адмены і клапаціцца пра расіян, у нас хапае іншых, нашмат больш пільных для нас праблем. Расійская культура — гэта ўвогуле не наша праблема, яна нас не тычыцца.
І калі мы нават у сваіх міжсабойчыках не будзем даваць максімальна месца беларусам і беларускай мове (а таксама ўкраінцам і ўкраінскай мове, бо ў тым кашмары, у якім апынулася Украіна, я не ўяўляю, як можна не падтрымліваць украінцаў усімі магчымымі спосабамі, нават калі ты маленькая і ні разу не рэсурсная супольнасць), дык як мы ўвогуле плануем выплысці?»
Хваля абурэння стала настолькі гучнай, што каманда ўзяла тайм-аўт у камунікацыі, каб вырашыць, што з гэтым рабіць.
Ад каментарыяў па тэме самі арганізатары некалькі дзён адмаўляліся, паабяцаўшы падзяліцца канчатковай афіцыйнай, узважанай і калектыўнай пазіцыяй наконт праграмы 27 мая (пры гэтым на момант паўзы ў камунікацыі поўная праграма фэсту перастала быць даступнай на афіцыйным сайце). Гэтая пазіцыя мусіць стаць адказам на крытыку грамадскасці.
Сам Антон Долін у кароткім каментарыі «Нашай Ніве» адзначыў, што яго папярэдзілі пра негатыў, які ўзнік:
«Я адказаў, што мне ўсё роўна. Ні ў якой іншай форме [негатыву] не далятала. Мы дамовіліся пакуль [з арганізатарамі] проста, што я прыеду. Тэму свайго выступу яшчэ не ведаю, шчыра кажучы».
На момант сярэдзіны дня 27 мая афіцыйных каментарыяў ад арганізатараў так і не з'явілася. Як толькі мы іх атрымаем, адразу апублікуем.
Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA стартуе 4 чэрвеня. У гэтым годзе ён мусіць прайсці адразу ў некалькіх гарадах — Тбілісі, Кракаве, Варшаве, Вільні, а таксама анлайн.
Каментары