Раней рашэнне аб забойстве дзікіх жывёл таксама прынялі ўлады Намібіі.
З-за будучага недахопу харчавання, выкліканага засухай, у Зімбабвэ заб'юць 200 сланоў. Улады ўжо далі адпаведнае даручэнне, перадае The Guardian.
На сланоў будуць паляваць у тым ліку ў найбуйнейшым запаведніку краіны — Хванге. Далей чыноўнікі плануюць «мабілізаваць жанчын, каб высушыць мяса, спакаваць яго і забяспечыць дастаўку ў некаторыя абшчыны, якія маюць патрэбу ў бялку».
У Зімбабвэ цяпер жыве каля ста тысяч сланоў — «больш, чым трэба», на думку міністра навакольнага асяроддзя. З ім не згодныя некаторыя эксперты і зоаабаронцы. Яны лічаць, што ва ўладаў павінны быць больш экалагічныя метады барацьбы з засухай, і непакояцца, што рашэнне аб забойстве сланоў можа адштурхнуць турыстаў па этычных меркаваннях.
«Мы ўжо паказалі, што дрэнна захоўваем прыродныя рэсурсы, а наш апетыт да незаконна нажытых багаццяў не ведае межаў, таму гэта трэба спыніць, таму што гэта неэтычна», — кажа дырэктар Нацыянальнага цэнтра па кіраванні прыроднымі рэсурсамі Фарай Магуву.
Раней рашэнне аб забойстве дзікіх жывёл дзеля харчавання прынялі ўлады Намібіі. Звяроў знішчаць там ужо пачалі.
Зімбабвэ і Намібія, разам з яшчэ некалькімі краінамі Паўднёвай Афрыкі, абвясцілі надзвычайнае становішча з-за засухі.
Паводле ацэнак ААН, каля 42% зімбабвійцаў жывуць у беднасці. Улады краіны лічаць, што шэсць мільёнаў, або больш за траціну насельніцтва, будзе мець патрэбу ў харчовай дапамозе з лістапада па сакавік, калі з ежай асабліва цяжка.
Каментары