«Хлеб — ад прастуды, для зуба — ножка часнаку». Апублікаваная частка апавяданняў, якія юрыст Максім Знак напісаў у СІЗА, і гэта вельмі таленавіта!
Апублікаваная першая частка апавяданняў «Зэкамерон» палітвязня Максіма Знака пра жыццё і стасункі паміж людзьмі ў зняволенні. Акрамя апавяданняў, за часы зняволення адвакат паспеў напісаць таксама шэраг вершаў і фантастычную аповесць.
«Усяго мы сабралі пакуль сто апавяданняў. Гэта тое, што Максім змог даслаць мне і іншым людзям. Пазней будзе яшчэ адзін цыкл апавяданняў пра юрыстаў», — расказаў бацька Максіма Аляксандр Знак.
Творы апублікаваў расійскі літаратурна-мастацкі і грамадска-палітычны часопіс «Знамя». Неўзабаве апавяданні выйдуць асобнай кнігай у расійскім выдавецтве «Время».
Вось усяго пара апавяданняў з будучага зборніка, таленавітых і поўных гумару.
Стаматолагі
Ён прыйшоў з допыту з такім тварам, з якім у труну кладуць.
— Чо, яшчэ эпізодаў падкінулі? Ці сківіцу перабілі?
— Ды не. Зуб баліць. Разбалеўся і баліць.
Гэта сапраўды было сур'ёзна.
— Тут можна да зубнога запісацца?
— Можна-можна, але ты падумай добра, можа, лепш так?
— А што такое?
— Сам не быў, але расказвалі, што ім забаронена лячыць — толькі рвуць.
— Ды лухта гэта, — уступіў яшчэ адзін. — Лечаць, хоць рвуць часцей. Праўда, калі лечаць — не абязбольваюць.
— А нельга за грошы замарозку ўзяць?
Пытанне было сур'ёзнае, але ўсе пасмяяліся.
— Не, вядома.
— Паспрабуй лепш сам палячы. Сала ёсць, часнок таксама.
— Анальгін, дарэчы, там у бары ёсць.
— Анальгін — гэта свавольства. Не лечыць, а проста боль здымае. Вазьмі лепш сала, пакладзі на гэты зуб. І патрымай. Каму вэнджанае дапамагае, каму такое.
— Сала — глупства. Лепш часнок. Бярэш зубчык, чысціш і кладзеш: калі злева баліць, то на правае запясце, а калі справа зуб, то на левае. Толькі моцна доўга не трымай, спаліш вену.
— А мы часнаку ножку палілі і дыхалі для зуба.
— Скарыначку хлеба, можа?
— Не, хлеб ад прастуды. Для зуба — ножка часнаку.
— Я ў ЛПП калі быў, цукрам лячылі. На лыжку — некалькі кавалачкаў цукру, яно гарыць — ты дыхаеш.
— І што? Перастае балець?
— Проста крышыцца балючы зуб і ўсе іншыя, калі хворыя ёсць. Толькі карані застаюцца.
Дарадца шырока ўсміхнуўся, паказаўшы абодва зубы. Усіх выслухаўшы, ён пачаў лячыць свой зуб салёным салам. Але потым выпіў апошнюю таблетку анальгіну. На час гэта павінна было дапамагчы.
Сямейная вячэра
Ён зайшоў, і адразу стала зразумела — першаход. Нярвовы, трохі пабіты, ды яшчэ нейкі абскубаны, у даўно не мытым адзенні. Яго прынялі, даведаліся, хто і за што, далі чаю. Ён працягваў трывожна глядзець па баках, але трохі супакоіўся. Калі ў калідоры загрукалі лыжкамі, нехта спытаўся ў яго: «Ты як? Есці сам будзеш ці з усімі?» Ён, вядома, не зразумеў, але яму патлумачылі, што хата — абшчаковая, каму што заходзіць з волі — усе дзеляцца, кожны можа браць з абшчаку. Але калі не хочацца — можаш сваё хаваць у кэшар (сумку для рэчаў). А яшчэ часам аб’ядноўваюцца ў «сем'і» — маленькія суполкі з «агульным».
Ён, здаецца, усё адно нічога не разумеў, але заківаў — «я як усе!» Калі ўбачыў цыбулю, каўбасу і сала, зразумеў нарэшце і назваў макароны, што яшчэ памяталі курыцу, «выдатнай сямейнай вячэрай». Мабыць, вялікая сям'я спадабалася.
Дні ляцелі, і ляцелі перадачы. Макароны змяняліся бульбай, а бульба — макаронамі. Ён прыжыўся і ўжо сам расказваў новенькім, што ды як. Не на правах старэйшага, вядома, а проста па дробязі, калі да слова было.
Перадач да яго не даходзіла, хоць лісты ён камусьці пісаў, выпрасіўшы канверты. Так бывае. Шмат у каго так было.
Калі разносчык перадач выгукнуў яго прозвішча, ён спачатку разгубіўся, а потым рынуўся да кармушкі, на хаду выкрыкваючы імя-імя па бацьку і год нараджэння. «Кабан» (перадача) зайшоў багаты. Пад 30 кіло і ў прыгожай сумцы. Калі вечарам яго паклікалі да стала, ён проста сказаў: «Дзякуй, мужыкі, цяпер я сам».
Гараскоп
Гумарыстычныя каналы па целіку не заходзілі, але гараскоп быў годнай заменай. Нішто тут так не весяліла, як чытанне пра дзіўныя магчымасці ці пра кучу суровых рызык, якія нясе будучы дзень. Калі ты ведаеш, што дзень будучы будзе такі ж, як папярэдні, наўрад ці што зменіцца, нават калі Месяц будзе ў Сатурне.
— Зоркі кажуць! — абвяшчала вядоўца, а яны параготвалі з недарэчных спроб інтэрпрэтацыі волі зорак.
Праблемы на працы, кажаце? Магчыма, гадоў праз пяць! Унікальны шанец для развіцця рамантычных стасункаў?! Дзякуй, зоркі, не трэба. Толькі не тут.
Уласна, з зоркамі яны маглі мець стасункі без тэлевізійных пасярэднікаў. Зоркі прыходзілі да іх штодня па плане: у восем і ў дзевяць, раніцай і вечарам. Калі зоркі рабілі якія прадказанні, яны абавязкова спраўджваліся: казённая хата, далёкая дарога… Гэтыя зоркі не ашуквалі і словаў на вецер не кідалі. У адрозненне ад гараскопа, казалі мала і па справе.
Аднойчы ў ранішнім ТБ-шоу яны ўбачылі запрошаную госцю, нейкую лакальна знакамітую астралагіню. Аўдыторыя ўжо была падрыхтаваная і разагрэтая. А шостай раніцы ўсе «аўны» і «блізняты» з іх хаты ўжо ўтаропіліся ў зомбі-скрыню для складання планаў на дзень.
І вось, дзве жыццярадасныя дзяўчыны-вядоўцы абвясцілі дзесяці голеным мужыкам: «Мы вітаем усіх тых, хто, як і мы, устаў сёння з пеўнямі!»
Голеныя мужыкі напружыліся, з асцярогай азірнуліся, і толькі потым стрымана заржалі. Затое, калі астралагіня сказала («рыбам», ці што?), што вам сёння не трэба ні пра што хвалявацца, бо «зоркі на вашым боку», ніхто не стрымваўся. Зоркі заўсёды былі на іх боку, але ў адмысловай манеры.
***
Адвакат Максім Знак быў асуджаны на 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за «заклікі нашкодзіць бяспецы Рэспублікі Беларусь», «змову з мэтай захопу ўлады» і «стварэнне экстрэмісцкага фармавання». А пачалося ўсё з таго, што ён далучыўся да штаба Віктара Бабарыкі і пасля затрымання кандыдата прадстаўляў яго інтарэсы ў Цэнтрвыбаркаме.
Пасля выбараў Знак, як і Марыя Калеснікава, увайшоў у прэзідыум Каардынацыйнай рады. І амаль адначасова з ёй быў затрыманы. Цяпер ён знаходзіцца ў калоніі №3, што ў гарадскім пасёлку Віцьба.
Адрас для лістоў палітвязню, рэцэнзій і водгукаў на яго расказы:
ПК №3, 211322, Віцебская вобласць, г. п. Віцьба, Максіму Аляксандравічу Знаку.
Каментары