На польска-беларускай мяжы вядуцца работы па будаўніцтве электроннага бар'ера на памежнай рацэ Буг, паведаміла памежная служба Польшчы. Бар'ер павінен дапамагчы ў барацьбе з памежнай злачыннасцю, нелегальнай міграцыяй і кантрабандай, піша Белсат.
«Працягласць электроннага бар'ера, які цалкам знаходзіцца ў зоне дзеяння Надбужанскага аддзела Памежнай службы Польшчы, на гэтым участку складзе каля 172 кіламетраў. Ён будзе ўключаць у сябе, у прыватнасці, каля 1800 слупоў з камерамі, каля 4500 камер дзённага і цеплавізійнага назірання, а таксама спецыяльныя датчыкі для выяўлення розных фізічных асаблівасцяў аб'ектаў», — піша памежная служба Польшчы.
Ужо ідзе расчыстка тэрыторыі ад дрэў і кустоў, а затым усталёўваюцца слупы для камер і мантуюцца сістэмы электразабеспячэння.
«Архітэктура і прынцып працы абароны забяспечаць аўтаматызаваную бесперапыннасць і эфектыўнасць маніторынгу і аховы дзяржаўнай мяжы, а таксама распазнаванне, ідэнтыфікацыю пагроз і асоб, якія іх учынілі, збор доказаў і правядзенне мерапрыемстваў, накіраваных менавіта на затрыманне парушальнікаў», — адзначае памежная служба Польшчы.
Электронны бар'ер спраектаваны такім чынам, што на ўсёй яго працягласці не будзе сляпых зон.
На будаўніцтва бар'ера адведзены год і плануецца выдаткаваць больш за 279 мільёнаў злотых (каля $ 71 млн). Інвестыцыі сафінансуюцца Еўрапейскім Саюзам.
Каментары