Сын Усамы бен Ладэна, якога лічылі мёртвым, будуе лагеры для тэрарыстаў
Хамза поўны рашучасці працягваць справу бацькі.
У 2019 годзе прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што амерыканскія вайскоўцы забілі сына Усамы бен Ладэна — 34-гадовага Хамзу бен Ладэна. На той момант яго лічылі лідарам тэрарыстычнай арганізацыі «Аль-Каіда», якая пад кіраўніцтвам яго бацькі ў 2001 годзе здзейсніла атакі на Сусветны гандлёвы цэнтр у Нью-Ёрку і Пентагон, піша Bild.
У 2019 годзе Белы дом паведамляў, што Хамза бен Ладэн быў забіты падчас антытэрарыстычнай аперацыі «ў афгана-пакістанскім рэгіёне». Аднак новыя звесткі разведкі сведчаць, што Хамза бен Ладэн усё яшчэ жывы.
Брытанскае выданне Mirror прыводзіць цытату з даклада разведкі: «Хамза бен Ладэн не толькі жывы, але і актыўна ўдзельнічае ў адраджэнні «Аль-Каіды». Ён падняўся на вяршыню «Аль-Каіды» і накіроўвае яе да самага моцнага Адраджэння з часоў вайны ў Іраку».
Паводле справаздачы, сын бен Ладэна праводзіць большую частку часу ў афганскім горадзе Джэлалабад, размешчаным за 150 кіламетраў ад Кабула. Разам са сваім братам Абдулой Хамза, як сцвярджаецца, арганізаваў дзесяць лагераў «Аль-Каіды» для падрыхтоўкі тэрарыстаў.
«Паралелі паміж цяперашняй сітуацыяй і прэлюдыяй да тэрактаў 11 верасня выклікаюць трывогу. Хамза поўны рашучасці працягваць справу бацькі. Пад яго камандаваннем «Аль-Каіда» перагрупоўваецца і рыхтуецца да будучых нападаў на заходнія мэты», — цытуе Mirror даклад разведкі.
Як мяркуецца, талібы, якія захапілі ўладу ў Афганістане пасля вываду амерыканскіх войскі, праводзяць рэгулярныя сустрэчы з Хамзой бен Ладэнам.
«Лідары талібаў падтрымліваюць з ім сувязь і праводзяць рэгулярныя сустрэчы. Яны забяспечваюць бяспеку яму і яго сям'і. Гэтая глыбокая сувязь паміж «Аль-Каідай» і «Талібанам» павінна быць даследавана заходнімі ўрадамі», — цытуе Mirror справаздачу разведкі.
Улады ЗША пакуль што афіцыйна не каментуюць гэтыя паведамленні.
Каментары