Ад майнінг-гатэля да сэкс-шопа і вытворчасці сметніц. Які гатовы бізнэс прадаюць у Беларусі
Каб стаць бізнэсоўцам, часам зусім не абавязкова пачынаць з нуля. Можна проста набыць справу, што ўжо дзейнічае, і гэта дазволіць пазбегнуць доўгага этапу падрыхтоўкі і наладжвання працэсаў. «Наша Ніва» паглядзела, які гатовы бізнэс і па якіх цэнах прадаюць у Беларусі.
Часцей за ўсё ў нашай краіне прадаюць аб'екты грамадскага харчавання, салоны прыгажосці і станцыі тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў. Але сярод іншага сустракаюцца і даволі экзатычныя прапановы.
Танная электрычнасць для майнінгу крыптавалюты
У вёсцы Прылепы Смалявіцкага раёна здаецца ў арэнду гатовы бізнэс у выглядзе профільнага памяшкання, прызначанага пад майнінг-гатэль (памяшканне для здабычы крыптавалюты), дата-цэнтр, серверную залу.
«Нізкія тарыфы на электраэнергію, сучасная сігналізацыя, якая адпавядае ўсім патрабаванням для гэтага памяшкання. Новыя КТП магутнасць 630 і 160 КВт, відэаназіранне, высакахуткасны інтэрнэт», — пазначана ў апісанні да аб’екта.
Прызначэнне памяшкання — адміністрацыйны цэнтр майнінгу і дыягностыкі камп'ютарна-электроннай тэхнікі.
Кошт арэнды — 2600 даляраў за месяц.
Вытворчасць сметніц з «лідзіруючай пазіцыяй на рынку»
У Бабруйску за 70 000$ прадаецца бізнэс па вытворчасці сметніц. Прадпрыемства працуе ўжо чатыры гады. Штат налічвае 12 чалавек. Цяперашні ўласнік абяцае, што ўжо праз год патрачаныя на куплю бізнэсу грошы вернуцца.
«Спецыялізуемся на пастаўках металічных кантэйнераў і бункераў. У гэтым сегменце займаем лідзіруючую пазіцыю на рынку. Бізнэс дзейны і прыбытковы, цалкам абсталяваны і адладжаны. Маецца патэнцыял для далейшага развіцця», — завабліваюць у апісанні.
Збор сасновай жывіцы і ложкі для персаналу
На тэрыторыі Мінскага раёна за амаль сто тысяч даляраў прадаецца вытворчасць па зборы сасновай жывіцы. Заяўлены час акупнасці — 12-14 месяцаў.
У актыве прадпрыемства значыцца лясны фонд 600 Га (плюс рэзерв 400 Га), 205 тысяч штук прыёмнага абсталявання жывіцы, пяць аўтамабіляў УАЗ, адзін прычэп да УАЗа і 4 легкавыя аўтамабілі.
На прадпрыемстве арганізаванае пражыванне рабочага персаналу, таму, апроч вышэй пералічанага, за 98000$ новы гаспадар бізнэсу атрымае 12 ложкаў, 12 матрацаў, 3 булер'яны (печ) для трох бытавых вагонаў, 2 бензагенератары, халадзільнік, 2 тэлевізары, 3 газавыя пліты і г.д.
Сэкс-шоп: Прычына продажу — пераезд у іншую краіну
За 16 тысяч даляраў прадаецца інтэрнэт сэкс-шоп, які працуе з 2018 года.
«Прадаецца паспяховы сэкс-шоп з бізнэс-планам на бліжэйшы год. У крамы бездакорная рэпутацыя сярод кліентаў (не было ні воднага дрэннага водгуку за ўвесь час працы, а ўсе адзінкавыя негатыўныя моманты заўсёды вырашаліся адразу ж з поўным задавальненнем кліента). Дзякуючы гэтаму, крама мае вялікую зваротнасць кліентаў», — гаворыцца ў апісанні.
Апроч самога сайта, новы ўласнік атрымае наладжаную кампанію ў Google Ads, акаўнты ў сацыяльных сетках, базу пастаўшчыкоў і нават суправаджэнне працы цягам першых трох месяцаў.
Прадавец сцвярджае, што пры захаванні тэмпу працы тэрмін акупнасці крамы складзе паўтара года.
Заяўленая прычына продажу крамы — пераезд уладальніка ў іншую краіну на ПМЖ.
Вытворчасць інструментаў, якая працуе з савецкіх часоў
За 150 тысяч рублёў (каля 60000$) прадаецца прадпрыемства па вытворчасці абразіўнага і металарэзнага звышцвёрдага інструмента. Вытворчасць наладжаная яшчэ ў часы СССР.
«Прадаецца поўны камплект абсталявання для вырабу абразіўнага (кругі, галоўкі, брускі) і металарэзнага інструменту (без будынка). Вытворчасць існуе 32 гады. Кліентамі з'яўляюцца вядучыя заводы рэспублікі (МТЗ, БМЗ, БелАЗ, МАЗ і іншыя) і Расіі. Усяго больш за 100 спажыўцоў», — пішуць ў аб'яве.
Дэтэйлінг-цэнтр у Мінску
За 600 тысяч рублёў (каля 243 тысяч даляраў) у Мінску прадаецца дэтэйлінг-цэнтр (там аказваюцца паслугі поўнага догляду аўто).
«Прадаецца сучасная дэтэйлінг-студыя ў Мінску з усім абсталяваннем і таварным знакам. Памяшканне абсталяванае і спецыялізаванае пад аказанне паслуг па дэтэйлінгу. Маецца істотны запас хіміі», — гаворыцца ў апісанні.
Памяшканне ў кошт бізнэсу не ўваходзіць. 537 м² знаходзяцца ў арэндзе. Само прадпрыемства заснаванае ў 2020 годзе. Пра тэрміны акупнасці інфармацыя не пазначаная.
Таямнічая бургерная
З больш звыклага ў Мінску прадаюць рэстаран-бургерную за 350000$. Дакладнае месцазнаходжанне, назву ўстановы і фота інтэр'еру прадавец хавае ў таямніцы.
Пасля апісання ўсіх пераваг установы, якая знаходзіцца ў «вельмі прахадной лакацыі», прадавец дадае, што неабходная фінансавая інфармацыя, а таксама іншыя звесткі пра бізнэс паведамляюцца толькі па запыце.
Рэстаран, «які працуе першы год і толькі набірае абароты»
У два разы танней за таямнічую сталічную бургерную прадаецца рэстаран у цэнтры Ліды на сто пасадачных месцаў.
«Вядомае і папулярнае месца ў горадзе, наладжаная кліенцкая база, пастаянны стабільны даход», — рэкламуюць сваю ўстанову цяперашнія гаспадары рэстарана, выстаўленага на продаж за 170 тысяч даляраў.
«Рэстаран працуе 3 дні на тыдзень (пятніца-нядзеля), нават пры гэтай мінімальнай загружанасці штомесячны прыбытак складае 15 тысяч рублёў. Пры гэтым рэстаран працуе першы год і толькі набірае свае абароты», — адзначаюць гаспадары.
Каментары