Кіраваць Музеем Янкі Купалы паставілі чалавека з Музея Вялікай Айчыннай
Ранейшую дырэктарку ўстановы звольнілі па палітычных матывах.
Міністр культуры Анатоль Маркевіч прэзентаваў калектыву Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы новага кіраўніка Ганну Галінскую. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў музеі.
Больш за 20 гадоў Ганна Галінская адпрацавала ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, 9 з іх — намесніцай дырэктара па навуковай рабоце.
Папярэднюю дырэктарку літаратурнага музея Янкі Купалы Алену Ляшковіч звольнілі з пасады 5 студзеня. Прычынай адстаўкі Ляшковіч стала яе прынцыповая пазіцыя — экс-дырэктарка адмовілася звальняць сваіх супрацоўнікаў па палітычных прычынах.
Алена Ляшковіч кіравала дзейнасцю Літаратурнага музея Янкі Купалы 15 гадоў. За гэты час у музеі і філіялах былі створаныя новыя экспазіцыі, адной з першых у Беларусі музейная ўстанова задзейнічала ў экспазіцыйнай прасторы мультымедыйныя сродкі, музей быў ініцыятарам шматлікіх праектаў.
Усяго вядома пра больш як 300 палітычна матываваных звальненняў у сферы культуры.
Каментары