«Белавежская пушча апранаецца ў плітку. Прычым вельмі актыўна. Усё магчымае, што можна пакрыць, усё пакрываецца», - кажа эколаг Валер Дранчук.
Летась Рада Еўропы часова прыпыніла Еўрапейскі дыплом Белавежскай пушчы.
Дыплом Рады Еўропы — прэстыжная ўзнагарода для нацыянальных паркаў і запаведнікаў, якой адзначаюцца заслугі ў справе аховы прыроды. Нацыянальны парк «Белавежская пушча» атрымаў яго ў 1997 годзе за папярэднія поспехі ў справе захавання некранутай прыроды Белавежскага рэліктавага лесу.
Умовай для падаўжэння ўзнагароды была распрацоўка Плана ўпраўлення паркам на найбліжэйшыя 10 гадоў і прэзентацыя яго камітэту Рады Еўропы па пытаннях захавання біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці. На пачатку гэтага году план нарэшце распрацавалі і ўхвалілі.
Валер Дранчук, публіцыст і актывіст экалагічнага руху, распавёў «НН», як адбываецца рэканструкцыя запаведніка.
«Белавежская пушча апранаецца ў плітку. Прычым вельмі актыўна. Усё магчымае, што можна пакрыць, усё пакрываецца. Арыентацыя на тое, што сюды будуць прыязджаць людзі не для таго, каб хадзіць па мяккіх сцежках і слухаць цішыню, а арыентацыя на рэстаран ды паляванні, — кажа Валер Дранчук— Закон аб нацыянальных парках арыентуе перш‑наперш на дыдактыку, на выхаванне, на асветніцкую дзейнасць. Усё, што я там бачыў, паказвае на тое, што там будзе алмазная бібліятэка нумар два».
У Белавежскай пушчы да гэтай пары некранутая прырода адмежваная ад наведнікаў вальерамі. Цяпер іх абнаўляюць, укопваючы жалезабетонныя слупы.
«Вальеры — гэта ўжо не еўрапейскі шлях развіцця запаведнікаў. — каментуе Валер Дранчук. — Некранутая прырода павінна быць на свабодзе. А ў Белавежскай пушчы не адмаўляюцца да вальераў. Гэта — дзікунства, а не ўзор выхавання».
Каментары