«Перапрызначыць самога сябе на ўзурпаваную пасаду». Латушка пракаментаваў дату прэзідэнцкіх выбараў
Палітык Павел Латушка пракаментаваў прызначэнне даты прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.
«Лукашэнка баіцца свайго народу, таму, як і з інаўгурацыяй у 2020 годзе, трымаў дату выбараў у таямніцы і прызначыў яе спадцішка», — заявіў Латушка.
Паводле яго слоў, у Беларусі адсутнічаюць базавыя ўмовы для правядзення выбараў.
«Дадзенае дзейства, якое плануе арганізаваць Лукашэнка, нельга назваць інакш, як спробай перапрызначыць самога сябе ў чарговы раз на ўзурпаваную пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», — кажа ён.
Латушка звяртае ўвагу, што ў турмах рэжыму знаходзяцца тысячы палітзняволеных. Сярод іх былыя кандыдаты на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у папярэдняй выбарчай кампаніі.
Па-другое, у Беларусі ліквідаваны ўсе незалежныя сродкі масавай інфармацыі.
Па-трэцяе, у Беларусі ліквідаваны ўсе апазіцыйныя палітычныя партыі.
Па-чацвёртае, у Беларусі ліквідавана больш за 1700 няўрадавых арганізацый, што складае больш за 50% усіх няўрадавых арганізацый, якія дзейнічалі ў Беларусі на перыяд 2020 года.
«У Беларусі створана атмасфера страху і поўнага страху і тэрору, што не дазваляе казаць аб магчымасці арганізацыі свабоднай рэгістрацыі кандыдатаў на пасаду прэзідэнта і правядзення выбарчых кампаній. Лукашэнка здзяйсняе масавыя рэпрэсіі ў дачыненні да беларускага народа, падазраецца ва ўчыненні ваенных злачынстваў, злачынстваў супраць чалавечнасці і акта агрэсіі. Яго месца не на пасадзе прэзідэнта, а ў Міжнародным крымінальным судзе», — кажа палітык.
Латушка заклікае дэмакратычных партнёраў заявіць аб немагчымасці правядзення чэсных выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «у той атмасферы страху і тэрору, якая створана ў нашай краіне».
Сёння стала вядома, што выбары прэзідэнта Беларусі прызначаныя на 26 студзеня 2025 года. Яны пройдуць ужо за тры месяцы.
Каментары
Лукашэнку дэмакратыя не патрэбная, а палітычныя (дэмакратычныя?) структуры ёй карыстацца не ўмеюць ці баяцца.