Грамадства

«На Акрэсціна амаль уся камера была беларускамоўная. А магілёўская турма нагадвала канцлагер». Журналістка пра 15 сутак за кратамі

Журналістка «Новага Часу» Дзіяна Серадзюк была затрыманая разам з мужам Яўгенам Батурам 3 сакавіка на выхадзе з царквы, дзе мусіў адбыцца малебен супраць вайны ва Украіне. Ім далі па 15 сутак. Дзіяна расказала пра сваё зняволенне.

Дзіяна Серадзюк. Фота Генадзя Верацінскага

Інтэрв'ю публікуе «Новы час».

— 3-га сакавіка ўвечары мы пайшлі гуляць на плошчу Свабоды, зайшлі ў Свята-Духаў кафедральны сабор, пабылі там хвілін 10. Усё вакол было ўжо ў міліцыі, бо там павінна была быць малітва супраць вайны. На выхадзе з царквы нас акружылі трое ў цывільным: «Здравствуйте, мы сотрудники милиции. Можно ваши документы?»

Дакументаў у нас з сабой не было. «Пройдёмте тогда с нами». Заднім чыслом пасля я зразумела, што можна было паспрабаваць не пайсці. Але не ведаю: ці было б гэта непадпарадкаваннем?Павялі нас у аўтобус, адразу тэлефоны сказалі выключыць, забралі, паклалі на сядзенне. Сядзім. Адчыняюцца дзверы — заходзіць у аўтобус хлопец, размаўляе па тэлефоне. Праз некалькі секунд паднімае вочы: «Ой, а гэта што, не экскурсійны аўтобус?» (смяецца)

Пасля нас перавялі ў бус. Завялі туды яшчэ трох дзяўчатак: адной 18, дзвюм — па 17. Яны вучацца на экскурсаводак у каледжы, прыйшлі ў ратушу на практыку — іх там і ўзялі. Павезлі нас усіх у Цэнтральны РАУС.

У Цэнтральным РАУСе пра нас сказалі: «Это с площади». То-бок там была канкрэтная аблава. У калідорчыку ляжаў парваны плакат «Не вайне». Нас адразу пасадзілі ў «клетку», а побач з «клеткай» сядзеў нейкі «цывільны» міліцыянт. Мужу ён сказаў:

— Я буду на вас складаць пратакол за непадпарадкаванне.

— Якое непадпарадкаванне? — абурыліся мы. — Не было ж нічога такога!

— Ну, вы ж разумееце: мая справа проста напісаць.

Потым Жэню забралі, а ў мяне зрэзалі шнуркі. І павялі мяне ў бетонную каробку: 4,5х5 крокаў, бруднага цёмна-шэрага колеру, бетонныя сцены, кафля на падлозе, халодная бетонная лава. Памяшканне гэтае знаходзіцца каля прыбіральні, вентыляцыя працуе, і таму ўсе пахі цыркулююць па гэтай каробцы. Там сядзела адна жанчына без пэўнага месца жыхарства, з якой мы пасля на Акрэсціна апынуліся. Прывялі таксама адну з «экскурсаводак» — 18-гадовую.

Я думала, што мяне адпусцяць, бо на мяне не склалі пратакол. Але не: выклікаюць і складаюць пратакол, што я была затрыманая па падазрэнні ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, а на выхадзе з машыны каля РУУса я «пачала аказваць непадпарадкаванне». Я сказала, што гэта ўсё няпраўда, і ў пратаколе напісала, хаця разумела, што гэта нічога не дасць. Але агучыць трэба было.

Потым жанчыну асацыяльнага выгляду забралі, і мы з 18-гадовай дзяўчынай былі ўдвох у бетоннай каробцы. Спалі на бетоннай лаўцы. Сну амаль не было. Раніцай нас павезлі — восем чалавек: мы ўдвох, Жэня, астатнія мужчыны. Калі выводзілі, нас называлі «кантрольнымі», а «непалітычных» — «бічамі».

Прыкавалі адно да аднаго кайданкамі і павезлі ва «ўазіку» ў Цэнтральны суд, куды перадалі нашы справы. З суда — у ЦІП на Акрэсціна. Адзін міліцыянт нас з маёй суседкай называў «бабкамі», а мужчын — «дзядзькамі»: «Бабки, сюда! Бабки, стоять! Дядьки, лицом в стену!»

Судзілі па Скайпе. Прыгавор мяне не здзівіў, бо я ведала, што ўсім папярэднім далі па 15 сутак. То чаму і мне не маглі даць.

Потым мяне прывялі ў камеру на трэцім паверсе. Камера вясёленькая: з жоўтымі сценамі, там да мяне было ўжо 11 чалавек на два месцы (плошча ўсёй камеры прыкладна 9 «квадратаў»), я дванаццатая. Дзве бяздомныя жанчыны (у тым ліку тая, з якой я была ў «клетцы»). Дарэчы, са знакамітай Алай Ільнічнай, пра якую расказвала Вольга Хіжанкова, мы пазней таксама сядзелі.

Калі мяне забралі, я разумела, што ўнутры мяне ўжо нейкі пералом адбыўся: я да гэтага была гатовая. Падумала: «Ну, вось яно. Сказала, што гатовая, — калі ласка». У мяне ўжо не было трывожнасці, я ўсё ўспрымала як дадзенасць. Трымцела толькі, калі затрымлівалі і перавозілі, і асабліва калі выпускалі, хвалявалася: выпусцяць ці не? Усё роўна арганізм рэагуе на стрэс, а так, у прынцыпе, я ведала, што я гэта перажыву, нічога смяротнага тут няма.

Пераймалася адно, каб не білі, бо і на Акрэсціна, і пазней у Магілёве мужчын збівалі — «непалітычных», наколькі я разумею. Было чуваць крыкі, з імі па-быдляцку абыходзіліся.

У душ нас не вадзілі, перадач у ЦІПе не было, але была гарачая вада і можна было хоць неяк з бутэлек мыцца. Як скарб у нас была зубная паста, што засталася ад кагосьці з «непалітычных». Зубы чысцілі пры дапамозе ахоўных масак. Іх жа можна было выкарыстоўваць у якасці мачалак, гумак для валасоў, губак для мыцця посуду, замест шнуркоў, у якасці фіксатараў для дзвярэй у прыбіральні… Плюс яшчэ мы маглі прыбірацца.

Спалі збольшага на падлозе. Нары там з жалезнымі рашоткамі, на іх немагчыма нават сядзець, не тое што ляжаць. Дзяўчаты, якія спалі на іх, потым усе ў сіняках былі. А я спала на самым класным месцы — пад нарамі на падлозе.

Ад «непалітычных» з іншай камеры дзяўчаты змаглі перацягнуць вялікую кніжку філвордаў на 450 старонак, і асадка таксама была, таму некалькі дзён у нас нават быў нейкі інтэлектуальны занятак. Але неўзабаве падчас «шмону» яе забралі.

Жанчына з Расіі, якая выйшла на вакзал расклейваць налепкі «Не вайне», прыгожа чытала нам вершы на памяць: «Маналог Гамлета» Шэкспіра — «быть или не быть», яшчэ нешта пра вайну… Яна лічыць, што Ленін — гэта добра, што трэба вярнуцца ў камунізм, але пры гэтым яна і супраць Пуціна адначасова.

12 сакавіка нас удвох з «экскурсаводкай» забралі на этап. Мы думалі, што павядуць у Жодзіна, а выявілася, што мы едзем на Магілёў, бо жодзінская турма перапоўненая.

Адносна ежы на Акрэсціна — выжыць можна. Але ў Магілёве кормяць лепш, хоць і там, і там за харчаванне вязням налічваюць па 16 рублёў на дзень. У астатнім у Магілёве канцлагер у параўнанні з Акрэсціна.

У магілёўскую турму нас перавозілі ў аўтазаках (дарэчы, першы раз ехала ў аўтазаку). Прывезлі — адразу ў кайданкі, «лицом к стене», лаянка. Павялі на дагляд. На Акрэсціна дагляд з распрананнем быў толькі адзін раз. А ў Магілёве гэта тры разы на дзень.

Там нас кожны дзень пераводзілі ў новую камеру — каб не прывыкалі, каб не было камфортна. Магілёўская турма вельмі брудная, там усё старое, вельмі холадна, мы моцна мёрзлі. Канечне, ніякіх пасцеляў, нічога такога нам не давалі, але, з іншага боку, і дзякуй Богу, бо невядома, што водзіцца ў тых матрасах. Не было гарачай вады, таму памыцца нават з бутэлькі было цяжка. Вельмі хацелася ў душ і… фруктаў. Там жа адны кашы-кашы-кашы, страшна не хапае чагосьці жывога.

Самым складаным было ноччу спаць — таму што холад. Калі не рухаешся, ён яшчэ ўзмацняецца. Нары ў іх драўляныя, не жалезныя, але яны ўсё адно халодныя і жорсткія. Спалі па два чалавекі. Можна было на падлозе, каля батарэі, але там таксама ад дзвярэй дзьмула, мы затыкалі гэтыя шчыліны як маглі.

Калі нас было 8, мы былі ў чатырохмеснай камеры, а калі нас стала 5, яны пачалі цягаць нас па двухмесных.

На Акрэсціна дні досыць хутка ішлі. Там можна было днём спаць. На нарах ляжаць нельга, сядзець можна, а на падлозе ўдзень можна было драмаць. У магілёўскай турме час цягнуўся вельмі марудна. Нам забаранялі ўдзень і сядзець на нарах, і ляжаць на падлозе, і спаць. А яшчэ там з 6 вечара да 10 раніцы грае Першы нацыянальны канал Беларускага радыё. Пачынаецца ўсё з гімна, і потым цэлы дзень прапаганда — за рэдкімі выключэннямі ў выглядзе культурніцкіх і віншавальных перадач.

У камерах са мной былі людзі ад 18 да 70 гадоў — такая вось разбежка. Адна жанчына выйшла з плакатам «Нет войне», яна прашла літаральна трошкі, спусцілася ў падземны пераход, там міліцыянты падышлі і папрасілі прыбраць плакат, а пасля дагналі і забралі яе. Далі 10 сутак. 70 гадоў жанчыне.

Была з намі іншая жанчына, якая ўсім міліцыянтам гаварыла: «Приходите ко мне на чашку чаю» (смяецца). Яшчэ адной далі 10 сутак за тое, што яны з сяброўкай ішлі міма ўкраінскай амбасады і проста затрымаліся паглядзець на развешаныя там цацкі. Яе сяброўцы далі сто базавых штрафу — таму што ў яе непаўналетняе дзіця.

18-гадовую студэнтку, якая каля кінатэатра «Беларусь» хацела наклеіць «Не вайне», схапілі літаральна праз хвіліну. Судзілі яе не за пікетаванне, не за налепкі, а за «непадпарадкаванне». Яна абуралася: чаму нельга было асудўіць за тое, што ёсць, навошта такая няпраўда?

Мне цяжка сказаць, што адбываецца ўнутры сістэмы цяпер, але некаторыя з турэмшчыкаў разумеюць усё, што адбываецца, спачуваюць. Яны проста робяць сваю працу, таму што ўсё роўна «так трэба». Тыя, хто робяць па-быдляцку, не разумеюць. Былі такія, хто пыталі: «А за што вас?» Мы адказвалі, што фактычна ні за што. «А што, так можна было? Я б тады палову Магілёва перасадзіў бы!»

Але за кратамі сядзяць класныя людзі. У нас камера на Акрэсціна была амаль уся беларускамоўная, дык і міліцыянты сталі нам па-беларуску адказваць, хоць гэта нібыта з іх боку сцёб, але ўсё ж.

Жанчыне-расіянцы, якую затрымалі на вакзале за ўлёткі, міліцыянт так і сказаў: «За ўлёткі!» (смяецца). Таму працэсы ідуць, як бы там ні было. Нас — большасць, бо каго ні затрымай — усе «нашы». Гэта надае нейкай надзеі.

Не магу сказаць, што гэта быў для мяне траўматычны досвед. Бо ў мяне неяк псіхіка адключылася, і я ўсё гэта ўспрымала як сон. Я ведаю, што мая рэальнасць іншая, я жыву ў іншым свеце, а гэта — нейкі сюр, які трэба проста перажыць, і ўсё. І выйсці з яго.

Адзінае, за што я перажывала, — гэта за свой фізічны стан, таму што калі было холадна, я думала, што застудзіла сабе ўсё, што толькі можна.

Апошнія хвіліны былі хутчэй трывожнымі, чым радаснымі. Цяжкімі. Я хвалявалася, што не выпусцяць, бо на Акрэсціна дзвюх дзяўчын, якія адсядзелі 15 сутак, выклікалі трошкі раней і далі ім яшчэ па 15. Гэта такая рулетка, калі ты не ведаеш, што табе могуць прыдумаць. Дзяўчыну, якую са мной затрымлівалі, павінны былі выпусціць праз 10 хвілін пасля мяне, а яе пасля абеду забралі, і я думала, што гэта падазрона рана — напэўна, яе на новы пратакол павезлі. Але абышлося. Выпусцілі.

Першыя дні на Акрэсціна я не магла думаць пра дом — гэта было штосьці недасяжнае. А ўжо апошнія дні я ўяўляла пастаянна, як вы мяне сустракаеце. Я адчувала вашу салідарнасць, пачынаючы з таго, што на суд прыехалі. Я была ўпэўненая, што вы ведаеце, што вы падымаеце нейкі шум, таму салідарнасць адчувалася. Дзякуй вялікі ўсім, хто падтрымліваў, і асабліва маім родным!

Каментары

Што за чамадан носіць каля Лукашэнкі ягоны ахоўнік? Не, там не ядзерная кнопка20

Што за чамадан носіць каля Лукашэнкі ягоны ахоўнік? Не, там не ядзерная кнопка

Усе навіны →
Усе навіны

Тыль Швайгер расказаў, у якім жанры зняў бы фільм пра Беларусь. Вы здзівіцеся11

Мігрант на беларуска-польскай мяжы схаваўся за прыбіральняй. Але не ўлічыў адзін нюанс ВІДЭА2

Фанаты распавялі, як змаглі арганізаваць перфоманс на матчы ў Варшаве і як змагаліся з п'янымі правакатарамі

Імаверны прэм'ер Літвы: Штучныя абмежаванні для беларусаў нелагічныя. Беларусы дапамагаюць эканоміцы Літвы12

«Ты здзейсніла сапраўдны ўчынак». «Дынама» запісала ВІДЭА з падзякай жанчыне ў чырвона-зялёным23

Продажы новых аўтамабіляў у Беларусі зноў паставілі рэкорд2

«Зноў з'езджу ў Мінск, усё вырашым». Украінскі дэпутат, які прыязджаў у Беларусь, заклікаў Зяленскага да перамоваў з Расіяй10

Чаму выбаршчыкі галасавалі за Трампа?4

Гендырэктар «Беларусьфільма»: «Лістапад» — гэта БРІКС у сферы кіно3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што за чамадан носіць каля Лукашэнкі ягоны ахоўнік? Не, там не ядзерная кнопка20

Што за чамадан носіць каля Лукашэнкі ягоны ахоўнік? Не, там не ядзерная кнопка

Галоўнае
Усе навіны →