Пасольства Беларусі ў Украіне: Беларусы ставяцца да чырвона-зялёнага сцяга з трымценнем
Пасольства Беларусі ва Украіне адрэагавала на замену ля будынка гарадской рады чырвона-зялёнага дзяржаўнага сцяга Беларусі на нацыянальны бел-чырвона-белы. Гэтую інфармацыю яно ўспрыняло «з расчараваннем», гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным на сайце пасольства.
Беларускае пасольства выкарыстоўвае ў сваім звароце прапагандысцкія клішэ, якія шырока прымяняюцца падчас палітычных рэпрэсій унутры краіны. Бел-чырвона-белы сцяг называецца «сімволікай калабарацыяністаў і карнікаў беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны».
Пасол Ігар Сокал накіраваў з гэтай нагоды зварот на адрас кіраўніка Дняпра Барыса Філатава, у якім сцвярджае, што нібыта «дадзенае рашэнне гарадскіх уладаў абражае лепшыя пачуцці большасці беларусаў», бо яны, маўляў «з трымценнем ставяцца да дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь».
Таксама Сокал выказаў гатоўнасць сустрэцца з Філатавым і асабіста, каб «давесці» яму «аб'ектыўную інфармацыі аб працэсах, якія праходзяць у Рэспубліцы Беларусь».
Сцяг Беларусі каля мэрыі ўкраінскага Дняпра замянілі на бела-чырвона-белы сёння. Мясцовы гарадскі глава Барыс Філатаў спаслаўся на тое, што сцяг быў заменены па ініцыятыве грамадзян пасля выказванняў Аляксандра Лукашэнкі пра Украіну.
Каментары