Спорт

Пагроза для жаночага спорту? Чаму дэбют на Алімпіядзе першай спарстменкі-трансгендара выклікаў скандал

43-гадовая новазеландка Ларэл Хаббард увойдзе ў гісторыю як першая спартсменка-трансгендар на Алімпійскіх гульнях. Хаббард возьме ўдзел у спаборніцтвах па цяжкай атлетыцы сярод жанчын вагой +87 у панядзелак, 2 жніўня. Чаму яе ўдзел у Алімпіядзе выклікае столькі спрэчак, нават сярод тых, хто падтрымлівае ЛГБТ-супольнасць?

Што пра яе вядома?

СМІ часта характарызуюць новазеландскую спартсменку як вельмі закрытую асобу, яна рэдка давала інтэрв'ю. Гэвін (імя да змены гендарнай ідэнтычнасці) Хаббард нарадзіўся ў 1978 годзе мужчынам. Бацька спартсменкі — паспяховы бізнэсмен, які займаў пасаду мэра Окленда. 

Аднакласнікі кажуць, што Хаббард ніколі не пачуваўся камфортна сярод хлопчыкаў у сваім класе, ён адчуваў сябе няёмка і амаль ні з кім не гаварыў.

Хаббард (як мужчына) удзельнічаў у спаборніцтвах па цяжкай атлетыцы да змены гендара. Але паводле яе слоў, яна перастала сур'ёзна займацца спортам у 2001 годзе, калі зразумела, што ўдзел у традыцыйна мужчынскім відзе спорту «не зменіць таго, кім яна ёсць». 

Такім чынам Хаббард, нягледзячы на лакальныя поспехі ў юніёрскім спорце, так і не стаў паспяховым спартсменам міжнароднага ўзрозню. Яго вынікі ніколі не дазволілі б яму прэтэндаваць на месца ў мужчынскай нацыянальнай камандзе дарослага веку.

Гэвін Хаббард пачаў працэдуры па змене полу ў 2013 годзе. Да цяжкай атлетыкі, ужо як жанчына, Ларэл Хаббард вярнулася ў 2017 годзе, пасля 16-гадовага перапынку. І адразу ж заваявала сярэбраны медаль на Чэмпіянаце свету 2017 года, а затым заваявала золата на Ціхаакіянскіх гульнях 2019 года ў Самоа, што выклікала абурэнне гаспадароў турніру, бо Хаббард абыграла мясцовую спартсменку-фаварытку. Прэм'ер-міністр Самоа нават тады пакрыўджана сказаў пра Хаббард: «Што б вы ні думалі пра гэта, ён мужчына».

Цяпер Ларэл Хаббард, якая сярод мужчын не магла пахваліцца высокімі спартыўнымі вынікамі, уваходзіць у топ найлепшых спартсменак свету ў сваёй катэгорыі. Хаббард таксама з'яўляецца найстарэйшым цяжкаатлетам на гульнях ва ўзросце 43 гадоў. 

Як ёй дазволілі выступаць?

Фармальна трансгендары атрымалі права выступаць на алімпіядах з 2004 года. Але былі пэўныя ўмовы і крытэрыі для трансгендараў у жаночай катэгорыі:

  • Выдаленне яечкаў сама меней за два гады да спаборніцтваў
  • Прававы статус жанчыны
  • Гармоны ў адпаведнасці з жаночым узроўнем

Былыя жанчыны, якія хацелі выступаць сярод мужчын, мелі права ўдзельнічаць у спаборніцтвах без абмежаванняў.

Але ў 2015 годзе, напярэдадні гульняў у Рыа-2016, правілы былі скарэктаваныя, і спартсменкам-трансгендарам больш не патрабавалася праходзіць хірургічную аперацыю на геніталіях. Цяпер яны могуць спаборнічаць у жаночай катэгорыі без хірургічнага выдалення тэсцікул пры ўмове, што іх агульны ўзровень тэстастэрону ў сыроватцы крыві падтрымліваецца на ўзроўні ніжэй за 10 нанамоляў на літр на працягу не менш за 12 месяцаў. Гэта новае правіла (новазеландская спартсменка не выдяляла мужчынскія палавыя залозы) і дазволіла 43-гадовай Хаббард паўдзельнічаць у Алімпіядзе. 

Тэстастэрон — гэта гармон, які павялічвае масу цягліц. Ён прысутнічае як у мужчынскім, так і ў жаночым арганізме, але ў жанчын яго нашмат менш. Хаця трансгендарам, якія хочуць браць удзел у жаночых спаборніцтвах, дазваляецца мець тэстастэрон да 10 нанамоляў, у большасці спартсменак, якія нарадзіліся жанчынамі, узровень тэстастэрону значна ніжэйшы — ад 0,12 да 1,79 нанамоля на літр.

Сярод неабходных патрабаванняў, якія абавязаны выканаць такія транс-спартсменкі, ёсць заява, што гендарная ідэнтычнасць з'яўляецца жаночай, і што гендар не змяняўся ў спартыўных мэтах. Хаббард адпавядала фармальным стандартам, але МАК настойвае таксама на тым, што «галоўнай спартыўнай мэтай з'яўляецца гарантыя сумленнай канкурэнцыі».

Якія аргументы «за»?

Алімпійскі камітэт Новай Зеландыі падтрымаў Хаббард: «Мы прызнаем, што гендарная ідэнтычнасць у спорце з'яўляецца вельмі далікатным і складаным пытаннем, якое патрабуе балансу паміж правамі чалавека і справядлівасцю».

Прыхільнікі 43-гадовай спартсменкі з ЛГБТ-руху ўспрымаюць яе ўдзел на Алімпіядзе як пераломны момант у спорце, які ўзмацняе алімпійскі дух інклюзіўнасці і можа натхніць іншых трансгендараў займацца спортам на ўсіх узроўнях. Апытанне 2018 года ў Новай Зеландыі паказала, што транс- і небінарныя падлеткі і дарослыя амаль удвая радзей, чым насельніцтва ў цэлым, займаліся спортам. Такія людзі пазбягаюць спортзалаў, бо баяцца асуджэння.

Людзі, якія падтрымліваюць новазеландскую спарстменку, мяркуюць, што доказаў нейкай прыроднай перавагі трансгендараў перад звычайнымі жанчынамі не існуе. Спартыўныя дасягненні, упэўнены яны, гэта не толькі пра ўзровень тэстастэрону і іншыя фізічныя паказчыкі, але і пра трэніроўкі і псіхалагічны стан чалавека. 

Таксама яны мяркуюць, што паняцце «прыроднай перавагі» з’яўляецца самім па сабе спрэчным. Некаторыя людзі, у тым ліку жанчыны, нараджаюцца з якасцямі, якія робяць іх прыроджанымі спартсменамі. Напрыклад, жанчыны з высокім ростам таксама могуць мець «прыродную перавагу» ў спорце, але ж іх ніхто не абмяжоўвае ў спаборніцтвах. Ды і сама наяўнасць «прыродных пераваг» абсалютна не гарантуе чалавеку ніякіх спартыўных дасягненняў.

Прыхільнікі ўдзелу трансгендараў у спаборніцтвах упэўненыя, што яны мяняюць пол не для таго, каб атрымаць спартовую перавагу, яны проста хочуць займацца спортам у той катэгорыі, якая адпавядае іх гендарнай ідэнтычнасці.

А што кажуць крытыкі?

У шэрагу навуковых прац даведзена, што людзі, якія перажылі палавое выспяванне ў мужчынскім целе, маюць значныя перавагі ў сіле нават пасля прыёму лекаў для падаўлення ўзроўню тэстастэрону. Напрыклад, шчыльнасць костак і цягліц арганізма фарміруецца ў падлеткавым узросце.

Хаббард пражыў як мужчына 35 гадоў і не ўдзельнічаў у міжнародных спаборніцтвах па цяжкай атлетыцы. Але з моманту гендарнага пераходу ў 2012 годзе яна выйграла некалькі элітных турніраў.

Хаця трансгендары і падаўляюць у сваім арганізме тэстастэрон, яго ўзровень ўсё адно ў пяць разоў вышэйшы, чым у сярэднестатыстычнай жанчыны. Крытыкі мяркуюць, што Хаббард усё яшчэ мае несправядлівую фізічную перавагу.

Даследаванне, апублікаванае ў Брытанскім часопісе спартыўнай медыцыны, паказала, што транс-жанчыны маюць спартовую перавагу перад жанчынамі пасля года гарманальнай тэрапіі.

Бельгійка Анна Ван Беллінген, канкурэнтка Хаббард, заявіла, што прысутнасць новазеландкі ў Токіа будзе «кепскім жартам» для жанчын-удзельніц. І гэта пры тым, што сама бельгійка падтрымлівае ЛГБТ-супольнасць. Яна ўпэўненая, што гэтая сітуацыя несправядлівая ў адносінах да спорту і спартсменак. 

Таксама крытыкі мяркуюць, што справядлівасць — адна з фундаментальных асноў спорту. Бокс у няправільных пальчатках, змова з букмекерамі, допінг… Усё гэта лічыцца ў спорце несумленным, увесь спорт складаецца з падобных абмежаванняў. Баксёры-цяжкавагавікі ніколі не б'юцца з легкавагавікамі. Мужчыны і жанчыны спаборнічаюць асобна ў большасці відаў спорту. Гэта даўно прынятыя нормы. Мяркуецца, што выступленне транс-жанчын разам са звычайнымі жанчынамі можа парушыць гэты баланс справядлівасці. Без асобнай катэгорыі для жанчын у алімпійскіх фіналах іх бы проста не было. 

Таксама некаторыя навукоўцы і спартыўныя функцыянеры мяркуюць, што зніжэнне тэстастэрону амаль не ліквідуе біялагічныя адрозненні паміж мужчынамі і жанчынамі. Было праведзена вельмі мала даследаванняў, таму няма доказаў таго, што зніжэнне тэстастэрону ліквідуе перавагу ў мышачнай масе, сіле, памеры цягліц або шчыльнасці касцяных тканак. 

Прыхільнікі трансгендараў у спорце кажуць, што транс-жанчыны не з’яўляюцца небяспечнымі для спорту, бо яны яшчэ нічога толкам не выйгралі. Але крытыкі на гэта адказваюць, што спартсмены, якія змянілі свой гендар, былі вельмі сярэднімі, вось і ўся прычына. 

Таксама крытыкі баяцца, што многія жанчыны і дзяўчаты цяпер падумаюць, што спорт не для іх, паколькі транс-жанчыны ўжо пачалі выцясняць жанчын са спаборніцтваў. Напрыклад, у выніку таго, што Хаббард уключылі ў жаночую алімпійскую каманду, маладая спартсменка Куініні «Ніні» Манумуа прапусціла сваю першую Алімпіяду. 

«Гэта вар'яцтва. Правы жанчын на элементарную справядлівасць і роўнасць знішчаюцца на алтары палітычнай карэктнасці», — напісаў у сваім твітары брытанскі тэлевядучы Пірс Морган.

Спартыўная ці сацыяльная праблема?

МАК прызнае, што гендарная праблематыка складаная. Яны хочуць даць спартсменам-трансгендарам магчымасць удзельнічаць у спаборніцтвах, і ў той жа час разумеюць, што няма простага і ўніверсальнага спосабу вызначыць пол спартсмена. Даходзіць да таго, што вызначэнне полу можа вар'іравацца ад аднаго віду спорту да іншага.

Пытанне ўдзелу транс-жанчын у Алімпійскіх гульнях прымушае задумацца, чым для нас ёсць спорт, якія ў яго функцыі і задачы, і што азначае быць жанчынай. Гэта ўсё робіць праблему не толькі спартыўнай, але таксама сацыяльнай і палітычнай. 

Каментары

Чат GPT валодае беларускай мовай не проста добра, а бліскуча. І прымае каманды, і перакладае, і рэдагуе тэксты13

Чат GPT валодае беларускай мовай не проста добра, а бліскуча. І прымае каманды, і перакладае, і рэдагуе тэксты

Усе навіны →
Усе навіны

Халезін паразважаў пра феномен лукашызму: Усе мы здзівімся, як імгненна забудуць пра Лукашэнку24

«З першага ж дня сын вяртаецца дадому пабіты». Беларуска змагаецца з булінгам у польскай школе36

Прэм'ер Славакіі пагражае спыніць пастаўкі электраэнергіі Украіне33

Паглядзелі «Гульню ў кальмара — 2». Ці ўдаўся працяг культавай гісторыі?3

Брытанскі блогер падключыў да вечнай спрэчкі пра беларускую згушчонку сваіх бацькоў. Іх выбар аднагалосны

Мінскага крымінальнага аўтарытэта падазраюць у забойстве 27-гадовай даўніны і педафіліі. І нават трошкі ў палітыцы2

Пайшла ў ліквідацыю вядомая будаўнічая кампанія2

У гістарычны архіў у Гродне прызначылі дырэктара-сілавіка. Ён такі ўжо далёка не першы8

Сярэдняя тэмпература цела людзей зніжаецца10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чат GPT валодае беларускай мовай не проста добра, а бліскуча. І прымае каманды, і перакладае, і рэдагуе тэксты13

Чат GPT валодае беларускай мовай не проста добра, а бліскуча. І прымае каманды, і перакладае, і рэдагуе тэксты

Галоўнае
Усе навіны →