Грамадства

«Я ніколі не лічыла, што займаюся прапагандай». Экс-журналістка АНТ Казей кажа, што страціла дзіця пасля ўцёкаў ад АМАПа

Наталля Казей — былая карэспандэнтка дзяржаўнага тэлебачання. Яна 12 гадоў адпрацавала на тэлеканале «Мір», пасля перайшла на АНТ. Але цяпер Казей разам з мужам і дачкой у Германіі. Наталля і яе муж Міхаіл Максімаў у жніўні 2020 года падтрымалі забастоўку работнікаў канала і сышлі з АНТ, а сёлета з'ехалі з Беларусі праз пагрозу крымінальнай справы. 

«Наша Ніва»: Днямі вы расказалі пра сустрэчу дзяржаўных журналістаў з Лукашэнкам, якая прайшла год таму, летам 2020. 

Наталля Казей: Гэта было 9 ліпеня 2020, роўна за месяц да выбараў. Як казаў Лукашэнка: гэта такая душэўная размова. Там было шмат народу, чалавек 250. 

Гэта была прафілактычная гутарка. Прыпалохаць трохі людзей, паказаць, што трэба сядзець ціха.

Ён усім даў зразумець: калі хтосьці сыдзе, вас будуць лічыць здраднікамі.

І я памятаю, што ўсе сыходзілі з такімі пачуццямі, што цяпер зразумела, чаго чакаць ад выбараў, што ніхто ўладу проста так аддаваць не збіраецца і будзе трымацца да апошняга.

Мы згадвалі з калегамі, што канкрэтна казаў Лукашэнка, каб не перакруціць яго словы. І мы ўпэўненыя, што ён казаў: «Калі вы сыдзеце і будзеце бадзяцца пад нагамі — вас раздушаць».

«НН»: Пра што яшчэ гаварылі?

НК: Там быў фармат «пытанне-адказ». Мне чамусьці запомнілася, што Перлін пытаўся штосьці пра івент-агенцтвы, Крывашэеў казаў штосьці кшталту: «Які вы добры прэзідэнт»… Калі шчыра, больш асаблівага чагосьці такога я не памятаю, гэта ж было год таму.

Я доўга цягнула руку, але Наталля Эйсмант мяне не выклікала. Я хацела сказаць, што расійскія каналы ці хаця б праграмы «а-ля Уладзімір Салаўёў» трэба адключыць, бо існуе пагроза нашай незалежнасці, нельга танчыць пад дуду расійскіх журналістаў. 

«НН»: Ці былі на сустрэчы калядзяржаўныя персанажы, кшталту Бянько, якому прыпісваюць аўтарства ў канале «Жоўтыя злівы»?

НК: Не памятаю, калі шчыра.

Тады асабліва ніхто не ведаў, хто піша для «Жоўтых зліваў». Але быў хлопец з нашага канала, якога таксама звязваюць са «злівамі» — Андрэй Аляксандраў, яго сапраўднае прозвішча Козел. Ён у маі 2020 года раптоўна знік з тэлеканала. Мы думалі, што, можа, на бальнічным ці ў адпачынку. Але месяц няма, два — няма. Пытаемся, дзе ён, адказваюць: на нейкім праекце. Але ж ніхто з аператараў ніякі праект не здымае. І мы зразумелі, што ён недзе ў «такім» месцы.

Ён сам не прызнаўся нам, канечне, але мы ўсе ўпэўненыя, што ён пісаў для «зліваў».

«НН»: А вам не прапаноўвалі ўдзел у праектах кшталту «ананімных» тэлеграм-каналаў?

НК: Не. Я яшчэ вясной прыйшла да дырэктара службы інфармацыйнага вяшчання і кажу: «Я не буду рабіць палітычныя сюжэты ці пра выбарчую кампанію!»

Бо я для сябе вырашыла так: калі прымусяць рабіць пра палітыку, то буду звальняцца.

І раптам начальнік адказвае: добра, без праблем, ёсць людзі, якія будуць. Я думаю: ого, нічога сабе! Але сапраўды — мяне не чапалі. 

«НН»: А што змянілася? Вы ж раней здымалі сюжэты пра парламенцкія выбары ў 2019, дзе пыталіся ў прадавачак з буфета: «Пачым кілбаска?» Пра суботнік з дэпутатам Марыяй Васілевіч таксама здымалі.

НК: Ну гэта ж быў сцёб! Хіба ж не?

«НН»: Калі шчыра, асабліва і не заўважыць, што гэта сцёб. Стандартныя прапагандысцкія рэпартажы.

НК: Я заўсёды намагалася рабіць так, каб глядач бачыў, як і што адбываецца. Каб гэта было не афіцыйна, а… (смяецца) Не ведаю, але ладна.

Скажу так: я сама ніколі не лічыла, што займаюся прапагандай — намагалася рабіць для людзей і пра людзей і ў кожным чалавеку штосьці добрае шукаць. 

«НН»: Але ж чаму вясною 2020 вырашылі цалкам адмовіцца ад палітыкі ў сюжэтах?

НК: Ведаю, што калі яшчэ працавала на «Міры», то ў маёй асабістай справе стаяла пазнака, што я «неблаганадзейная». І казалі заўсёды: а, гэта Казей, наша апазіцыянерка. Гэта сакрэтам не было, што я не падтрымліваю Лукашэнку, і я такая не была адна. І такія людзі спакойна працавалі.

Але тэлебачанне так працуе, што калі ў чалавека штосьці атрымліваецца, то раней ці пазней яго запіхваюць ва ўсё гэтае. Спачатку ты кажаш: «Ды не, я не буду». Табе адказваюць: «Ды рабі так, як ты гэта бачыш».

І цяпер я ўсё жыццё, напэўна, буду за гэта апраўдвацца. 

***

«НН»: Чаму вы сышлі з тэлеканала «Мір», прапрацаваўшы там 12 гадоў?

НК: Я вучылася на журфаку, спецыяльнасць — аўдыявізуальныя СМІ, гэта радыё і тэлебачанне. І якое дзе ў Беларусі тэлебачанне? Што рабіць людзям, якія хочуць на тэлебачанне і супраць дзейнай сістэмы?

Мы яшчэ ў 2006 годзе хадзілі з рабятамі з журфака на акцыі пратэсту, у 2010 таксама, у 2011-м на маўклівыя акцыі, дзе пляскалі ў далоні. І калі я рабіла сюжэты, то сыходзіла заўсёды з таго, што нідзе ў сваёй працы я не схлусіла. А калі гэта было неяк глупа ці наіўна — ну то не памыляецца толькі той, хто нічога не робіць.

Магчыма, з узростам мы становімся разумнейшымі, пачынаем бачыць, што недзе нас і выкарыстоўвалі, недзе мы самі няправільна штосьці рабілі… 

Тады ў 2005 я не пайшла на БТ. Пайшла на «Мір», бо там рабілі класныя рэчы, ім было больш дазволена, больш свабоды. Нас там цэнзура практычна не чапала, мы рабілі праблемныя рэпартажы. 

Лепш жа, каб на ТБ прыходзілі людзі разумныя, якія хочуць штосьці зрабіць, чым такія, як Азаронак. Каб працавалі ўсе такія, як Азаронак, то што б гэта было? 

«НН»: Зараз убачым.

НК: Я заставалася на «Міры» 12 гадоў, пакуль тэлекампанія магла рабіць нейтральныя матэрыялы. Але з часам стаў заўважны ўплыў улады і цэнзуры і з беларускага боку, і з расійскага. З часам гэта ўзмацнялася, стала зразумела, што нават крытыкаваць Пуціна стала складана. А для мяне важна, каб Беларусь была незалежнай.

Ну і гэта ўсё стала для мяне такім трыгерам, я сышла. Але я працавала на тэлебачанні і не ўяўляла свайго жыцця ў іншым месцы. Паклікалі на АНТ, я падумала, што там будзе магчымасць рабіць нейкія прыкольныя беларускія праекты. Але з часам і гэтая мара разбілася. 

«НН»: Вы казалі, што падчас працы на канале «Мір» у вашай асабістай справе стаяла пазнака, што вы «неблаганадзейная». Праз што яна з’явілася? І адкуль ведаеце, што яна была?

НК: Пра пазнаку мне сказаў чалавек, які бачыў маю асабістую справу. Не магу назваць яго прозвішча. 

Чаму з’явілася такая пазнака? Думаю, што паставіў Уладзімір Пярцоў, які ўзначальваў канал «Мір» да таго, як стаць міністрам інфармацыі. Ён заўсёды, мне здаецца, мяне недалюбліваў. Казаў мне: ты засланы казачок.

«НН»: Што скажаце пра Пярцова, прапрацаваўшы столькі гадоў пад яго кіраўніцтвам?

НК: Гэта чалавек, які для сістэмы падыходзіць ідэальна, які гатовы рабіць усё, што яму скажуць. Такія людзі патрэбныя сістэме. Думаю, ён хацеў гэтую пасаду міністра і вельмі рады ёй.

Але сваіх работнікаў ён не крыўдзіў, намагаўся, каб былі годныя ўмовы працы: фінансава, сацыяльныя моманты, страхоўкі медыцынскія. Каб памяшканні былі дагледжаныя, пастаянна рабілі рамонты ў кабінетах. У прынцыпе, ён нармальны, нязлобны, проста гатовы аддана выконваць тое, што яму скажа Лукашэнка. Таму, можа, і стаў міністрам.

«НН»: А калі параўнаць Пярцова і Маркава? Хто лепшы начальнік? Хто лепшы медыядзеяч?

НК: Маркаў больш жорсткі, Пярцоў больш мяккі.

Як журналістаў я іх прафесіяналамі не лічу. Як менеджараў — магчыма. Тут некарэктна трохі параўноўваць, бо на канале «Мір» заўсёды было фінансаванне, не трэба было так пакутаваць і шукаць рэкламу, як на АНТ, якое мусіла зарабляць само.

Як журналісты — яны не журналісты, вось і ўсё.

***

«НН»: Дзе вы больш зараблялі? На «Міры» ці на АНТ?

НК: Зарабляла і там, і там прыкладна аднолькава. Ды і справа была не ў грошах — хацелася, каб я магла рабіць штосьці карыснае для людзей.

Асноўная частка маіх сюжэтаў — для людзей і пра людзей, пра іх праблемы. Адзін з маіх апошніх матэрыялаў пра Алену Васілевіч, якая без рук і ног. Пасля нашага сюжэта ёй купілі электрычную каляску, такую, якіх у Беларусі не вырабляюць. І каб зрабіць такі сюжэт, трэба ж яшчэ пастарацца, каб абысці цэнзуру. Бо ўзнікаюць пытанні: «А як гэта так, што такога ў Беларусі не вырабляюць? Гэта ж кепска!»

Ці сюжэт з канала «Мір» пра дзяўчынку з Азербайджана, якая лячылася ў Беларусі ад анкалогіі. Не было пагаднення паміж Азербайджанам і Беларуссю, каб дзяржава выдзяляла грошы для лячэння, таму дзяўчынка мусіла плаціць сама. Мы рабілі сюжэт пра гэта, і кіраўніцтва Азербайджана выдзеліла грошы — 40 тысяч даляраў — для дзяўчынкі. І пасля пайшлі працэсы па гэтым пагадненні.

Я разумею, што гэта гучыць цяпер як апраўданне. Але такіх сюжэтаў — пра людзей, пра іх радасці і беды — нашмат больш. Мы насамрэч такім чынам падымалі праблемы, якія ёсць у краіне, але рабілі гэта, абыходзячы цэнзуру. І гэта тое, чым я ганаруся. І такія выпадкі давалі сілы, давалі ўпэўненасць, што ўсё не дарма. Чым быць вядомай як Азаронак, я лепш буду ў цені, але хоць аднаму чалавеку сапраўды дапаможам.

«НН»: Увогуле вам камфортна працавалася на АНТ? 

НК: Да мяне і каманда, і кіраўніцтва ставіліся заўсёды з павагай, як да прафесіянала. У мяне былі добрыя ўмовы працы, было добра. Што тычыцца калектыву, то людзі розныя там. Былі і тыя, з якімі мы пасля разам уцякалі ад АМАПа. А былі і тыя, хто гэта ўсё здымаў, як Аляксей Краквін. Яго трымаюць, каб ён адпрацоўваў «чорныя справы». Гэта чалавек, які першы рабіў сюжэты пра Бабарыку. Да яго проста прыходзілі «адтуль» і ў ньюсрум, і ў мантажны пакой.

«НН»: Цікава, а гэтыя Азаронкі, Туры і іншыя самі вырашаюць прытрымлівацца гэтага хамства і пафасу ў сваіх сюжэтах ці ім даюць загад зверху? 

НК: Упэўненая, што яны самі адчуваюць, што можна ўсё. І самі вырашаюць, што можна апускацца да абраз і пагроз, не думаю, што ім загадваюць. Іншая справа, што калі гэта працягваецца, то, напэўна, падтрымліваецца кіраўніцтвам. Напэўна, падабаецца кіраўніцтву канала ці можа нават кіраўніцтву краіны.

З Яўгенам Пуставым мы працавалі яшчэ на «Міры», і калі ён сыходзіў, то мы, як той казаў, «тры баяны парвалі». Ён прыйшоў з БТ на «Мір», адтуль — на СТБ. І паўсюль шукаў пасаду. Ён заўсёды любіў тупыя пафасныя слоўцы, ліць ваду ні аб чым.

Азаронка я асабіста не ведала. Бачыла ў калідорах на Камуністычнай: АНТ на першым, СТБ вышэй. Не быў у тусоўцы нават СТБ, як я разумею, прынамсі мы з ім нават не віталіся. Хадзіў нейкі зацюканы — чакаў зорнага часу, напэўна.

Ігар Тур раней жа намагаўся таксама асвятляць нейкія праблемы. У вышыванцы нават хадзіў. Пасля, як я зразумела, ён захацеў грошай і паставіў усё на гэта. Бо раней ён быў у ініцыятыўнай групе Тэнгіза Думбадзэ, калі той балатаваўся на парламенцкіх выбарах. І я спытала неяк: што, Ігар, хочаш на наступных выбарах таксама балатавацца ў Палату? Ён не сказаў нічога, але для мяне было зразумела, што чалавек хоча кудысьці… туды. І для гэтага гатовы зрабіць шмат, калі не ўсё.

Гэта толькі маё меркаванне, але я думала, што Тур не падтрымлівае гэта ўсё. Прынамсі такое ўражанне ў мяне складвалася год таму. Цяпер жа, магчыма, яны самі пачалі верыць у тое, што кажуць? 

Бо на АНТ агромністая колькасць людзей, але шчырых «ябацек» — сапраўды тры працэнты, гэта Пуставы і Азаронак. А такія, як Тур, — проста людзі, якія хочуць атрымаць карысць. Яны зрабілі сваю стаўку. Таму яны нас і ўпікаюць: вось, вы абламаліся! 

«НН»: Пасля такіх слоў пакажуць і вас у праграме Азаронка.

НК: Блін. Напэўна, расстроюся, але ж як там заставацца можна пасля 9 жніўня?

Нам, тым, хто сышоў, шмат кажуць цяпер: а што, вы раней не разумелі нічога? Але ж мы ішлі на ТБ не для таго, каб займацца палітыкай, а каб рабіць іншыя праекты.

Самая вялікая праблема — гэта сістэма. Любога чалавека, у якога штосьці атрымліваецца, — журналіст, аператар, відэаінжынер — яго падцягваюць паціху да гэтых тэмаў. Кажуць: «Ну ты ж не адмовішся з’ездзіць, там усяго толькі сінхрон запісаць!» Паціху, паціху, а пасля: «Ой, там тэрмінова трэба сюжэт зрабіць! Нікога больш няма, таму рабі, інакш ты падвядзеш усю каманду!» І цябе ў гэтае ўсё засмоктвае. Хтосьці разумее і спыняецца раней, хтосьці пазней. І пасля 9 жніўня шмат хто сказаў: «Стоп!»

Пасля ўсіх падзей жніўня заставацца там стала злачынствам. Бо ўсе разумеюць, што кажуць няпраўду.

«НН»: Што стала вашым асабістым трыгерам для сыходу? 

НК: Яшчэ вясной я зразумела, што хутка ўсё. Я рабіла вялікі праект «Достояние Республики» пра беларусаў, якія робяць штосьці беларускае, пра класных людзей. І была дамоўленасць з кіраўніцтвам, што там не будзе палітыкі. І пасля, калі кіраўніцтва глядзела гатовую вялікую перадачу на 40 хвілін, яны сказалі: «Трэба дадаць Лукашэнку!» 

Тады рэжысёр, малады хлопец, амаль адразу звольніўся. Я таксама зразумела, што хутка буду сыходзіць. Бо так бесцырымонна, калі дамовіліся так, а выйшла інакш… Я адчувала, што мяне падманулі.

Ну і больш я той праект не працягвала. У эфір выйшла версія з Лукашэнкам. Я плакала, я сварылася, я прасіла, каб маё імя прыбралі з цітраў. Пасля былі доўгія размовы, маўляў, ну што вы, рабяты… Тады рэжысёр звольніўся, я вырашыла затрымацца, але вось сышла ў жніўні.

Быў раней яшчэ момант, які даў мне зразумець, што доўга я там не змагу працаваць. Мы рабілі сюжэт да стагоддзя Машэрава. Гаварылі з дачкой яго, з нашчадкамі. І за 7 хвілін да эфіру раптоўна паступіў званок: здымаем з эфіру.

І ў мяне такога шмат, як я кажу, «могілкі сюжэтаў». Пра Печы не выйшаў сюжэт — я ездзіла пасля самагубства салдата туды. Пра Светлагорск і іх смярдзючую фабрыку мы знялі сюжэт, але ён не выйшаў.

Увогуле мы ж нярэдка рабілі сюжэты, у якіх усякую херню не казалі. І гэта ўжо вялікае дасягненне — не сказаць гэтага га*на, прабачце. Не назваць лічбы, у якія сам не верыш, напрыклад. На жаль, але такія рэаліі сістэмы, што гэта становіцца дасягненнем. Але ж пасля падводка да сюжэта для цябе самой становіцца сюрпрызам, і ты афігеваеш. 

«НН»: Калі вясною набыў папулярнасць Ціханоўскі, агучыў свае планы Бабарыка — былі нейкія абмежаванні ці пажаданні на ТБ датычна іх? Што цяпер іх нельга згадваць ці нейкія іншыя?

НК: Там трохі інакш усё працуе. Проста становіцца зразумелым кола асобаў, якое будзе гэтым займацца. Хтосьці не дапускаецца да тэмаў, каб лішняга не казалі. Застаюцца тыя, хто гатовы рабіць любое лайно пакорліва, каму давяраюць, пра каго ведаюць, што ён зробіць, што скажуць, і не будзе спрачацца.

Там ужо журналісцкія ўменні не патрэбныя, ты мусіш рабіць тое, што табе кажуць, і не думаць. Часам проста тваім імем падпісваюць сюжэт, які патрэбны.

Нярэдка, асабліва спачатку, калі пайшло гэта ўсё пра Бабарыку, былі сюжэты, якія голас начытвае, а ў канцы імя не стаіць. Бо чалавек кажа: «Такое я не буду начытваць!» Яму кажуць: «Трэба! Там калега захварэў, начытай!» Ну і чалавек начытвае, але просіць не ставіць яго імя. Аператары таксама просяць не ставіць іх імёны. 

Прынамсі так было год таму, цяпер не ведаю.

«НН»: Вы прынялі рашэнне звальняцца 10 жніўня? Ці раней?

НК: 10 жніўня быў мой апошні працоўны дзень, больш там я не з’яўлялася, толькі хіба дакументы забраць. 12 жніўня я трапіла ў бальніцу, пасля таго як бегла ад амапаўцаў…

«НН»: Прабачце, а чаму ў бальніцу? Вас паранілі ці што?

НК: Не. У чэрвені я зацяжарыла. А мы жывём ля гандлёвага цэнтра «Рыга» — і там пабег АМАП, мы ледзь-ледзь змаглі ўцячы ад іх. І ўначы на гэтым стрэсе мне стала кепска. Раніцай паехалі ў бальніцу як мага хутчэй, мяне шпіталізавалі. І не выратавалі дзіця. Тэрмін быў немалы, 12 тыдзень.

Я ведала, што ў той дзень будзе забастоўка калег, але фізічна не магла там быць — ляжала пад кропельніцай у бальніцы. Але свой подпіс паставіла.

«НН»: Прабачце, але бяда з цяжарнасцю здарылася менавіта праз стрэс і ўсе гэтыя падзеі?

НК: Так, бо мы збягалі. І ў мяне пачаўся пасля крывацёк. Гэта вінаватыя амапаўцы, вінаватая ўлада — у смерці нашага дзіцяці. 

«НН»: Прабачце яшчэ раз, але не магу не спытаць: ці не вінаватыя і вы самі, што выходзілі, ведаючы пра сваю цяжарнасць?

НК: Мне таксама казалі, маўляў, а чаго ты там бадзяешся? 

А як можна было заставацца дома? 

Па-першае, мы там ля «Рыгі» непасрэдна жывём. Выходзіш з дома — і ўсё там і адбываецца. Выбухі, стрэлы грымелі пад вокнамі. Я вельмі добра памятаю той вечар: я думала, што мы выйдзем у краму і таксама паглядзім, што робіцца на вуліцы.

Ці што? Сядзець усе 9 месяцаў у хаце? У краіне адбываецца поўны трэш, але ж нельга сесці і закрыцца ў хаце! 

Міхаіл Максімаў, муж Наталлі, далучыўся да размовы: «Гэта тое ж, што кажуць Лукашэнка і тэлебачанне: «Чаго вы вылезлі? Ідзіце на працу, а пасля сядзіце ў хаце! Чаго ты вылез? Заставайся дома!»

Фота з вяселля Наталлі і Міхаіла

НК: Я не магла ўсе 9 месяцаў сядзець дома, вось і ўсё. Ці што, трэба было з’язджаць, бегчы ад рэальнасці? Куды? У вёску? Мы жывём у краіне, дзе не хочуць нараджацца дзеці! Мы ім не дазваляем нараджацца, у такой краіне няма будучыні! Калі я трапіла ў бальніцу, то размаўляла з дактарамі, яны казалі, што павялічылася колькасць замерлых цяжарнасцяў і выкідышаў. Гэта як у вайну — дзеці нараджаюцца, але шмат вось такіх выпадкаў. Я б хацела зняць пра гэта сюжэт, бо ніхто не ведае гэтай дакладнай статыстыкі. 

«НН»: У выніку вас звольнілі па артыкуле?

НК: Так, афіцыйна — за прагулы. Але насамрэч нас усіх, хто ўдзельнічаў у забастоўцы, проста перасталі пускаць на канал. Мы хацелі як і ўсе: сумленныя выбары, і каб тыя, хто збіваў людзей, адказалі за гэта. І хацелі, каб людзям паказалі, што адбываецца насамрэч, прапаноўвалі прыехаць на Акрэсціна і выйсці ў жывы эфір адтуль. 

І спачатку кагосьці ўгаворвалі застацца, а пасля — ўсё, мы сталі здраднікамі. Але нас угаворвалі юрысты і кадравікі, каб мы пісалі на звальненне па пагадненні бакоў. Тыя, хто хацеў як мага хутчэй сысці, так і рабілі. Але я і яшчэ некалькі чалавек вырашылі — ніфіга! Мне бясконца званілі, угаворвалі: ну напішы ты па пагадненні бакоў! Напэўна, начальства дало загад, каб быў выгляд, што яны нікога не звальняюць, а людзі нібыта самі сыходзяць.

«НН»: Чым займаліся пасля звальнення? І чаму і калі вырашылі з’ехаць з Беларусі? 

НК: Мы з мужам сышлі проста ў нікуды. З кастрычніка 2020 да гэтага мая працавалі фрылансерамі, здымалі рэпартажы для незалежных медыя. Прычым мы гатовыя былі здымаць тыя рэпартажы нават бясплатна, бо адчувалі, што мусім гэта зрабіць. 

Але Людзі засталіся паўсюль. Ва ўсіх сферах, нават сярод суддзяў, сярод сілавікоў. І ў маі мяне папярэдзілі: рыхтуецца крымінальная справа, цябе закрыюць, а дачку забяруць. Тэрмін быў да 1 чэрвеня. І мы 31 мая з прыгодамі ўляцелі, праз Маскву і Турцыю дабіраліся сюды, у Германію.

Тут вельмі добрая дыяспара, яны дапамагаюць тым, хто прыязджае. І працягваюць трымаць беларускую тэму на парадку дня: выходзяць штотыдзень, штосьці робяць пастаянна. Столькі робяць, нашмат больш, чым большасць беларусаў робіць у Беларусі! Нашмат больш!

Мы спадзяёмся, што вернемся, канечне. Але калі не — то будзем неяк абжывацца тут. Цяжка прагназаваць. Спадзяёмся пакуль працягнуць працу ў медыя.

«НН»: Як увогуле сябе адчуваеце? Лягчэй стала, што ў бяспецы?

НК: Калі я чытаю навіны, гэта ўсё роўна ляжыць на сэрцы неймаверным цяжарам. Я перажываю не за сябе, а за тых, хто ў Беларусі. Бо ведаю, як там цяжка, што гэта такое, калі баішся машыны, што пад’язджае.

Так, нам лягчэй, бо мы тут, а не ў тым пастаянным шалёным стрэсе. Але ў краіне ўсё робіцца горш і горш, і сэрца баліць за гэта. 

Але ж я тут зраблю больш для перамогі, чым знаходзячыся ў Беларусі за кратамі. 

Былыя АНТшнікі застаюцца там. Я кажу ім: з’язджайце, крымінальная справа ж ужо адкрыта, ім трэба кагосьці пасадзіць. І ёсць людзі, якія кажуць: я гатовы ў турму сесці. Я кажу: яны ж могуць зламаць любога, будзе гвалт, няўжо ты хочаш як Латыпаў? А мне адказваюць: «Я гатовы. Я не з’еду».

Я не ведаю, як іх абараніць. Хіба толькі гаварыць пра гэта пастаянна.

Я ўражаная і захапляюся сваімі былымі калегамі. Але вельмі за іх перажываю. Чаму і даю гэтыя інтэрв’ю, за якія, паверце, мне таксама шмат прылятае. Пастаянна пішуць каменты: раней вы працавалі, нібыта нічога не бачылі? 

І мы ведалі, калі сыходзілі з ТБ, што будзе такое. І гэта вельмі цяжка: калі з двух бакоў кажуць, што мы здраднікі. І калі абодва бакі не прымаюць цябе — гэта страшна. І на гэтым трымаецца сістэма. Я не толькі пра дзяржаўную журналістыку кажу. Бо калі мне такія рэчы кажуць, я адчуваю сябе вельмі хрэнова. Хоць і разумею: так, я працавала на АНТ, і, магчыма, чалавек мае права мне выгаворваць за нейкі сюжэт, калі ён яго неяк так успрыняў.

І на гэтым сістэма і трымаецца. Ім там кажуць: сыдзеце, а вас там згнаяць. 

Але я ведаю, што трэба было сысці, гэта было адзінае слушнае рашэнне. І я не думала, як пасля буду апраўдвацца. І мы ведалі, што з намі ўсё будзе жорстка, гэта як з былымі сілавікамі.

Патрэбная была вялікая смеласць, каб гэта зрабіць — і я бясконца ўдзячная ўсім, хто гэтую смеласць знайшоў.

Каментары

«Беларусы будуць ціхенька думаць сваё. А вада камень точыць, дый Лукашэнка фізічна не вечны». Глыбокі маналог былога мытніка Алеся Юркойця

«Беларусы будуць ціхенька думаць сваё. А вада камень точыць, дый Лукашэнка фізічна не вечны». Глыбокі маналог былога мытніка Алеся Юркойця

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп прапанаваў тэлевядоўцу пасаду міністра абароны 5

«Гэта не заробак, гэта бонус». Некаторым беларусам падабаецца атрымліваць частку зарплаты прадуктамі2

«Яна не ў турме, а на спецдачы КДБ!» Канспіролагі накінуліся на Калеснікаву65

«Як людзі на такое вядуцца? Ды вельмі проста». Расповеды беларусаў, якія працавалі тэлефоннымі ашуканцамі12

Алексіевіч пра маршы пратэсту: Цяпер было б больш жорстка, была б кроў. А тады мы думалі, што гэта свята24

Трамп абвясціў імя свайго дарадцы па нацбяспецы11

Атрад беларускіх добраахвотнікаў «Тэрор» заявіў пра самароспуск9

У Абхазіі пасля пратэстаў і перакрыцця мастоў адпусцілі з-пад варты апазіцыянераў

Слюнькін: Адным толькі вызваленнем палітвязняў Лукашэнка Трампа не зацікавіць3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Беларусы будуць ціхенька думаць сваё. А вада камень точыць, дый Лукашэнка фізічна не вечны». Глыбокі маналог былога мытніка Алеся Юркойця

«Беларусы будуць ціхенька думаць сваё. А вада камень точыць, дый Лукашэнка фізічна не вечны». Глыбокі маналог былога мытніка Алеся Юркойця

Галоўнае
Усе навіны →