«Ні ў якім выпадку»: выключэнне зборнай Беларусі з ЧС па хакеі не разглядаецца
Выключэнне беларускай каманды з Чэмпіянату свету па хакеі, што праходзіць у Рызе, не разглядаецца.
Пра гэта ў панядзелак у інтэрв'ю агенцтву ЛЕТА заявіў прэзідэнт Федэрацыі хакея Латвіі Айгарс Калвіціс, піша ТАСС.
Ён падкрэсліў, што існуючыя ў апошнія дні рознагалоссі паміж Рыгай і Мінскам [канфлікт са сцягам, высылка дыпламатаў] не паўплываюць на ўдзел беларускай зборнай у сусветным першынстве, катэгарычна адпрэчваючы магчымасць выключэння каманды Беларусі з турніру. «Мы сябры адной хакейнай сям'і. Ні ў якім выпадку», — адзначыў ён.
Федэрацыя хакея Беларусі накіравала ноту на адрас прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF) Рэнэ Фазэля ў сувязі з інцыдэнтам з дзяржаўным сцягам Беларусі ў Рызе. «Мы атрымалі ліст, каб дапамагчы гарантаваць бяспеку гульцоў падчас чэмпіянату свету», — указаў Калвіціс.
***
На ЧС беларусы прайгралі ў стартавым матчы Славакіі (2:5), але тыя — ужо лідары групы, перамаглі Швецыю (1:0) і ў авертайме саступілі Чэхіі (2:3).
У выніку пасля трох гульнях зборная Беларусі займае 4-е месца, што дае пропуск у плэй-оф. У сераду матч са слабой Вялікабрытаніяй, а ў пятніцу з Даніяй, якая пакуль на бал саступае Беларусі, але сёння гуляе з брытанцамі.
Каментары