Некаторыя нашы звычкі ў захоўванні і нанясенні парфумы могуць радыкальна змяніць яе гучанне. Расказваем, як гэтага не дапусціць, а таксама як дапамагчы водару раскрыцца і суправаджаць вас цэлы дзень.
Месцы, у якіх адбываецца магія
Ваша парфума будзе гучаць ярка, калі нанесці яе на пульсуючыя кропкі, дзе крывяносныя сасуды знаходзяцца найбліжэй да скуры. Вобласць за вушамі, запясці, згін локцяў, лагчынка між грудзьмі — тут водар раскрыецца хутчэй.
Паспрабуйце нанесці парфуму на заднюю частку шыі. Любімы пах будзе мякка абвалакваць, не надакучваючы вам і інтрыгуючы навакольных.
А ў сезон сарафанаў і лёгкіх сукенак — на заднюю частку каленак. Вы адчуеце сапраўдную магію: паветраныя патокі, уздымаючыся ўверх, дадуць вашай парфуме загучаць у поўны голас.
Эфект шлейфа атрымаецца пры нанясенні парфумы на прычоску. Але злоўжыванне гэтым можа сапсаваць вам валасы. Спірт, які ўтрымліваецца ў парфуме, моцна высушвае пасмы, таму лепш нанесці парфуму на расчоску альбо набыць адмысловыя парфумаваныя сродкі для валасоў.
Хітрыкі, якія дапамогуць захаваць пах на цэлы дзень
Наносьце парфуму на скуру, а не на вопратку. Рэчы лёгка ўбіраюць пахі, але складана аддаюць. Апроч таго, на адзенні пах можа гучаць зусім іначай, чым на скуры.
Ні ў якім разе не расцірайце парфуму запясцямі. Гэта разбурыць верхнія ноты, а ніжнія не змогуць гучаць доўга. Дайце парфуме ўвабрацца самой.
Наносьце парфуму адразу пасля душа — вільготная скура нашмат лепш убірае ў сябе пахі, а вада, якая застаецца ў скуры, нібы кансервуе іх, дазваляючы нашмат даўжэй адчуваць.
Перад нанясеннем парфумы ўвільгатніце пульсуючыя кропкі скуры крэмам альбо вазелінам — так вы зафіксуеце пах на скуры, не дасцё яму хутка выветрыцца.
Калі хочаце захінуцца ў ваш водар, то карыстайцеся рознымі сродкамі для цела і валасоў адной лінейкі брэнда. У такім комплексе пах гарантавана застанецца з вамі на працягу дня.
Серыя Feel Happy — гэта раскошны догляд, які дорыць скуры пяшчотную аксамітнасць і адчувальны водар надоўга.
Беражыце сваю парфуму
У першую чаргу — ад сонечных прамянёў і перападаў тэмператур. Не захоўвайце парфуму на адкрытых паліцах, на якія трапляе сонца. Не пакідайце флакон у ванне. Не стаўце яго на пральную машыну ці любыя іншыя рухомыя паверхні, а таксама не насіце з сабой у сумцы. Усе гэтыя фактары могуць разбурыць кампазіцыю, і тады ніякія хітрыкі не дапамогуць утрымаць любімы водар.
Найлепшае месца для парфумы — шафка, закрытая паліца, дзе не бывае ні горача, ні халодна. Можаце захоўваць парфуму ва ўпакоўцы — гэта таксама дапаможа зберагчы пах.
Якую парфуму абраць
Абавязкова звяртайце ўвагу на тое, што напісана на ўпакоўцы.
Parfum — гэта парфума (канцэнтрацыя аромаалеяў ад 20%). Яна трымаецца найдаўжэй і каштуе адпаведна. Вы будзеце гарантавана адчуваць пах да шасці гадзін, а з правільным нанясеннем і яшчэ даўжэй. Гэта ідэальны варыянт для восені і зімы, а вось для лета парфума можа апынуцца зацяжкой і занадта навязлівай.
Eau de Parfum — парфумаваная вада (канцэнтрацыя аромаалеяў ад 10 да 20%). На целе адчуваецца да чатырох гадзін і мае лёгкі шлейф. Ідэальны варыянт для паўсядзённасці і офіса.
Eau de Toilette — туалетная вада (канцэнтрацыя аромаалеяў 4-5%). Трымаецца звычайна 2-3 гадзіны. Гэта летні варыянт, які і ў спякотныя дні не будзе вас «душыць».
Eau fraiche — духмяная вада (канцэнтрацыя аромаалеяў да 1%). Такія спрэі могуць проста асвяжыць вас пасля трэніроўкі ці душа.
Даўжэй за ўсё трымаецца на скуры парфума, сярод ніжніх нотаў якой ёсць ваніль, пачулі, хвоя, кедр, ладан, мускус альбо дрэва. А вось найбольш хутка выветрываецца парфума на цытрусавай аснове.
Каментары