«Потым здарыўся эпізод, які перавярнуў усё маё ўяўленне пра жыццё». Доктарка з Мінска расказала пра катаванні
Ірына Маркелава працуе эндаскапісткай у медыцынскім цэнтры «Ладэ». Яе затрымалі ў нядзелю каля Нямігі, калі яна гуляла з сяброўкамі, піша «Радыё Свабода».
«Пачаўся дождж, я раскрыла чырвона-белы парасон. Да нас пад’ехалі аўтазакі, і «людзі ў чорным» загрузілі туды каля 32 чалавек. Каля Палаца спорту нас перамясцілі ў аўтазакі з камерамі.
Потым здарыўся эпізод, які перавярнуў усё маё ўяўленне пра маё жыццё. Мы адчулі нейкі пах — нібы пусцілі газ. Усе пачалі кашляць. Я адчула, што не магу дыхаць. У мяне здарыўся ларынгаспазм — гэта калі галасавыя звязкі змыкаюцца цалкам — немагчыма зрабіць ні ўдых, ні выдых. Гэта такі стан, калі ты разумееш: ты гінеш. Вельмі лёгка можна памерці ад асфіксіі — і ўсё. Мае суседкі пачалі крычаць, што чалавеку дрэнна. Але там ніхто не чуў, бо дзверы былі зачыненыя. Да таго ў калідорчык паміж камерамі кідалі хлопцаў і білі. Магчыма, газ распылілі на кагосьці, і ён трапіў да нас.
Нас прывезлі ў Заводскі РУУС. На вуліцы мы прастаялі тварам да сцяны 10—15 хвілін, а потым нас перавялі ў актавую залу, дзе было шмат пабітых хлопцаў. У некаторых твар быў пазначаны фарбай, валасы выстрыжаныя, яны кульгалі».
У Ірыны арыштавалі ланцужок з крыжыкам і завушніцы. Пасля затрыманых перавезлі ў Жодзіна.
«На ўваходзе ў турэмны корпус, як і ў аўтазаку, ляжаў бел-чырвона-белы сцяг. Адна жанчына старалася не наступаць на сцяг — за гэта яе ўдарылі дручком. Па калідорах нас прымушалі ісці, як гусі, упрысядку. Пенсіянеркі, якім было па 60-70 гадоў, таксама вымушаныя былі ісці гусіным крокам. У адной жанчыны не атрымлівалася, у яе былі праблемы з суставамі. На гэта супрацоўнік турмы крычаў: «Так, паднялася! Праз цябе ўсе пойдуць гусямі да канца». Ніяк інакш, як катаванні, гэта не назавеш.
Нас раздзелі дагала і аглядалі нават прамежнасць. Пасля завялі ў камеру. На 12 чалавек было 6 паверхняў з металічных пласцін. Ляжалі па двое. На мне быў лыжны касцюм, таму ляжаць было не так балюча, як іншым. Уначы прывялі яшчэ жанчын — у камеры на 6 чалавек стала 27. Дыхаць рабілася немагчыма. Бракавала кіслароду. Больш за суткі нас не кармілі.
Увечары мяне прывялі на суд. У выніку маю справу адправілі на перагляд і далі позву ў суд на 23 лістапада».
Ірына Маркелава выхоўвае 8-гадовага сына. Яе муж Дзмітрый Маркелаў, хірург Мінскага навукова-практычнага цэнтру хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі, цяпер знаходзіцца за кратамі і адбывае пакаранне за акцыю салідарнасці медыкаў з адлічанымі студэнтамі БДМУ, якая прайшла 2 лістапада.
Каментары