Інтэрнэт і СМІ

Здымкі беларускай версіі «Што? Дзе? Калі?» перанеслі на нявызначаны тэрмін. Разбіраемся, што здарылася

Яшчэ ў кастрычніку ў чатах і суполках з’явілася інфармацыя, што восеньскія і зімовыя гульні беларускага інтэлектуальнага клуба «Што? Дзе? Калі?» не адбудуцца. Прычына — нібыта гульцы не захацелі здымацца для тэлеканала АНТ. Але ж у клубе гэта рашуча абвяргаюць. Што ж адбылося насамрэч?

«Што? Дзе? Калі?» — даволі закрытая тусоўка, большасць знаўцаў і капітанаў адмаўляецца размаўляць са староннімі. Аднак абрывістая інфармацыя ўсё адно прасочваецца.

Па інфармацыі «Нашай Нівы», пытанне наконт здымкаў восеньскіх і зімовых гульняў абмяркоўвалася ў канцы жніўня. Большасць знаўцаў выступіла супраць выхаду перадачы на АНТ, бо, маўляў, на тэлеканале пачалі з’яўляцца зусім непрыгожыя палітычныя рэчы. Але былі і тыя, хто захаваў нейтралітэт у гэтым пытанні.

Некалькі гульцоў распавялі, што здымкі абмяркоўваліся па відэаканферэнцыях у канцы жніўня і ў канцы верасня.

«Знаўцы хацелі працягваць гуляць, але не хацелі, каб перадача выходзіла на АНТ. Людзі адкрыта казалі, што не хочуць, каб іх асацыявалі з гэтым каналам. Абмяркоўвалі, якія ёсць варыянты. Тады Алесь Мухін сказаў, што, можа, паспрабуе знайсці іншы канал. Важна адзначыць: гутарка была цывілізаванай, Мухін пагадзіўся з нашай пазіцыяй і паабяцаў пашукаць варыянты», — распавялі «Нашай Ніве» знаўцы.

Сам Алесь Мухін трымаў нейтралітэт у пытанні з АНТ, але гульцам не выказваў ніякіх пагроз, не палохаў наступствамі. Знаўцы данеслі яму сваю пазіцыю, абмеркавалі, як лепш зрабіць, каб захаваць праграму. Мухін паводзіў сябе абсалютна годна, кажуць людзі.

Дарэчы, пасля 9 жніўня выйшаў адкрыты ліст гульцоў «Што? Дзе? Калі?» з асуджэннем гвалту. Суразмоўцы кажуць, што і тады Алесь Мухін праявіў сябе адэкватна.

«Ён папрасіў, каб з ліста прыбралі назву тэлевізійнага клуба, каб не было праблем. Бо гэты ліст быў не ад удзельнікаў перадачы, а ад гульцоў у спартыўнае «Што? Дзе? Калі?», яго падпісвалі і гульцы з іншых краінаў, не толькі з Беларусі. Гэта не быў нейкі ўльтыматум ці ліст з умовамі — проста нашае выказванне супраць гвалту і па сітуацыі з выбарамі.

Кажуць, што кагосьці з гульцоў прасілі адклікаць свой подпіс — не ведаю, наколькі гэта праўда. Да мяне асабіста з такой прапановай ніхто не звяртаўся», — кажа адзін з суразмоўцаў.

У кастрычніку пытанне здымкаў абмяркоўвалася зноў.

«Агульнай відэаканферэнцыі ўжо не было, размаўлялі толькі з капітанамі. Ім паведамілі, што здымкі перадачы могуць быць толькі для АНТ, іншых варыянтаў няма», — распавялі «Нашай Ніве» знаўцы. Пасля гэтага большасць нібыта адмовілася ад удзелу ў здымках.

Каб удакладніць гэтую інфармацыю, «Наша Ніва» звязалася з Марыяй Пятроўскай, прэс-аташэ клуба знаўцаў. Яна катэгарычна абвяргае версію, агучаную вышэй. Па яе словах, здымкі адмянілі праз каранавірус.

«На гэты момант здымкі адклалі на нявызначаны тэрмін. Прычына — складаная пандэмічная сітуацыя. Тры капітаны з васьмі жывуць за мяжой, некаторыя знаўцы таксама. Без часткі гульцоў праблематычна правесці сезон, а без капітанаў — немагчыма. 

Ініцыятыва аб пераносе сыходзіла ад здымачнай групы. Апытвалі людзей яшчэ ў жніўні, тыя, хто за мяжой, фізічна не маглі прыехаць, а калі б і прыехалі, то не факт, што змаглі б пасля выехаць. Падстаўляць людзей мы не можам.

Плюс, дзе б ні праводзіліся здымкі, мы сёння не можам гарантаваць бяспеку для здароўя людзей. Усе астатнія абмеркаванні — унутрыклубныя размовы, якія не маюць дачынення да прынятага рашэння», — паведаміла Пятроўская.

«Наша Ніва» наўпрост пацікавілася: дык ці адмаўляліся знаўцы здымацца для АНТ?

«Гэта ўнутраная справа, якая не мае дачынення да прынятага рашэння аб пераносе здымак», — паўтарыла Марыя Пятроўская.

Яна падкрэсліла: пакуль сітуацыя з пандэміяй такая, якая ёсць, аднавіць здымкі немагчыма.

Тады «Наша Ніва» звязалася з Алесем Мухіным, знаўцам і вядучым беларускай перадачы «Што? Дзе? Калі?». Ён патлумачыў: здымкі сапраўды перанесеныя, але прычынай стала не канкрэтна «карона» ці палітыка, а сукупнасць фактараў.

«На сёння здымкі восеньскіх і зімовых гульняў «Што? Дзе? Калі?» не адмененыя, а перанесеныя. Мы плануем і хочам зняць канец сезона, а адбудзецца гэта ці не — ужо будзем глядзець, — кажа Алесь Мухін. — Нам пашанцавала, што вясновую і летнюю серыі мы паспелі зняць у сакавіку. Здымкі гульняў «восень-зіма» былі ў планах на жнівень і верасень. Але гэтаму перашкодзілі некалькі прычын».

Мухін падрабязна растлумачыў усе нюансы:

«Частка знаўцаў працуе ў міжнародных кампаніях. І цяпер яны знаходзяцца на добраахвотна-прымусовай самаізаляцыі, то-бок, працадаўца плаціць ім грошы з умовай сядзець дома і працаваць з дома. У нас ёсць цэлая такая каманда моладзі, напрыклад. І калі іх працадаўцы пабачаць, што па буднях работнікі сядзяць дома, а на выходных збіраюцца ў студыі, якая запоўненая людзьмі… Маглі б быць пытанні.

Частка знаўцаў знаходзіцца за мяжой. І гэта цяпер пачалі лятаць самалёты з той жа Расіі, ездзіць аўтобусы, а раней у гульцоў увогуле амаль не было шанцаў трапіць у Беларусь. Да таго ж, калі б яны ўсё ж прыехалі, то іх пусцілі б сюды як грамадзян Беларусі, але яны не маглі б вярнуцца ў Расію. Гэта другая частка праблемы.

Трэцяя частка ў тым, што некаторыя члены клуба сапраўды лічаць, што сёння не той час, каб выходзіць на палітызаваным тэлеканале. Пытанне было не канкрэтна да АНТ, размова ішла пра тое, што сёння сітуацыя ў краіне вельмі палітызаваная, і здымацца на каналах, у якіх палітычны складнік асноўны, не хацелася б. Вось як людзі фармулявалі».

Па словах Мухіна, канкрэтна да нейкага канала ні ў каго прэтэнзій не было.

«На тым жа АНТ мы здымаліся 12 гадоў і бачылі ад канала толькі добрае, — падкрэслівае Алесь Мухін. — У беларускага праекта «Што? Дзе? Калі?» да канала АНТ пытанняў няма, ёсць пытанні ў часткі членаў клуба. Гэта не ўвесь клуб. Гульцы запаўнялі анкеты, у якіх указвалі, ці будуць яны здымацца і пры якіх умовах. І я дакладна магу сказаць, што на той момант першая частка знаўцаў сказала, што не можа прыехаць праз каранавірус, другая — што не можа з’яўляцца ў публічнай прасторы, бо будуць праблемы з працадаўцамі, а трэцяя — што не можа здымацца, бо не хоча асацыявацца з палітычнымі заявамі.

Але ёсць і частка членаў клуба, якія гатовыя гуляць у любых сітуацыях, хоць у жніўні, хоць у верасні. Ім і кавід не страшны, і нашыя сацыяльна-палітычныя пытанні не перашкаджаюць, бо людзі вельмі любяць перадачу і хочуць, каб яна выходзіла. Мы ж не проста даём пенсіянерам зарабляць грошы, а яшчэ і нясём нейкае святло ведаў, паказваем, што ў Беларусі ёсць людзі з інтэлектам. Прынамсі я сваё задачай бачу менавіта гэтае».

Мухін адзначае: прычынай пераносу здымак стала адразу ўсё вышэйзгаданае.

Нават колькасна ў сваіх адказах, чаму зараз варта ці не варта здымацца, людзі падзяляліся прыкладна аднолькава на гэтыя чатыры часткі, кажа ён.

«Так, некаторыя знаўцы прасілі: давайце знойдзем нейкі чыста забаўляльны канал. Мы абмяркоўвалі гэта, — не адмаўляе Алесь Мухін. — Але на сёння ў Беларусі няма рэйтынгавых забаўляльных каналаў, якія б мелі дастатковы бюджэт для здымак нашай перадачы. «Што? Дзе? Калі?» заўсёды была найбольш складанай перадачай у тэхнічным плане на нашым тэлебачанні, бо трэба пабудаваць студыю, у якой на квадратны метр найбольшая колькасць мікрафонаў, стол з падсветкай, люстра, якая падымаецца…

Ды і аператараў трэба везці ў Маскву, вучыць, як здымаць, бо «Што? Дзе? Калі?» — усё ж спецыфічная праграма… Усе гэтыя тэхнічныя і тэхналагічныя нюансы выліваюцца ў дастаткова круглую суму пры абсталяванні новай студыі. І тут, акрамя добрай волі любога канала, патрабуюцца яшчэ і вялікія фінансавыя выдаткі. На жаль, гэта на сёння немагчыма.

І да таго ж, пакуль мы гэта абмяркоўвалі, пайшла і другая хваля каранавіруса. Таму здымкі ў любым выпадку былі б перанесеныя, што і адбылося».

Акрамя таго, перадача «Што? Дзе? Калі?» прынцыпова знаходзіцца па-за палітыкай, адзначае Мухін.

«Гэта тое, што дзясяцігоддзямі кажуць у Маскве, і тое, што вы бачыце ў нашай версіі перадачы. Акрамя любові да радзімы, ніякіх іншых сацыяльна-палітычных аспектаў мы ніколі не прапагандуем.

Калі былі б толькі сацыяльна-палітычныя прычыны, то, можа б, мы і здымалі б гульні, але проста без часткі клуба… Але калі ўсе вышэй агучаныя прычыны разам — то як тады рабіць перадачу?

Ды і ўсё ж мы клуб, гэта вельмі важна. У Маскве, можа, трохі іншы падыход, але ў Беларусі гэта сапраўды нейкая суполка людзей, і нашая бескампраміснасць праяўляецца толькі на запісе жывых эфіраў, калі я «мучаю» знаўцаў. У іншых жа момантах мы стараемся знаходзіць кампрамісы», — кажа Алесь Мухін.

У выніку, калі канкрэтна пройдуць здымкі — сказаць пакуль цяжка.

«Яшчэ ж і частка беларусаў — я сам, напрыклад, — здымаецца ў расійскім «Што? Дзе? Калі?». І трэба, каб здымкі беларускай перадачы не наклаліся на здымкі ў Маскве, бо інакш ці то наша перадача застанецца без некаторых гульцоў, ці то расійская, — тлумачыць Алесь Мухін. — Цяпер мы не паспелі адзняць нашыя гульні да пачатку здымак у Маскве. Рэзервныя даты для здымак беларускай перадачы былі ў снежні, але цяпер і мая каманда, і каманда Алёны Повышавай удзельнічаем у расійскіх гульнях. Таму, на жаль, мы фізічна не зможам здымаць беларускую перадачу ў снежні.

Адпаведна, здымкі дакладна пераносяцца на 2021 год».

Каментары

«Лукашэнка першым адчуе катастрофу Пуціна» — Святлана Алексіевіч у вялікай гутарцы ТОК10

«Лукашэнка першым адчуе катастрофу Пуціна» — Святлана Алексіевіч у вялікай гутарцы ТОК

Усе навіны →
Усе навіны

«Смаргонь» застаецца ў вышэйшай лізе

У Пінску пабывалі Круты і «Марафон адзінства»2

Тры гарады Беларусі першымі пяройдуць на электробусы4

Па загадзе беларуса ў расійскіх школах выраблялі шапачкі з фольгі для абароны ад НАТА8

Лукашэнка спадзяецца перазапусціць адносіны з Захадам пры Трампе. Вось што напісаў пра яго блізкі паплечнік Трампа14

Максім з Латвіі пераехаў у Беларусь. Цяпер расказвае, як добра, калі частку заробку выдаюць прадуктамі33

Перамогу Трампа ў Пенсільваніі забяспечылі амішы. Хто гэтыя незвычайныя людзі?35

Блогера Спірына не вызвалілі пасля сканчэння чатырохгадовага тэрміну4

Пара мяняць летнюю гуму. Колькі гэта каштуе цяпер?1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Лукашэнка першым адчуе катастрофу Пуціна» — Святлана Алексіевіч у вялікай гутарцы ТОК10

«Лукашэнка першым адчуе катастрофу Пуціна» — Святлана Алексіевіч у вялікай гутарцы ТОК

Галоўнае
Усе навіны →