Гісторыя

Наша страва, класіка. Тушаная капуста з грыбамі і лазанкі з грыбамі

Гэтая страва вядомая беларусам яшчэ з Сярэднявечча, піша Алесь Белы.

SHUTTERSTOCK.COM, BY ANNA-2118

У свой час мне давялося абурацца той «качкай», якую запусціў расійскі культуролаг-аматар Вільям Пахлёбкін, быццам бы ў традыцыйнай беларускай кухні амаль няма грыбных страў. І асабліва тым, як у самой Беларусі гэтыя сумнеўныя тэзісы бяздумна і даверліва паўтараюць за савецкім «мэтрам». 

Гісторыя грыбной кухні ў Беларусі яшчэ не напісаная, хаця ў ёй можа быць шмат цікавых старонак. Бо страў з грыбамі на нашых сталах — многія дзясяткі. 

Багацце і разнастайнасць нашай грыбной кулінарыі пакінулі сляды і ў старых літаратурных помніках ды афіцыйных дакументах. Напрыклад, жартаўлівая песня «Ваенны паход грыбоў» Дамініка Рудніцкага часткова цытуецца ў паэме Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш». А адна з самых старых пісьмова зафіксаваных беларуска-літоўскіх страў — тушаная капуста з грыбамі, пра гісторыю якой хочацца коратка распавесці.

Спачатку грыбы, пасля капуста

Тушаная капуста з грыбамі — страва досыць простая, але і для яе ўзнікнення былі патрэбныя пэўныя ўмовы. Напрыклад, сама капуста: яна лічыцца абарыгенам Міжземнамор’я, і ў Цэнтральную ды Усходнюю Еўропу трапіла не адразу. Прычым на Русь, дзякуючы шчыльным культурным сувязям з праваслаўнай Грэцыяй, — прыкладна ў ХІ стагоддзі, тады як у Польшчу, здаецца, толькі ў XIV, праз германскае пасярэдніцтва. І, магчыма, у Польшчы доўгі час існавала пэўная засцярога перад гэтай гародніннай культурай, шырокае ўвядзенне якой у гастраномію часта прыпісваюць ужо каралеве Боне (XVI стагоддзе). 

А вось выкарыстанне ў кухні грыбоў — агульная старажытная рыса славянскіх і балцкіх народаў. Можна меркаваць, што тушэнне капусты з грыбамі — традыцыя, якая склалася на Русі яшчэ ў дамангольскую эпоху. А з дамангольскай Русі трапіла і ў Літву — асабліва шырока пасля стварэння Вялікага Княства Літоўскага.

У выдадзеным польскім паэтам эпохі барока Гіяцынтам Пшэтоцкім зборніку вершаў «Посны абед» (1653) ёсць чатырохрадкоўе, прысвечанае літоўскай капусце з грыбамі:

Літоўскі, пэўне, прысмак — капуста з грыбамі.
У Вільні стаў на стол яго, паміж паўміскамі.
Бо ў Польшчы грыб у дуброве, капуста ж — у агародзе,
А калі ў адным гаршку, дык там нэндза будзе.

А вось рэестр выдаткаў і закупаў за 1699 год магістрата Магілёва — самага вялікага горада з процілеглага, рускага полюса дзяржавы: сярод іншага, для пачастунку прадстаўнікоў гарадской улады купілі «да тэй капусты алею, баравікоў і перцу». Што ўжо дае нам даволі празрысты намёк на рэцэптуру стравы.

Начынка да модных страў 

Можна меркаваць, што ў часы Рэчы Паспалітай гэтая страва, як і многія іншыя, характэрныя для Літвы і Русі Літоўскай, у Польшчы яшчэ мела невысокую рэпутацыю (самы яскравы прыклад — «варварскае» бацвінне, пра якое ў Пшэтоцкага таксама ёсць сатырычнае чатырохрадкоўе). Пройдзе яшчэ пару стагоддзяў, а асабліва пара падзелаў і паўстанняў, і многія раней пагарджаныя літоўска-беларускія стравы набудуць у Польшчы асаблівую папулярнасць. Найперш пад уплывам рамантычнага вобразу Літвы, краю Касцюшкі, Міцкевіча, Манюшкі, які вядзе зацятае змаганне з Расійскай імперыяй. І дакараць які ў такіх умовах за беднасць і прымітыўнасць, у адрозненне ад часоў барока, робіцца непрыстойным блюзнерствам.

Паступовае распаўсюджанне тушанай капусты з грыбамі на захад, у каронную Польшчу, аказала істотны ўплыў і на рэцэптуру іншых страў. Гэта добра відаць на прыкладзе бігасу. 

Старапольскі бігас класічнай сармацкай эпохі рабіўся без аніякай капусты. Гэта была страва з тушаных кавалкаў мяса або рыбы (нават сушанай), дзе кіслы смак дасягаўся праз дадаванне дарагіх лімонаў або не зусім таннага віннага воцату. «Бігасаваць» тады азначала секчы на кавалкі. «Бігасаваць!» — крычала на сейміках раз’юшаная шляхта, пагражаючы расправай партыі праціўнікаў.

Сваяк нашай тушанай з грыбамі капусты — польскі бігас. Shutterstock.com, by Liliya Kandrashevich.

Толькі ў XVIII стагоддзі, як мы ведаем з дзённікаў ксяндза Енджэя Кітовіча, з’явіўся гэтак званы «гультайскі» бігас, у якім менавіта капуста складала большую частку аб’ёму, а мяса было толькі дадаткам. Пачаткова як страва людзей незаможных і тэрытарыяльна — пераважна менавіта ў небагатай Літве, якая ўжо была вядомая сваёй капустай з грыбамі. 

Але і яшчэ ў некалькі знакавых страў увайшло гэтае класічнае спалучэнне ўжо ў якасці начынкі. Па-першае — у лазанкі. У страву — нашчадак італьянскай лазанні, даўно і трывала адаптаваную ў Рэчы Паспалітай праз дадаванне да квадратных мучных локшынаў тыпова мясцовых інгрэдыентаў. І што можа быць лепшым у пост, і ў тым ліку на посную Вігілію, калі не лазанкі, тушаныя з капустай і грыбамі? 

Па-другое, тую самую начынку можна выкарыстаць у варэніках, якія ў Літве называлі калдунамі. 

І нарэшце — у кулябякі. Гэтая страва ўвогуле зрабіла даволі мудрагелісты шлях на нашы землі. Спачатку гэта быў маскоўскі традыцыйны, вядомы з XVII стагоддзя пірог з дражджавога цеста, з начынкай з капусты, грэцкай кашы, крутых яек, сушанай і варанай рыбы, грыбоў, цыбулі. На мяжы XVIII і ХІХ стагоддзяў французскія кулінары, якія працавалі ў Расіі, надалі кулябякам міжнародную вядомасць і адаптавалі іх рэцэптуру пад патрабаванні высокай кулінарыі: іх сталі гатаваць з больш далікатнага слаёнага, ці, як казалі даўней, французскага, цеста, а ў якасці начынкі ўжываць дзічыну, шампіньёны, рыс, ласося і г. д.

Мода на кулябякі, ужо пад французскім уплывам, трапіла і ў арыстакратычныя двары Польшчы, Беларусі, Літвы, дзе кухмістры мясцовых магнатаў стварылі свае арыгінальныя рэцэпты гэтай стравы. І некаторыя з іх спрабавалі спалучаць руска-французскую форму з ліцвінскім зместам. Вось «кулябяк а-ля Сапега» якраз і выкарыстоўвае старую добрую ліцвінскую капусту з грыбамі ў якасці начынкі.

І сама такая капуста, і вытворныя ад яе стравы маюць яскрава вігілійны, калядны вобраз. Дарэчы, неяк так склалася, што амаль усё традыцыйнае вігілійнае меню каталікоў-ліцвінаў, пачынаючы ад Куцці, мае тыпова ўсходні, русінскі склад. Відаць, гэта чарговае пацвярджэнне, што задоўга да каталіцкага хросту праваслаўе і русінская культура пусцілі ў Літве даволі глыбокія карані, якія шмат у чым захаваліся і пад пазнейшымі лацінскімі напластаваннямі.

Тушаная капуста з грыбамі

Гэты рэцэпт старадаўні, з ільняным алеем. Бо які іншы алей мог бы быць у XVII стагоддзі? Памятайма толькі, што смажыць на такім алеі нельга, таму цыбулю абсмажвайце на рафінаваным. 

Інгрэдыенты:

  • 1 кг квашанай капусты
  • 50 г сушаных лясных грыбоў (найлепш баравікоў) або 700—800 г свежых
  • паўшклянкі льнянога алею (і дадаткова лыжка для поліўкі) 
  • дзве цыбуліны (нарэзаныя кубікамі і абсмажаныя)
  • паўлыжачкі кмену
  • 2 лаўровыя лісткі
  • соль, перац чорны і духмяны на смак
  • 1 лыжка пшанічнай мукі

Сушаныя грыбы пакінуць у вадзе на ноч (свежыя гатаваць, як звычайна гатуюць грыбы). На наступны дзень парэзаць іх на дробныя кавалачкі (ваду з-пад грыбоў можна захаваць і пазней дадаць да тушанай капусты). Старанна прамыць квашаную капусту ў халоднай вадзе. Тады нарэзаць і змяшаць з грыбамі і цыбуляй. Узяць рондаль з тоўстым дном і наліць тонкім пластом ільняны алей на дно. Затым дадаць квашаную капусту, накрыць яе і тушыць на малым агні, пакуль не стане мяккай. Можна дадаць ваду, якую выкарыстоўвалі для замочвання грыбоў, каб паскорыць працэс. Таксама дадаць кмен. 

У канцы зрабіць запраўку для поліўкі з лыжкі льнянога алею і пшанічнай мукі і дадаць яе ў страву. Заправіць соллю і перцам. Тушыць яшчэ некалькі хвілін. 

Кулябяка з тушанай з грыбамі капустай. Aniagotuje.pl.

Лазанкі 

(базавы рэцэпт)

Інгрэдыенты:

  • 2 шклянкі мукі
  • 2 яйкі
  • 5—6 лыжак вады
  • соль

Муку прасеяць на роўную паверхню, зрабіць паглыбленне, убіць яйкі, уліць ваду, перамяшаць да атрымання загусцелай, цвердаватай масы. Цеста падзяліць на часткі і кожную тонка раскачаць і пакінуць, каб падсохлі. Затым пасыпаць мукой, скруціць у рольку, якую пакроіць на палоскі шырынёй 2—2,5 см см, а іх падзяліць на квадрацікі або ромбы і раскачаць па дошцы. 

Лазанкі апусціць у кіпячую падсоленую ваду, перамяшаць, прыкрыць накрыўкай, паварыць, адцадзіць.

Лазанкі з кіслай капустай і грыбамі

Прыгатаваць лазанкі па папярэднім рэцэпце або набыць 500 г гатовых, напрыклад, італьянскіх.

Інгрэдыенты начынкі:

  • 500 г кіслай капусты
  • 1 цыбуліна
  • 50 г сушаных баравікоў
  • 2 сталовыя лыжкі мукі
  • 2 сталовыя лыжкі масла
  • алей
  • соль, перац на смак

Грыбы старанна мыем, замочваем на ноч у халоднай вадзе, затым варым да гатоўнасці, адцэджваем і дробна крышым (адвар не выліваем). Капусту, калі занадта кіслая, палошчам, затым заліваем грыбным адварам, трохі разбаўляем вадой і варым да мяккасці. Цыбулю дробна крышым, падсмажваем на патэльні да празрыстага стану, дасыпаем муку і дасмажваем.

Адварваем лазанкі да стану al dente — трохі недаваранага. Змешваем капусту з грыбамі і засмажкай, дадаём 1—2 лыжкі алею і яшчэ хвіліну дасмажваем на малым агні. Дадаём соль і перац на смак. Выкладаем слаямі лазанкі і начынку на пашмараваную маслам ці алеем бляху і запякаем у духоўцы пры тэмпературы 200°C каля 20 хвілін.

Каментары

Як мінімум 14 чалавек затрыманыя за палітыку ў рабочым пасёлку Ялізава

Як мінімум 14 чалавек затрыманыя за палітыку ў рабочым пасёлку Ялізава

Усе навіны →
Усе навіны

Дыпламаты краін ЕС наведалі Курапаты ФОТЫ10

Выкладчыца журфака БДУ: Многія маладыя людзі пераходзяць на беларускую мову, калі няма чаго сказаць арыгінальнага23

Рыжанкоў заявіў, што самаабарона Захаду ад Расіі і Беларусі «мяжуе з генацыдам»6

Сілавікі ўчора зноў затрымлівалі Ніну Багінскую4

Канапацкая падала дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы12

Пенсіянер адправіў 18 тысяч рублёў дзяўчыне, а гэта аказаўся хлопец1

Лукашэнка сцвярджае, што ЗША пагражалі Беларусі вайной9

Рэспубліканец Арнольд Шварцэнегер падтрымаў Камалу Харыс5

На старажытнай карце вучоныя знайшлі шлях да Ноевага каўчэга1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як мінімум 14 чалавек затрыманыя за палітыку ў рабочым пасёлку Ялізава

Як мінімум 14 чалавек затрыманыя за палітыку ў рабочым пасёлку Ялізава

Галоўнае
Усе навіны →