Што зразумела пра смерць 28-гадовага Мікіты Крыўцова на гэты момант
— Мікіта Крыўцоў знік 12 жніўня. Ён прыехаў з Жодзіна ў Мінск і перастаў выходзіць на сувязь.
— Паколькі ў гэтыя дні прападала шмат людзей, сям’я звярталася на Акрэсціна, у Жодзіна, да журналістаў і праваабаронцаў, шукала Мікіту ва ўсіх магчымых спісах затрыманых дэманстрантаў.
— Сведчанняў таго, што Мікіта ўдзельнічаў альбо не ўдзельнічаў у акцыях пратэсту — няма. Дапоўнена, P.S. Знайшлося відэа: так, удзельнічаў.
— 22 жніўня цела хлопца было знойдзена ў лесе на вуліцы Парніковай.
— Міліцыя паведаміла сям’і, што на целе Мікіты няма бачных цялесных пашкоджанняў.
— Сям’я не бачыла цела, жонка паедзе ў морг у нядзелю, 23 жніўня. Жонка пакуль абапіраецца на інфармацыю ад міліцыі.
— «Анёл» не даваў каментароў пра стан цела і абставіны смерці.
— Мікіту Крыўцову было 28 гадоў. Ён родам з Вілейкі, жыў нейкі час у Маладзечне, яго сям'я жыве ў Жодзіне. Быў футбольным фанатам. У Інстаграме ён быў падпісаны «спадар Шчыры», на назе ў яго была татуіроўка з Якубам Коласам.
Каментары