У Японіі ва ўзросце 94 гады памёр Асаму Судзукі, які больш за 40 гадоў узначальваў аўтамабільную кампанію Suzuki. Прычынай ягонай смерці стала лімфома.
Асаму Судзукі прыйшоў у кампанію ў 1958 годзе пасля шлюбу з дачкой аднаго з яе заснавальнікаў, узяўшы яе прозвішча. З часам ён заняў пасаду прэзідэнта кампаніі і зрабіў стаўку на вытворчасць кампактных аўтамабіляў не толькі ў Японіі, але і ў Індыі, Паўднёва-Усходняй Азіі і Венгрыі. Прытым калі ў Японіі Suzuki саступае больш буйным карпарацыям, то ў Індыі кампанія займае каля 40% рынку.
Пад кіраўніцтвам Асаму Судзукі продажы Suzuki выраслі ў 10 разоў.
На радзіме яго празвалі «геніяльным скнарам». Пра ягоную ашчаднасць хадзілі легенды. Напрыклад, ён загадваў зніжаць столі на заводах, каб ашчадзіць на кандыцыянаванні паветра, а таксама лётаў эканомкласам на самалётах нават у старэчым узросце.
Асаму Судзукі кіраваў кампаніяй да 2015 года. На пенсію ён пайшоў толькі ў 85 гадоў, перадаўшы пасаду свайму сыну Тасіхіра Судзукі.
Сам жа Асаму Судзукі з 2015 па 2021 год быў дырэктарам і старшынёй праўлення Suzuki, а апошнія гады — старшым дарадцам.
Продажы Suzuki за апошні фінансавы год, які завяршыўся ў сакавіку 2024 года, склалі каля 3,2 млн аўтамабіляў па ўсім свеце. Больш за палову з іх былі рэалізаваныя ў Індыі.
Каментары