Гісторыя

Як у камянецкую вёску прыйшла амерыканская лаянка — і трансфармавалася ў дзіўнае «кес моес»

Гісторыя адбіваецца не толькі ў археалагічных пластах — у мове таксама. Піша Іна Хоміч у часопісе «Наша гісторыя».

Зянькі, Камянецкі раён. У 50-я тут жыло каля ста чалавек, цяпер жыве каля дзесяці. Што лічба атрымалася двухзначнай, дзякуй шматдзетнай сям’і, якая год таму да нас перабралася. Акрамя іх, з пастаянных насельнікаў — тры бабулі ды пара маладзейшых пенсіянераў.

Летам людзей большае, з горада на агароды і ў адпачынкі з’язджаюцца тыя зянькоўцы, што яшчэ вымушаныя працаваць. У Зяньках яшчэ гавораць па-свойму, мясцовую гаворку не трэба рэканструяваць — толькі сам гавары ды слухай, што табе кажуць у адказ.

Пойма ракі Лясная ля Зянькоў. Разліў вады ў сакавіку 2016-га. Фота аўтаркі.

Цяпер уявіце маю суседку Ганну Зянчук, або бабу Гандзю, як я яе называю. Ёй 88 год, усё жыццё пражыла ў Зяньках, і для мяне яна ўваходзіць у топ найлепшых суразмоўцаў. З пачуццем гумару, без звычкі да маралізатарства, з уменнем слухаць і не навязваць свой пункт гледжання. Псіхолагі на такое вучацца, а ў былога палявода бабы Гандзі — закладзена прыродай. Таму я заходжу да яе кожны раз, калі прыязджаю, або штодня, калі там жыву. Адпачываю, вучуся, назіраю, запісваю.

Кес моес

Баба Гандзя вельмі рэдка лаецца. А калі ўжо здараецца, то гэта хутчэй смешная, чым крыўдная лаянка. «Хай тыбэ хулера возьмэ!» і ўсе варыяцыі праклёнаў з хваробамі ў галоўнай ролі. 

І вось сяджу я неяк у бабы Гандзі са сваім блакнотам, раз-пораз цікавыя мне словы запісваю, як у хату заходзіць яшчэ адзін наш сусед — Яўген Фраловіч, па-вулічнаму проста Жэнік. Ён просіць пазычыць «цюкру» да наступнага прыезду аўталаўкі. Тлумачыць, што жонка варыць прасяную кашу, а «цюкру» ў хаце не знайшлося. 

А Баба Гандзя яму: «А кес моес!» Устае і выходзіць у іншы пакой па цукар. «Шо вуна сказала?» — перапытваю Жэніка.

А Жэнік паўтарае, быццам гэта самая вялікая ў свеце банальнасць: «Кес моес. Тэ шо, нэгды ны чула?» 

Жэнік дадае, што «кес моес» часценька ўварочваў яго дзед Ліксандр, «марыканыць», як называлі абсалютна ўсіх гастарбайтараў, што пабывалі на заробках у Амерыцы. «Кес моес крэйзе хаус» — кідаў Ліксандр наўздагон сямейнікам, якія рабілі не па-ягонаму.

Пасля такой падказкі было ўжо не цяжка дакруціць, што ж такое «кес моес». Гэта не што іншае, як пераробленая на зянькоўскі манер амерыканская лаянка «Kiss my ass» («Пацалуй мяне ў сраку»), якая прыйшлася гэтак даспадобы зянькоўцам, што яны яе прыхапілі з сабой са Штатаў ці Канады. Спрасціць да сённяшняга варыянта маглі як самі «марыканцы»-гастарбайтары, так і ўжо тыя вяскоўцы, што пачулі лаянку з іх вуснаў. 

Дутэнпуль

А гэтае запазычанне прыйшло да зянькоўцаў з… румынскай мовы. 

Ужо пасля вайны, калі баба Гандзя была маладой дзеўкай, у іх калгас прыехалі чарнявыя хлопцы. Як іх сюды занесла, мая суседка не памятае, але ці мала тады вандравалі па Саюзе ўсялякія працоўныя моладзевыя брыгады?

Аўтарка з суседкай Ганнай Зянчук. Фота Ільі Шамілава.

Малдаўскія хлопцы ўсё паўтаралі выраз, які інтрыгаваў зянькоўскіх дзевак. Наслухаўшыся, тыя таксама сталі паўтараць «дутэнпу́ль». Малдаване смяяліся, пакуль адзін нарэшце не сказаў: «Няфайна дзяўчатам так казаць!» «А вам файна?» — бойка парыравалі дзяўчаты. «Нам, так!» — адказвалі тыя.

Моладзевыя жартачкі прайшлі, як і сам калгас з Савецкім Саюзам, а слова «дутэнпуль» баба Гандзя памятае дагэтуль, хоць актыўна не ўжывае. Як і ў выпадку з «кес моес», яна дакладна не ведае, што яно значыць.

Крыху не зразумеў маёй цікаўнасці і гугл-транслэйт. Затое знаёмая, якая доўга жыла ў Малдове, адразу пабачыла сугучча з вельмі грубым і абразлівым dute în pula (на малдаўскай кірыліцы: дуте ын пулэ). Па значэнні гэта падобна да расійскага пасылання на тры літары, з той розніцай, што тут пасылаюць у жаночы орган замест мужчынскага.

Лаянка — гэта тое, чаго мы слушна саромеемся. Але ў яе не адабраць адной уласцівасці: маючы вялікую эмацыйную выразнасць, яна лёгка запазычваецца і абжываецца на новым месцы. А пасля залягае ў глыбіню новай мовы, як чарапкі археалагічнай культуры.

Каментары

З'явілася расшыфроўка перамоў экіпажа рэйса Баку — Грозны з дыспетчарам. Усё паказвае на тое, што самалёт падбілі зенітнай ракетай4

З'явілася расшыфроўка перамоў экіпажа рэйса Баку — Грозны з дыспетчарам. Усё паказвае на тое, што самалёт падбілі зенітнай ракетай

Усе навіны →
Усе навіны

У Гомелі 20-гадовая дзяўчына на «ягуары» цудам выжыла ў аварыі2

«Пуцін свядома абраў Каляды для нападу». Расія нанесла чарговы масіраваны ўдар па энергетыцы Украіны3

Беларусаў, якія раней заплацілі за данаты, пачалі выклікаць у пракуратуру13

Стаў вядомы прысуд Паўлу Іванову з Віцебска, якога судзілі за «абразу Лукашэнкі»

Маляваныч расказаў, чым адкупляўся ад даішнікаў1

У Мінску адбыўся вялікі сход Дзядоў Марозаў і Снягурак ФОТЫ1

Пасажырскі самалёт разбіўся ў Казахстане. На борце былі 67 чалавек, 25 выжылі3

Апублікаваныя дэкларацыі кандыдатаў у прэзідэнты. Колькі ў Лукашэнкі, а колькі ў астатніх?25

Арыштавалі 58-гадовую гаспадыню аграсядзібы з Баранавічаў, якая была прэтэндэнтам на прэзідэнцкіх выбарах — 202012

больш чытаных навін
больш лайканых навін

З'явілася расшыфроўка перамоў экіпажа рэйса Баку — Грозны з дыспетчарам. Усё паказвае на тое, што самалёт падбілі зенітнай ракетай4

З'явілася расшыфроўка перамоў экіпажа рэйса Баку — Грозны з дыспетчарам. Усё паказвае на тое, што самалёт падбілі зенітнай ракетай

Галоўнае
Усе навіны →