Расійскі «Першы канал» заявіў пра рэзкае пагаршэнне сітуацыі ў Беларусі і даў слова жыхарам Стоўбцаў ВІДЭА
У расійскіх тэленавінах выйшаў сюжэт пра няпростую эпідэміялагічную сітуацыю ў Беларусі.
«Сусветная арганізацыя аховы здароўя заклікае ўлады Беларусі перанесці ўсе масавыя мерапрыемствы і ўзмацніць жорсткасць абмежавальных мер па барацьбе з каранавірусам. Нядаўнія велікодныя службы і рэспубліканскі суботнік закончыліся чарговай успышкай захворвання, — паведаміў расійскі тэлеканал. — Беларусь ужо на трэцім месцы ва ўсёй Еўропе па прыросце выяўленых выпадкаў COVID-19 на душу насельніцтва. Хоць і гэтая афіцыйная статыстыка ў мясцовых жыхароў не выклікае даверу», — перадае карэспандэнт «Першага канала».
У сюжэце журналіст гутарыць з некалькімі жыхарамі Стоўбцаў, чые родныя памерлі. Пра большасць з гэтых гісторый «Наша Ніва» ўжо пісала.
У якасці ілюстрацыі «свежых пахаванняў» паказваюць панарамны план могілак у Стоўбцах — і магілу дзяўчыны, якая насамрэч загінула ў аўтакатастрофе ў лістападзе 2019 года.
Слова далі і жыхарам горада.
Уладзімір Язвінскі расказаў, што яго жонка працавала ў харчаблоку бальніцы і сама захварэла. Тэст на COVID-19 жанчына здала яшчэ ў канцы красавіка, але выніку не ведае дагэтуль.
Сяргей Лубчонак перахварэў на пнеўманію. «Сімптомы [каранавіруса] былі. Але тэсты ўсе адмоўныя. Але гэта на словах. Я гэтых вынікаў тэстаў не бачыў. Але доктар казаў, што на 99,9% гэта быў каранавірус», — расказаў Сяргей Лубчонак.
Мама Алены Зяноўка Ядвіга Пархімовіч памерла 22 красавіка. І хоць, па словах жанчыны, каранавірус быў пацверджаны, у пасведчанні аб смерці паказалі іншую прычыну.
«Хавалі ў закрытай труне, у нас напісалі ў даведцы — сардэчная недастатковасць», — расказвае Алена Зяноўка.
«На гэтым фоне становіцца зразумела, чаму многія не давяраюць методыкам падліку, якія выкарыстоўвае беларускае Міністэрства аховы здароўя. Але нават згодна з апублікаванай афіцыйнай статыстыкай выходзіць, што Беларусь па прыросце выяўленых выпадкаў каранавіруса на душу насельніцтва даўно абагнала ўсіх суседзяў і выйшла на трэцяе месца ў Еўропе», — адзначае расійскі тэлеканал.
«Колькасць хворых расце ў геаметрычнай прагрэсіі. Сусветная арганізацыя аховы здароўя рэкамендуе ўзмацненне строгасці мер фізічнага дыстанцыявання і перанос усіх масавых мерапрыемстваў», — адзначае пастаянная каардынатарка ААН у Рэспубліцы Беларусь Іаана Казана-Вішнявецкі.
«Падобныя заклікі гучаць ужо даўно. Але для ўладаў гэта не стала падставай закрыць прадпрыемствы, школы і рэстараны і не перашкодзіла правесці ў Беларусі шматлюдныя велікодныя службы і рэспубліканскі суботнік. Чым гэта ўсё абярнулася, можна меркаваць па відэа, знятым на тэлефон пацыентам адной з бальніц Віцебска, — перадае расійскі канал, — «Загружаны ўвесь горад пнеўманіяй! Амаль усюды карона! Хворых падзець няма куды, учора ўжо прывезлі чыста адны кароны пацверджаныя ў хірургічнае аддзяленне. Забілі. Класці няма куды», — кажа доктар на відэа, знятым у палаце.
Каментары