У Швецыі забілі 16-гадовага сына беларускага журналіста Дзмітрыя Плакса
2 жніўня на марскім узбярэжжы ў Швецыі забіты Пятро Плакс — сын беларускага журналіста і літаратара Дзмітрыя Плакса. Пра гэта паведамляе «Радыё Свабода». Хлопцу было 16 гадоў.
Як піша шведскае выданне Expressen, падлетак забіў Пятра сякерай на пляжы ў камуне Салентуна на поўнач ад Стакгольма. Пасля гэтага ён сам патэлефанаваў у паліцыю і прызнаўся ў злачынстве.
З цяжкімі пашкоджаннямі галавы пацярпелы верталётам хуткай дапамогі быў дастаўлены ў лякарню, аднак уратаваць яго не ўдалося.
«Ён спачатку марыў стаць піяністам-канцэртмайстрам, але потым сказаў, што будзе рабіць кар’еру эвалюцыйнага псіхолага. Пры гэтым ніколі не пакідаў фартэпіяна, працягваў іграць і браць урокі. — Пятро быў суперталенавіты: чытаў навуковыя кнігі, яму ўсё было цікава… Найлепшы хлопец на свеце — заўсёды шчаслівы і з добрым настроем», — расказаў шведскім СМІ Дзмітры Плакс.
Незадоўга да трагедыі Пётр з мамай Вольгай 10 дзён правялі ў Менску. Малады чалавек сустракаўся з сябрамі і сваякамі, дзяліўся амбітнымі планамі.
4 жніўня ў школе, дзе вучыўся Пятро Плакс, адбылася мемарыяльная вечарына яго памяці.
Дзмітры Плакс — пісьменьнік, перакладчык, журналіст. Нарадзіўся ў Менску. З жонкай Вольгай пераехалі ў Стакгольм, дзе Дзмітры заснаваў беларускую службу «Радыё Швецыя». Сябар Саюза пісьменнікаў Швецыі і Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Каментары