Выглядае, што ААЦ будзе праслухоўваць чыноўнікаў і аўтаматычна расшыфроўваць рускамоўныя размовы
Аператыўна-аналітычны цэнтр гатовы патраціць 700 тысяч беларускіх рублёў на стварэнне «Комплексу распазнання маўленчай інфармацыі».
На гэту займальную закупку звярнуў увагу навуковец і блогер Ягор Лебядок у сваім тэлеграм-канале.
Паводле тэхнічнага задання, комплекс прызначаны для ператварэння акустычнай інфармацыі, што змяшчае перамовы ад розных дыктараў на рускай мове і паступае ў выглядзе гукавых файлаў, у тэкставы выгляд з мэтай далейшай класіфікацыі, адбору і аналізу атрыманай інфармацыі, прадастаўлення аператару-аналітыку стэнаграмы аўдыязапісу.
Сістэма павінна апрацоўваць не менш за 50 тысяч запісаў за суткі, у часе гэта не менш за 720 гадзін.
Ягор Лебядок робіць выснову, што тэхнічнае заданне выдае сістэму для праслухоўвання і аўтаматычнага пераводу праслуханага ў тэкст.
«Апошні пункт [пра колькасць запісаў і гадзін — Рэд.], магчыма, троху раскрывае і пералік асобаў для праслухоўвання і аналізу размоваў. Афіцыйна ўтойваецца, але ў рэальнасці вядома, што асноўная функцыя ААЦ — гэта кантроль вертыкалі ўлады, а 50 тысяч размоваў за суткі цалкам дастаткова для асноўнай часткі вертыкалі ўлады ці іншых важных для дзяржавы асоб. Хаця, вядома, комплекс можа быць выкарыстаны і ў дачыненні да іншых грамадзян, або на карысць іншых ведамства», — піша Лебядок.
Таксама адметна, што гэтая сістэма не ў стане аналізаваць беларускую мову.
Распрацоўкай сістэмы займаецца Навукова-даследчы інстытут тэхнічнай абароны інфармацыі.
Чаму так і для якіх мэтаў ствараецца комплекс, пакуль невядома. «Наша Ніва» накіравала ў ААЦ запыт з адпаведнымі пытаннямі.
Каментары