Улада55

МАЗ, шашлыкі і махровыя ручнікі: пяць фактаў аб пяці чыноўніках, якіх сёння прызначыў Лукашэнка

Аляксандр Лукашэнка зладзіў 16 мая кадравы дзень. Пра некаторых з прызначэнцаў — у артыкуле «Нашай Нівы».

Крымінальны след у біяграфіі гендырэктара МАЗа

Валерый Іванковіч з жонкай на адпачынку. Фота з ok.ru.

48-гадовы Валерый Іванковіч узначаліў флагмана беларускага машынабудавання — завод МАЗ.

Іванковіч родам з Наваполацка. Кажа, што бацькі былі простымі рабочымі. Бацька — таксама Валерый — 43 гады адпрацаваў на «Паліміры».

Іванковіч скончыў Політэхнічную акадэмію. Пасля гэтага ён вярнуўся ў Наваполацк і ўладкаваўся на працу на той самы «Палімір», дапрацаваўся там да камерцыйнага дырэктара.

Біяграфія Іванковіча ідзе супольна з біяграфіяй Аляксандра Бароўскага, які ўзначальваў «Палімір» пры Іванковічу. Калі Бароўскага ў 2006 годзе забралі ўзначаліць «Белнафтахім», то ён забраў з сабой Іванковіча ў якасці дырэктара «Беларускага нафтавага гандлёвага дома».

Калі ў 2007 годзе КДБ арыштаваў за раскраданні і злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, то паведамлялася і пра затрыманне Іванковіча. Але таго ці хутка адпусцілі, ці не затрымлівалі ўвогуле.

Адзначым, што пасля памілавання Бароўскі ўзначальваў менавіта МАЗ. Прычым кіраўніцтва краіны было ім настолькі задаволенае, што ўручыла Ордэн Пашаны. Забраў Бароўскі Іванковіча зноў з сабой — намеснікам гендырэктара ААТ «БелаўтаМАЗ».

Апошнія чатыры гады Іванковіч узначальваў прыватнае ААТ «Амкадор», якое належыць бізнэсмену Шакуціну. Фактычна, Іванковіч з’яўляўся адным з топавых менеджараў краіны. Цяпер ён пераходзіць назад на дзяржаўную працу.

Жонка Наталля таксама родам з Наваполацка. У пары двое сыноў — Ілля і Арсеній. Старэйшы Ілля ў 2015 скончыў школу, цяпер працуе ў EPAM. Шмат падарожнічае па свеце. Ездзіць у адпачынкі і сам Валерый Іванковіч, прынамсі ёсць яго здымкі з пляжаў Іспаніі і Турцыі. Малодшы — яшчэ школьнік.

Гледзячы на акаўнт Валерыя Іванковіча Укантакце, можна зразумець, што ён суперажывае баскетбольнаму клубу «Лос-Анджэлес Лейкерс» і ўвогуле сочыць за спаборніцтвамі НБА. На беларускамоўныя і беларускія СМІ ён не падпісаны, затое сочыць за абнаўленнямі на «Раша тудэй».

Хто ўзначаліў наргас?

Вячаслаў Шуцілін. Фота vk.com.

Новаму рэктару БДЭУ Вячаславу Шуціліну 50 гадоў. Ён родам з расійскай Разані, але ў школу хадзіў ужо ў Мінску. Дарэчы, вучыўся ў школе №88 у Першамайскім раёне, на месцы якой узвялі будынак для міліцыі.

У 1986 годзе паступіў у наргас на ўлікова-эканамічны факультэт, але ўжо праз год быў вымушаны перарваць навучанне праз службу ў арміі.

Адразу пасля сканчэння застаўся ў сваёй альма-матэр у якасці выкладчыка на кафедры гандлю сродкамі вытворчасці.

Адметна, што ў БДЭУ працуе і жонка Вячаслава Наталля Шуціліна. Яны вучыліся разам ва ўніверсітэце. Цікава, што Наталля Васільеўна таксама нарадзілася ў Расіі. Цяпер яна з’яўляецца загадчыцай кафедры таваразнаўства нехарчовых тавараў.

У 2004 годзе Вячаслаў Шуцілін стаў навуковым сакратаром БДЭУ, у 2008 — начальнікам упраўлення падрыхтоўкі навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі. Узначальваў дактарантуру і быў дэканам факультэта міжнародных эканамічных адносін.

Летась ён стаў першым прарэктарам наргаса, а ўжо праз восем месяцаў атрымаў новае павышэнне.

У Вячаслава Шуціліна двое сыноў. Старэйшаму Мікіту 20 гадоў, ён навучаецца на механіка-матэматычным факультэце БДУ, а таксама супрацоўнічае з кампаніяй рэзідэнтам ПВТ Twistellar People. Малодшы сын Ілля на дадзены момант з’яўляецца 11-класнікам мінскага Ліцэя №2.

Плаціла заробкі махровымі ручнікамі

Таццяна Лугіна і былы прэм'ер Андрэй Кабякоў. Фота БелТА.

45-гадовая Таццяна Лугіна ўзначаліла Беллегпрам. Да гэтага яна была дырэктарам на пінскай фабрыцы «Палессе».

Яна сама родам з Пінску. Вучылася ў Віцебску, ў тэхналагічным універсітэце, па спецыяльнасці «тэхналогія і канструяванне швейных вырабаў». Потым замацоўвала адукацыю ў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце.

Фабрыка верхняга трыкатажу адкрылася ў Пінску яшчэ ў 1968 годзе. Некаторыя крыніцы пішуць, што на той момант гэта была найбуйнейшая ў Еўропе падобная вытворчасць.

Тым не менш, ужо ў часы незалежнасці фабрыка аказалася на мяжы банкруцтва. Лугіна ўзначаліла прадпрыемства ў 2014 годзе. Сама яна кажа: «На той момант думала, што праз нейкі час знойдуць больш вартую кандыдатуру».

«Пінская трыкатажная фабрыка загразла ў мільярдных стратах», — так у 2014 годзе пісала газета «Советская Белоруссія». Лугіна казала, што адразу адкінула магчымасць банкруцтва, бо гэта ляжа ценем на ўсю рэпутацыю «Палесся». Праз нейкі час прадпрыемству атрымалася выйсці ў прыбытак.

Хаця часы былі зусім няпростымі. Нават летась на прадпрыемстве частку заробкаў выплачвалі кансервамі і махровымі ручнікамі. Пры гэтым сярэднія заробкі там складалі ўсяго каля 300 рублёў.

Адзначым таксама, што Лугіна з’яўляецца дэпутатам Пінскага гарадскога савета дэпутатаў па Зорнай выбарчай акрузе №17.

Сёлета яна стала «Жанчынай года» Брэсцкай вобласці. Яна замужам, мае дваіх дзяцей. Жыве не ў Пінску, а ў катэджы ў вёсцы Галева за некалькі кіламетраў ад раённага цэнтра.

Аматар шашлыкоў у Мінбудаўніцтве

Сэлфі Ігара Касцюкова ў Кітаі. Фота з ok.ru.

Ігар Касцюкоў стаў першым намеснікам міністра архітэктуры і будаўніцтва. Ён родам з Круглага Магілёўскай вобласці. Там працягваюць жыць браты Аляксандр і Генадзь.

Апошнім часам Ігар Касцюкоў займаў пасаду начальніка галоўнага ўпраўлення будаўніцтва Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва.

Касцюкоў вядзе вельмі яркую старонку ў сацыяльнай сетцы Аднакласнікі. Разам з жонкай ён падарожнічае то ў Егіпет, то ў Ізраіль. Не саромеецца браць з сабой у вандроўкі сэлфі-палку.

Аднак выглядае, што сапраўднае хобі і захапленне чыноўніка — гэта ежа. Ён пяшчотна выкладае ў свой акаўнт шматлікія фоткі мясных нарэзак, а таксама бутэрбродаў.

«Не давяраю людзям, якія не любяць шашлыкі», — напісана ў яго. Мабыць, можна лічыць за жыццёвае крэда.

Шмат пастоў Касцюкоў напісаў на 9 Мая. Звычайна беларускага кантэксту ў ягоных «лайках» і «перапостах» зусім няма.

Малады ўзначаліў Жабінкаўскі раён

Віталь Кулак. Фота з ok.ru.

Новаму старшыню Жабінкаўскага райвыканкама Віталю Кулаку ўсяго 34 гады. Да гэтага ён узначальваў камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні ў Брэсцкім аблвыканкаме.

Кулак родам з Ляхавічаў. Там жа вучыўся ў аграрным каледжы. Пасля служыў у войску ў брэсцкім дэсанце. Атрымаў дыплом Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Аграномія», вучыўся там завочна.

Працаваць пачынаў «Брэстсортсемгародніна». Адтуль ужо яго забралі ў аблвыканкам.

Укантакце падпісана, што Кулак не жанаты і падпісаны на суполку «Говорить Ляшко».

Каментары5

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу1

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу

Усе навіны →
Усе навіны

Аляксей Дзікавіцкі расказаў, дзе будзе цяпер працаваць8

Даляр апусціўся за адзнаку 3,5 рубля3

У жонкі беларускага тэнісіста ў Пецярбургу сцягнулі залаты ланцужок4

Як у школьныя электронныя дзённікі трапіла рэклама піва? З'явілася тлумачэнне3

Манашак Свята-Елісавецінскага манастыра прагналі яшчэ з аднаго кірмаша ў Польшчы21

У Варшаве пачынаецца суд па справе згвалтавання і забойства беларускі Лізы2

У Брытаніі ідзе суд над балгарамі, якіх падазраюць у шпіянажы на карысць Расіі

Мінздароўя ўстанавіла нормы прыёму пацыентаў

«Было адчуванне, што людзі ўжо не хочуць вайны». Аляксей Ластоўскі аб наведванні Сірыі і рэжыме Асада як меншым зле15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу1

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу

Галоўнае
Усе навіны →