90-гадовага Фелікса Шкірманкова асудзілі на паўтара года зняволення з адтэрміноўкай
Паўтара года зьняволеньня з адтэрміноўкай на год — такі вырак вынес сёньня Слаўгарадзкі суд 90-гадоваму пэнсіянэру Феліксу Шкірманкову.
Яго пазбавілі на пяць гадоў правоў кіроўцы і абавязалі кампэнсаваць маральныя страты пацярпелай ад дарожна-транспартнага здарэньня, якое адбылося па ягонай віне. Акрамя таго, ён аштрафаваны на 30 базавых велічыняў за тое, што парушыў правілы дарожнага руху, стварыўшы тым самым аварыйную сытуацыю. Шкірманкоў мае аплаціць судовыя выдаткі і выдаткі, зьвязаныя з правядзеньнем экспэртызаў.
Сьледзтва высьветліла, што летась 9 лістапада Фелікс Шкірманкоў, едучы на сваёй машыне, зьбіў жанчыну на ровары. Тая ўпала і зламала сабе руку. Кіроўца зь месца здарэньня зьехаў.
Фелікс Шкірманкоў абавязаны выплаціць пацярпелай 5 тысяч рублёў маральнай кампэнсацыі. Абвінавачаны настойваў у судзе, што гэтая сума завялікая і не выключае, што будзе яе абскарджваць. Ён гатовы выплаціць ёй 1 тысячу рублёў. Разам з тым у апошнім сваім слове ён выбачыўся перад жанчынай. Пацярпелая ня здолела аргумэнтаваць, чаму запатрабавала ад адказчыка 5 тысяч кампэнсацыі.
Фелікс Шкірманкоў не прызнаў сваёй віны ў тым, што ён зьехаў зь месца здарэньня, каб унікнуць пакараньня. Паводле яго, выяжджаючы на галоўную дарогу, ён ледзьве не сутыкнуўся зь іншай машынай. Ягоная ўвага была засяроджаная на гэтым эпізодзе, а наезду на раварыстку ён не заўважыў, таму і зьехаў зь месца аварыі.
Разам з тым судзьдзя Аляксандар Курылін прызнаў Шкірманкова вінаватым у парушэньні правілаў дарожнага руху, у выніку якога чалавеку празь неасьцярожнасьць было нанесена цяжкае цялеснае пашкоджаньне. За гэты эпізод старога пакаралі годам пазбаўленьня волі. Шасьцю месяцамі зьняволеньня судзьдзя Курылін пакараў пэнсіянэра за тое, што той зьехаў зь месца дарожна-транспартнага здарэньня, пакінуўшы пацярпелую ў небясьпечным для яе здароўя стане.
10 сакавіка, у першы дзень судовага разбору, раённы суд задаволіў хадайніцтва Фелікса Шкірманкова аб адмене пастановы на арышт маёмасьці, вынесенай старшым сьледчым у асабліва важных справах аддзелу выкрыцьця злачынстваў супраць бясьпекі руху Сьледчага камітэту Магілёўскай вобласьці Пазьняковым.
Пад арышт трапіў банкаўскі рахунак, на які Шкірманкову пералічвалі пэнсію. У выніку 90-гадовы пэнсіянэр месяц жыў на дапамогу сяброў і разавую матэрыяльную выплату з фонду сацыяльнай дапамогі.
Разам тым на банкаўскім рахунку Фелікса Шкірманкова заблякаванымі засталіся ягоныя ашчаджэньні на суму больш як чатыры з паловай тысячы рублёў.
Каментары