У Беларусі сёння няма падаткаў, якія варта было б адмяняць. Такое меркаванне ў ходзе анлайн-канферэнцыі «Напрамкі падатковай палітыкі ў Беларусі ў 2015 годзе» на сайце БелТА выказаў намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко.
«Цяпер падатковая рэформа завершана. У нас няма шкодных падаткаў для эканомікі, якія трэба адмяняць. Да 2010 года быў падатак з продажаў, які дубліраваў ПДВ, былі адлічэнні з выручкі ў сельгасфонд, дарожны фонд. Мы з поспехам ад іх адмовіліся, таму сёння склад падаткаў можна лічыць аптымальным», — сказаў намеснік кіраўніка ведамства.
Ён звярнуў увагу, што ў Беларусі даходы бюджэту фарміруюць 5-7 асноўных падаткаў. Пры гэтым плацельшчыкі павінны выплачваць іх не ў кожным выпадку, інакш кажучы, напрыклад, ПДВ і падатак на прыбытак датычыцца ажыццяўлення бягучай дзейнасці, а акцызы — толькі тых прадпрыемстваў, якія вырабляюць і рэалізуюць падакцызныя тавары. Акрамя таго, па падатках, якія прымяняюцца ў Беларусі, даволі ліберальныя тэрміны выплаты — практычна па ўсіх яны штоквартальныя.
Дзмітрый Кійко канстатаваў: «Гаварыць аб тым, што нам неабходна адмяніць нейкі падатак, у прынцыпе, няма падстаў». Сведчаннем таго з'яўляецца паспяховы рух краіны ў рэйтынгу Сусветнага банка Doing Business.
«У нас колькасць падатковых выплат у год — 7, што значна ніжэй нават за развітыя краіны», — сказаў намеснік міністра. Хоць рашэнняў аб скарачэнні колькасці падаткаў у Беларусі прымаць не трэба, адзначыў намеснік міністра, не выключаецца магчымасць удасканаліць адміністраванне механізмаў спагнання кожнага падатку. «Напрыклад, у рамках экалагічнага магчыма далейшае скарачэнне аб'ектаў падаткаабкладання, як і ў рамках іншых падаткаў», — рэзюмаваў Дзмітрый Кійко.
Каментары