Музыка5656

Еўрабачанне: Ланская трапіла ў фінал - анлайн

Такім чынам у фінал трапілі: Малдова, Літва, Ірландыя, Эстонія, Беларусь, Данія, Расія, Бельгія, Украіна і Нідэрланды. Ча-ча-ча Ланской не ўражвала вакалам і вымаўленнем, але брала сэксуальнасцю. Калі б галасавалі не за песню, а за ногі, Ланская была б адназначна першай. Ну і сукенка, але ж. На яе сукенцы 70 тысяч стразаў Свароўскі. Калі ўзяць вагу адной з іх ды хаця б у паўграма, то Алене не пазайздросціш. «Каштуе сукенка 25 тысяч еўра. Апошнія два гады Беларусь у фінал не трапляла, таму гэта поспех ужо. Паводле букмекераў, шанцаў на перамогу ў Ланской няшмат: 100 да 1.

* * *

У Мальмё пачынаецца першы паўфінал «Еўрабачання» — «Наша Ніва» прапануе разам паглядзець і абмеркаваць конкурс поп-песні, які ў Еўропе застаецца простай забаўкай, а ў нас пераўтвараецца ў падзею нацыянальнай важнасці. Да таго ж менавіта сёння на конкурсе выступіць Алена Ланская, на якую букмекеры ставяць 100 да 1 і чый кліп набраў на YouTube два мільёны праглядаў.

Рэжысура цырымоніі адкрыцця была проста выдатнай. Песню «Эйфорыя» леташняй пераможцы Ларын спявалі дзеці. Спяваў хлопчык, а разам з ім — 168 дзяцей з парушэннямі слыху выконвалі яе на мігі. Гэта было ўзрушальна.

Летась Азербайджан убухаў у «Еўрабачанне» мільёны нафтадаляраў, а сёлета Швецыя зладзіла ўсё сціпла, але з якой сардэчнасцю! Упэўнены, што многія людзі не маглі стрымаць слёз пры выглядзе гэткай «Эйфорыі». Пры канцы песні да хору далучылася сама Ларын, а ў зале загарэлася тысячы агеньчыкаў — гэта засвяціліся браслеты на запясцях гледачоў. Запальваюцца гэтыя агеньчыкі з рэжысёрскага пульта.

Голас Ларын некалькі разоў дрогнуў ад прачуласці моманту. Пры канцы песні яна спусцілася ў залу і знікла сярод гледачоў. А на сцэне з’явілася шведская жанчына-комік, якая вядзе сёлетняе «Еўрабачанне».

Аўстрыя.

Наталля Келі — Shine

І першай, пасля цырымоніі адкрыцця (адной з самых яскравых за апошнія гады), выступае Наталля Келі з Аўстрыі: песню Shine пісалі адразу чатыры чалавекі, у выніку атрымалася поп-музыка канца нулявых. Прыпеў запамінальны — не горш чым у букмекерскай фаварыткі з Даніі. Шоў Келі яскравым не назавеш, аднак на Захадзе зараз увогуле заўважная тэндэнцыя да спрашчэння візуальнага шэрагу.

Эстонія. Біргіт Ыйгемеэль — Et uus saaks alguse

Эстонка Біргіт Ыйгемеэль спявае на роднай мове, што робіць звычайную перасалоджаную баладу з вялікай колькасцю клавіш адметнай. Калі б было па-англійску, гучала б горш. Сама Біргіт — выпускніца эстонскага аналага «Фабрыкі зорак», якая часам удзельнічае ў пастаноўках п’ес Шэкспіра. На сцэне яна глядзіцца больш упэўнена, чым у кліпе.

Славенія

Хана Манчыні — Straight into Love

Вось яна! Першая за сёння песня са Словам «Каханне» ў назве і бессмяротным радком Here comes the night. Амерыканка з Паўночнай Каліфорніі Хана Манчыні ўжо не першы год пражывае ў радыёэфіры Славеніі. Дарэчы, тэндэнцыі сучаснай поп-музыкі яна, а таксама тыя пяць чалавек, якія пісалі для яе песню, адчуваюць. Але пытанне, што тут пісаць ажно пяці аўтарам, застаецца адкрытым.

Харватыя

Klapa s Mora — Mizerja

Харватыя сёлета падстаўлена гуртом з шасці вакалістаў — басы, барытоны, тэнары. Усё гэта гучыць прыгожа, а без электронных бубнаў было б яшчэ лепш. Прэтэндаваць на перамогу тут не даводзіцца, дый гурт і без Еўрабачання выглядае самадастаткова. Жанр «Клапа» гэта традыцыйная музыка харватаў, прызнаная сусветна значнай культурнай спадчынай. За апошнія некалькі гадоў склалася ўражанне, што Харватыя не столькі імкнецца перамагчы на Еўрабачанні, колькі паказаць сваю нацыянальную культуру. А гэта, дарэчы, вартая ідэя. А ў выпадку «Клапы з мора» яшчэ і вельмі прыгожая.

Данія

Эмілі дэ Форэст — Only Teardrops

А вось і фаварытка, вядомая тым, што аднойчы сказала, што яе прапрабабуля — каралева Вікторыя. Не ведаем, ці гэта ёй неяк дапамагло, але настолькі тыповай для Еўрабачання песні сёння яшчэ не гучала. Тым не менш, некаторыя букмекерскія канторы робяць на яе стаўку адзін да аднаго. Пасля праслухоўвання песні цікава не столькі тое, у чым жа тут цудоўны патэнцыял, колькі яшчэ раз спытацца, што харвацкі хор і яму падобныя шукаюць на гэтым конкурсе? Пра Вікторыю, дарэчы, няпраўда.

Расія

Дзіна Гарыпава — What If

Голас у Дзіны Гарыпавай выбітны, ды і харызме шмат хто мог бы пазайздросціць. А вось з песняй выйшла прамашка — па-першае, яна падобна на іншыя дзве песні, па-другое, як трапна заўважылі аглядальнікі Gazeta.ru, надта ўжо песня ў яе касмапалітычная. Усё ж такі песні пра «мір ва ўсім свеце» і таму падобнае рэдка бываюць геніяльнымі. З іншага боку, магло ж быць пра каханне. А тут яшчэ невядома што горш. Выступіла Дзіна ўпэўнена, але, паўтаруся — радкі пра «калі б мы закапалі зброю» гучаць на Еўрабачанні недарэчна.

Украіна

Злата Агневіч — Gravity

Злата Агневіч ва Украіне ўжо некалькі год як вядомая спявачка — пабывала тварам шэрагу рэкламных кампаній, запісала з дзясятак песняў, сярод якіх нават гімн «Артэка». Букмекеры абяцаюць ёй срэбра па выніках Еўрабачання. Пра песню дадаткова сказаць, што такія трэкі звычайна і становяцца пераможцамі Еўрабачання — поп з мелодыяй і добрым вакалам.

Нідэрланды

Анук — Birds

Скажам шчыра, шансаў у Анук мала — яна болей нагадвае той тып спявачак, якія не гоняцца за перамогамі на конкурсах. Тым не менш яна запісала ўжо дзесяць альбомаў, тэмбр яе голаса не ўкладаецца ў радыёстандарт. Тая самая сітуацыя, што і з Харватыяй — артыстам такога кшталту Еўрабачанне не пасуе. Анук нагадвае брытанскую femme fatale Марыяну Фэйтфул і, магчыма, з часам стане спявачкай з такім самым аўтарытэтам.

Чарнагорыя

Who See і Ніна Жыжыч — Igranka

Чарнагорыя сёлета вырашыла здзівіць Еўрабачанне рэперамі ў скафандрах, але каб у мэтавай аўдыторыі не здарылася надта моцнага шоку, да рэпераў далучылі поп-спявачку Ніну Жыжыч. У выніку — песня, якая будзе абсалютна адэкватна глядзецца на каналах кшталту «Еўропа Плюс», дзе ёй самае месца. А за кулісамі ўжо рыхтуецца Алена Ланская.

Літва.

Андрус Паявіс — Something

Літовец Андрус Паявіс выступае з тыповай поп-песняй, натхнённай гуртамі, назвы якіх пачынаюцца на The і сканчваюцца на «s». Раней гэта называлася індзі, але цяпер часы змяніліся. Але букмекеры не бачаць у Павіса патэнцыяла для перамогі. І праўда, мода на такую музыку скончылася яшчэ гадоў пяць таму.

Беларусь

Алена Ланская — Solayoh

І вось галоўная падзея сённяшняга паўфінала — Алена Ланская прыехала ў Мальмё з нядрэннай песняй.

«Песня Алёны пра далёкую планету Салеа, дзе няма шэрых будняў і адзінокіх людзей», — прэзентуе беларускі каментатар. Ён адзначае, што Ланская карыстаецца папулярнасцю ў журналістаў, «і ад фанатаў няма адбою». Украінскія каментатары адзначаюць, што ў мінулым годзе Ланскую адхілілі ад конкурса праз масавыя пратэсты ў прэсе.
Да таго ж украінцы падкрэсліваюць, што Алена Ланская — самая маладая Народная артыстка Беларусі. Спявачка з’явілася на сцэне з серабрыстага шара. У якасці спецэфекту перад сцэнай падчас песні Ланской раз-пораз успыхвае агонь.

Пэўны драйв у ёй ёсць. А яшчэ на яе сукенцы 70 тысяч стразаў Свароўскі. Калі ўзяць вагу адной з іх ды хаця б у паўграма, то Алене не пазайздросціш. «Каштуе сукенка 25 тысяч еўра, Беларусь багатая краіна» — жартуюць украінскія каментатары. Шансы трапіць у фінал ёсць, аднак не далей.

Малдова

Алёна Мун — O mie

Другі выпадак за першы паўфінал, калі неанглійская мова ратуе песню, якая б забылася праз 30 секунд яе гучання, калі б выконвалася па-англійску. Калі забараніць удзельнікам Еўрабачання спяваць балады пад раяль, то конкурс мог бы стаць нашмат цікавейшым.

Ірландыя

Райан Далан — Only Love Survives

А гэта для тых, хто засумаваў па слове «каханне» у назве песні. Ірландцы добра ўхапілі тэндэнцыю напісання радыё-поп-песні, якой загадваюць іх суседзі англічане. У выніку складаецца ўражанне, што гэтую песню мы ўжо дзесьці чулі. Прычым не раз. Хаця, магчыма, у гэтым і ёсць поп-музычная праўда. Выступоўцаў з Ірландыі беларускі каментатар назваў «ірландскімі няшкамі», украінцы ж палічылі яго самым перспектыўным спеваком Ірландыі. І дзе праўда?

Кіпр

Дэспіна Алімпіў — An Me Thimase

А вось яшчэ адна спявачка, чыя кар’ера склалася без Еўрабачання — у дыскаграфіі Дэспіны ўжо восем альбомаў, часткова запісаных у ЗША і Канадзе. Наўрад ці такая песня дабярэцца да фінала Еўрабачання, аднак усялякае можа здарыцца. Прынамсі, чым яна горш за песню з Даніі, ведаюць толькі букмекеры, якія ставяць яе на апошняе меца ў рэйтынгу.

Бельгія

Раберта Белароза — Love Kills

«Каханне забівае» — паведамляе нам спявак Раберта Белароза, песня якога прыйшла прыблізна з тых самых часоў, што і песня Алены Ланской. Моцны акцэнт выканаўца і слабае гучанне песні падказвае, што ў фінале мы ўжо не ўбачымся. Хаця тут усялякае бывае. Варта заўважыць, што цяпер яго выступ выглядае лепш, чым у прома-версіі. Але ставіць на яго грошы я б не раіў.

Сербія

Moje 3 — Ljubav je svuda

Сербскі гурт Moje 3 створаны ў 2013 годзе, хіба акурат для конкурса. Склад: адна бялявая, адна чарнявая, а трэцяя проста рудая. Па такім прынцыпе гурты ствараюцца па ўсім свеце, ад ЗША да гурту Віктара Каліны. Назва песні перакладаецца як «Каханне паўсюль». Каментары залішнія. Дарэчы, рудую да паўфінала падфарбавалі ў больш цёмны колер, але песню гэта не выратуе.

Такім чынам першы паўфінал скончыўся. Чакаем вынікаў. Як нехта мудра заўважыў, пасля сённяшняга хакея адна надзея на Ланскую.

Апытанка

Каментары56

У Беларусі з'явіўся народны паэт5

У Беларусі з'явіўся народны паэт

Усе навіны →
Усе навіны

Сёння — чарговы суд над палітзняволеным журналістам Ігарам Карнеем. Некалькі месяцаў яго трымаюць у памяшканні камернага тыпу1

Колькі беларусам трэба для камфортнага жыцця?3

Як у Мінску запалілі галоўную ёлку ФОТЫ3

Ва Украіне паспяхова выпрабаваная новая ракета «Рута»3

Запісацца на візу хутчэй можна праз «радары». Пра што размова?7

Былы міністр абароны Паўднёвай Карэі спрабаваў скончыць жыццё самагубствам

Расійскія Таганрог і Бранск падвергнуліся атацы2

Марафон рэпрэсій не спыняецца. Паказваем жахлівыя лічбы8

Спікер парламента Наталля Качанава разбіралася з ляхавіцкай маршруткай4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларусі з'явіўся народны паэт5

У Беларусі з'явіўся народны паэт

Галоўнае
Усе навіны →