Архіў

Беларусь стварае сакрэтную звышзброю

Недарагую. Рэпартаж Алеся Кудрыцкага з выставы зброі «MILEX-2005». Непадалёк ад праспэкту Машэрава езьдзяць робаты. Яны вышукваюць сабе дарогу з дапамогай мініятурных відэакамэраў, абмацваюць клюшнямі перашкоды ды скубуць сьвежую траву гусеніцамі. Не, гэта ня здымкі блякбастэру пра прыгоды касьмічных рэйнджараў. Гэта — вучэбны дэмантаж выбуховага прыстасаваньня. Натоўп гледачоў складаецца з моцнай паловы чалавецтва — мужчынаў сярэдняга веку ў чорных акулярах, вайскоўцаў, якія здымаюць манэўры робатаў на відэа, адсунуўшы на патыліцу высокія фуражкі, ды хлопчыкаў, што глядзяць з разяўленымі ратамі на гульні мэталёвых цягліцаў.

Кожны, хто заходзіць на выставу, адразу натрапляе на стэнд «БелОМА». Пад шклом раскладзеныя аптычныя прыцэлы ды лязэрныя ўказальнікі цэлі. Выбар уражвае. Скамечыўшы рукавы пінжака, мужчына, падобны да турка, прафэсійным рухам ускідае новенькі «Калашнікаў» угару ды прыцэльваецца, прыціснуўшы вока да нашпігаванай оптыкай трубачкі відашукальніка. Адмысловец «БелОМА» апавядае пра асаблівасьці прыцэлу, перакладчык тлумачыць іх па-ангельску.

За стэндам «Белспэцзьнештэхніка» сядзяць дзьве дзяўчыны-мэтыскі, якія шчодра прэзэнтуюць гледачам сваю па-лятынаамэрыканску смуглявую скуру. Здаецца, яны прыехалі сюды з партызанскага лягеру, схаванага недзе на схілах Андаў, асабліва, калі ўлічваць іх камуфляж ды вайсковыя кепкі. Асьцярожна пазіраючы на «партызанак», гартаем каталёг. «Супрацьтанкавы комплекс «Фагот-М». Бронепрабівальнасьць — 550 мм». Ахвотна верыцца.

Побач на стэндзе — мінамёт. Хлопчык цэліцца ў тату. Абодва ўсьміхаюцца. Бацька акуратна адводзіць рулю ад свайго страўніка ды пяшчотна трэпле сына па галоўцы.

Крэсла з прапэлерам

Зь іншага боку «Белспэцзьнештэхніка» прэзэнтуе цалкам унікальны экспанат — крэсла з прапэлерам ззаду. Вось яна, нязьдзейсьненая мара пра Карлсана! Праўда, калі ва ўяўленьні паўстае карціна тэрарыста-сьмертніка, які ляціць на такім зэдліку да сваёй злачыннай мэты, на крэсла пачынаеш паглядаць падазрона. Зрэшты, з такога крэсла (для парапляну?) можна таксама аналізаваць ход пасяўной кампаніі.

Чатыры афіцэры-арабы ў блакітных мундзірах ды фуражках, шчодра вышытых золатам, уважліва прыглядаюцца да партатыўнага лятальнага апарату ды ловяць кожнае слова прадстаўніка фірмы, які тлумачыць прынцып ягонага дзеяньня. «І выстава, і беларуская зброя ўвогуле робяць на мяне вельмі добрае ўражаньне», — на цудоўнай ангельскай кажа палкоўнік Ганім з Вайскова-паветраных сілаў Катару, які прыехаў на выставу па запрашэньні беларускага ўраду. «Я бачу шмат новых распрацовак. Мы вельмі зацікаўленыя ў тым, каб пазнаёміцца зь імі, сустрэцца зь людзьмі, якія імі займаюцца». Але казаць пра канкрэтныя мэты візыту ахвочых няма. Увагу прыцягвае тузін цемнаскурых мужчынаў у цывільным. Як выяўляецца, гэта прадстаўнікі ВПС афрыканскай краіны Эрытрэя (насельніцтва 4 млн чалавек). «Нам усё тут вельмі падабаецца». — «Ці плянуеце заключаць якія-небудзь кантракты?» — «Не. Мы тут, каб паглядзець на тэхніку і падумаць пра будучае супрацоўніцтва».

Віртуальная вайна

Паглядзець сапраўды ёсьць на што. НДІ ЭВМ прэзэнтуе сыстэму падтрымкі стэрэаскапічнага дэшыфраваньня. Тэлеэкран, на ім — расплыўчатая выява мясцовасьці, зьнятай, відаць, з самалёта ці мо са спадарожніка. Але варта начапіць акуляры (адно шкельца аранжавае, іншае — блакітнае), і перад табой паўстае трохмерная аб’ёмная выява.

А ў гэты час на стэндзе «Белтэхэкспарт» ідзе віртуальная вайна. Апранаеце адмысловы шлем-акуляры, бераце ў рукі муляж «стынгера» ды зьбіваеце сабе самалёты. Тыя, хто наважваецца пагуляцца ў Рэмба, крыху расчараваныя — яны чакалі поўнага пагружэньня ў вайсковыя дзеяньні, а трапілі ў просьценькую мульцяшку, хіба што зь неблагімі гукавымі эфэктамі. «Што ж вы хацелі, — абураецца чалавек ля стэнду. — Гэта — сымулятар бою, створаны для трэніроўкі».

На стэндзе «Мінатор-Сэрвіс» — тое, што магло б зрабіцца гваздом выставы, каб не было ўжо паказанае два гады таму на «MILEX-2003». «Сталкер», нябачная для радараў баявая разьведвальна-дывэрсійная машына, драпежна нахіліла сваю пляскатую башню. Яна пакрытая шурпатай, падобнай да асфальту маскіроўкай ды жоўтай засохлай глінай. Па тэлевізары побач паказваюць «Сталкер» у дзеяньні. Ён імчыць па вуліцы тыповага блізкаўсходняга мястэчка, падскокваючы на ўзгорках. Вакол — арабскія надпісы. Здаецца, што глядзіш жывы рэпартаж з чарговай гарачай кропкі, і ад гэтага робіцца ніякавата. Але нарэшце ў экран трапляе шыльда па-ангельску, і ты ўздыхаеш з палёгкай: танк выпрабоўвалі не ў вулічных баях, а на адной з выставаў у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах.

Беларускі «Хамэр»

Сусед «Сталкера» па стэндзе — хуткасная машына 3Т. Дык вось які ты, беларускі «Хамэр» — браніраваны кабрыялет на гусеніцах!

Удзельнікі выставы не абмінулі ўвагай і аматараў моды. Тут можна нават набыць блакітную міліцэйскую кашулю з кароткім рукавом за 17 420 рублёў.

Для аматараў больш трывалай вопраткі — бронекамізэлькі. Нацыянальная акадэмія навук прыцягвае наведнікаў экзэмплярамі ахоўных камізэлек, у якіх заселі кулі, а расейская фірма «Армакам» заваблівае элегантнымі белымі дамскімі мадэлямі, падобнымі да топікаў. Цана — 250—300 даляраў. Ня так і дорага, калі размова вядзецца пра жыцьцё і сьмерць.

Тутака і каскі. Асабліва прыгожа глядзіцца чорны шлем «Скат», дужа падобны да натаўскага. На ілбе — вышчарбінка. Куля не прайшла.

Свой стэнд мае і Выбухатэхнічны ды кіналягічны цэнтар унутраных войскаў МУС. Праўда, найбольш цікавыя экспанаты прэзэнтаваныя на сьвежым паветры. Гэта іх робаты абясшкоджваюць міны, гэта іх сабакі ладзяць паказальныя выступы. Аўчары хапаюць «злачынцаў» за рукавы, не лякаючыся аўтаматных стрэлаў, спаніэлі вынюхваюць выбухоўку. І ўсё гэта пад фон песьні Сокалава-Воюша «Мне краёў чужых ня трэба...», які ліецца з дынамікаў на плошчу... Данчык? Барткевіч?

Амэрыканскія бомбы стануць бессэнсоўнымі

На вуліцы знаходзяцца тыя экспанаты, якія па вызначэньні нельга зьмясьціць пад дахам. Вось, напрыклад, камандна-штабная машына зэнітна-ракетнага дывізіёну «Бук-МБ». Уваход ахоўваюць дзяўчаты з бэджыкамі «Агат». Зазіраем усярэдзіну. У паўзмроку таямніча сьвецяцца маніторы кампутараў, на іх — мапа мясцовасьці.

Перад галоўным уваходам разгорнуты комплекс «Пячора». Шэрыя ракеты нацэльваюцца ў бок шматпавярховак Вясьнянкі, на хвіліну спыняюцца, потым пераводзяць свой суворы позірк на футбольны манэж. Побач шалёна круціцца радар. Але комплекс не паражае наземных цэляў: ён страляе па мішэнях, што лятуць з хуткасьцю 900 км/г у радыюсе некалькіх дзясяткаў кілямэтраў.

Гэты комплекс быў народжаны яшчэ за саветамі, таму яму пэрманэнтна даводзіцца змагацца са старасьцю. Дактарамі выступаюць адмыслоўцы прыватнага ўнітарнага прадпрыемства «Тэтраэдр», якое аб’яднала каля 100 былых вайсковых інжынэраў ды канструктараў.

Андрэй Вахоўскі, генэральны дырэктар ды галоўны канструктар «Тэтраэдру», распавёў журналістам у дзень адкрыцьця выставы пра пляны прадпрыемства. Ён назваў Расею «галоўным нашым стратэгічным саюзьнікам», а вось тыя краіны, у якія «Тэтраэдр» прадае мадэрнізаванае ўзбраеньне, пералічваць пазьбягаў. Таму, распавядаючы пра месца правядзеньня найбліжэйшых выпрабавальных стрэльбаў «Пячоры» ў траўні, ён абмежаваўся фразай «у адной афрыканскай краіне».

Андрэй Вахоўскі цалкам салідарызаваўся з Пуціным, які назваў распад СССР «найвялікшай геапалітычнай катастрофай», а таксама падкрэсьліў, што апошняя вайна ў Іраку была грубай агрэсіяй.

Калі амбітныя пляны «Тэтраэдру» зьдзейсьняцца, дык агрэсіям, трэба меркаваць, прыйдзе канец. Ці, як найменей, вы-карыстаньню звышдакладнай зброі. Найноўшая ракетная сыстэма, якую распрацоў-вае «Тэтраэдр», мае зрабіць звышдакладныя бомбы ды ракеты бессэнсоўнымі. Сыстэма, аналягаў якой, па словах дырэктара «Тэтраэдру», няма нідзе ў сьвеце, будзе прэзэнтаваная на «MILEX-2007». Гэта будзе зэнітна-ракетны комплекс звышмалой дальнасьці, прызначаны для барацьбы з высокадакладнай зброяй.

Што гэта значыць? Уявіце, што вайсковы самалёт скідае бомбу, якая наводзіцца на бункер, адкуль вядзецца кіраваньне войскамі праціўніка. Зьнішчыць такую ракету ці бомбу ў палёце вельмі складана, бо яна можа мець розную траекторыю. Але на апошняй стадыі падлёту да мэты яе траекторыя выпрастоўваецца. І ў гэты момант (размова ідзе пра адну-дзьве сэкунды) у дзеяньне будзе ўступаць новая беларуская зброя, якая вылічыць тую траекторыю ды зьнішчыць звышдакладную ракету да таго, як яна патрапіць у аб’ект.

Лёгіка падказвае, гэты комплекс ня зможа «закрыць» усю краіну — звышмалая дальнасьць (ад некалькіх сотняў мэтраў да адзінак кілямэтраў) гэтага не дазволіць. Абарона будзе весьціся кропкава, пад «парасон» патрапяць толькі пэўныя асабліва важныя аб’екты — пункты камандаваньня, урадавыя будынкі...

Што да выгляду тых комплексаў, дык гендырэктар «Тэтраэдру» параіў шукаць правобраз у дзіцячых мульціках пра зоркавыя войны, якія вядуць робаты-трансформэры. «Нетрадыцыйны падыход да ціску на балявыя кропкі павінен даць добры вынік», — мяркуе А.Вахоўскі і падкрэсьлівае, што гэта будзе нескладаная і недарагая зброя. «Мы ў стане загрузіць рынкі сьвету сваёй прадукцыяй».

«Аса», адаптаваная да натаўскіх ракетаў

Зрэшты, са словаў дырэктара «Тэтраэдру», прадпрыемства ў палітыку ня лезе ды супрацоўнічае зь любымі краінамі ў рамках рэзалюцый ААН. Галоўнае, каб была выгадная прапанова. Гэтак, мадэрнізаваны прадпрыемствам комплекс «Аса» цяпер рыхтуюць для выкарыстаньня разам з ракетамі, якія стаяць на ўзбраеньні краінаў NATO. Пасьля адпаведнай мадэрнізацыі «Асы», натаўскія ракеты з тэлекіраваньнем ды палепшанымі баявымі характарыстыкамі можна будзе ставіць на гэты комплекс, што адкрые для яго новыя рынкі.

Калашнікаў і «Флёкс»

Зрэшты, словазлучэньне «зброя, аналягаў якой няма ў сьвеце» — сталы тэрмін у лексыконе вытворцаў узбраеньня. Гэтак, Андрэй Раманаў, генэральны дырэктар расейскага ААТ «Абарончыя сыстэмы», заявіў, што іх мадыфікацыя комплексу «Пячора» ня мае аналягаў у сьвеце, і гэта ў той час, як на Машэрава, 14 дэманстраваўся яшчэ адзін варыянт «Пячоры» — беларускі, са словаў ягоных распрацоўшчыкаў — ня менш унікальны.

Канкурэнцыя на рынку ўзбраеньняў вельмі вострая. «MILEX-2005» наведаў нават генэрал-лейтэнант Міхаіл Калашнікаў. Стваральнік легендарнага аўтамата-бэстсэлеру — невысокі стары, які, здаецца, ніколі не здымае з грудзёў дзьве залатыя зоркі.

На пытаньне пра аўтамат «Флёкс», які меўся зрабіцца беларускім канкурэнтам «Калашнікава», генэрал адказаў даволі міралюбна: «Мая зброя не закрывае магчымасьцяў канкураваць з маімі ўзорамі. Нам трэба ўмацоўваць абароназдольнасьць кожнай з нашых краінаў. Калі хто лепш зробіць — я першы пацісну руку».

Войны зьнікнуць, зброя — ніколі

Ці зьнікнуць калі-небудзь войны? Наўрад ці. «На жаль, у прыродзе людзей прысутнічае агрэсіўнасьць ды недавер да сабе падобных, — мяркуе А.Вахоўскі. — Трэба мець моцныя цягліцы, каб быць спакойнымі». Але, на думку генэральнага дырэктара «Тэтраэдру», праз 20—30 гадоў войны ў цяперашнім выглядзе могуць зьнікнуць. Ён мяркуе, што на першы плян можа выйсьці псыхалягічная ды інфармацыйная вайна, псыхатропная зброя.

Але пакуль да гэтага далёка, і гандаль зброяй нясе дзяржавам шалёныя прыбыткі. А ці можна зарабіць асабістае багацьце на гандлі зброяй на постсавецкай прасторы, скажам, у Расеі? Уладзімер Паляшчук, кіраўнік расейскай дэлегацыі на «MILEX-2005», намесьнік дырэктара Фэдэральнай службы па вайскова-тэхнічным супрацоўніцтве Расеі, быў шчырым: «Тэарэтычна ўсё магчыма», — адказаў ён і ўсьміхнуўся.

Каментары

Лукашэнка просіць выратаваць яго ад Пуціна — меркаванне Чалага

Лукашэнка просіць выратаваць яго ад Пуціна — меркаванне Чалага

Усе навіны →
Усе навіны

На Нобелеўскую прэмію міру сёлета прэтэндуе 286 кандыдатаў

Вядучая Бі-бі-сі выпадкова адправіла пытанні Борысу Джонсану перад інтэрв'ю. Інтэрв'ю прыйшлося адмяніць

Ганец з Ірана ехаў папярэдзіць Насралу, што Ізраіль збіраецца таго забіць. Абодва загінулі ў бункеры2

«Я тупіў. І сумняваўся. І рваўся паміж некалькімі пачуццямі. І цяпер мне сорамна». Кранальнай гісторыяй падзяліўся беларускі святар3

Праўладны блогер пахваліўся, што атрымаў смешны маёмасны падатак. Але ў каментарыях яго прымусілі раскрыць праўду5

У Новай Баравой машына на поўным ходзе збіла двух пешаходаў7

Франака Вячорку ўключылі ў спіс «тэрарыстаў»19

Стала вядома прыблізнае месца падзення расійскага БПЛА ў Калінкавічах7

«Мы селі і сядзелі, а што рабіць?» У Старадарожскім раёне тры пенсіянеркі правялі цэлую ноч у лесе1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка просіць выратаваць яго ад Пуціна — меркаванне Чалага

Лукашэнка просіць выратаваць яго ад Пуціна — меркаванне Чалага

Галоўнае
Усе навіны →