Пяскоў: Расія катэгарычна адхіляе любыя абвінавачванні ў забойствах цывільных людзей у Бучы
Масква катэгарычна адхіляе любыя абвінавачванні ў забойствах цывільных грамадзян у Бучы і прапануе абмяркоўваць гэтую тэму на максімальна высокім узроўні. Пра гэта журналістам заявіў прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў.
Адпаведнае пытанне прагучала ад журналіста «Коммерсант FM», піша Meduza.io.
«Уласна, ужо ўчора вельмі аператыўна была прадстаўленая інфармацыя, быў дадзены каментарый нашым міністэрствам абароны. Гэтая інфармацыя павінна быць падвергнутая сур'ёзнаму сумневу. З таго, што мы бачылі, відэаматэрыялам шмат у чым нельга давяраць, бо там у наяўнасці выяўленыя нашымі спецыялістамі з Мінабароны прыкметы відэападлогаў і розных фэйкаў тых ці іншых. Факталогія, каляндарная паслядоўнасць падзей таксама не гаворыць на карысць дакладнасці гэтых сцвярджэнняў. Мы катэгарычным чынам не прымаем любыя абвінавачванні. Больш за тое, мы лічым, што гэтая тэма павінна абмяркоўвацца на максімальна высокім узроўні. Таму была наша ініцыятыва разгледзець гэтую тэму ў Радзе бяспекі ААН. Ведаем, што гэтая ініцыятыва была заблакаваная. Нашы дыпламаты працягнуць актыўныя намаганні з тым, каб прасунуць ўсё-ткі гэтае пытанне на парадак дня Рады бяспекі. Тэма занадта сур'ёзная», — заявіў Пяскоў.
Ён заклікаў заходніх лідараў «не спяшацца з агульнымі абвінавачваннямі», а запытаць інфармацыю з розных крыніц і «як мінімум прыслухацца» да аргументацыі Масквы.
Каментары